Дамову паміж расейскімі ўладамі і каралём Рэчы Паспалітай можна лічыць першым крокам да першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Генэрал Мікалай Рэпнін        commons.wikimedia.org

 

Варшаўскі трактат стаў прыкладам поўнай страты Рэччу Паспалітай сваёй унутранай незалежнасці, калі асноўныя пытанні краіны вырашаліся наўпрост Расеяй.

Пачалося ўсе з абрання на трон караля Рэчы Паспалітай Аўгуста Панятоўскага ў 1764 годзе. Спробы Чартарыйскіх, якія спадзяваліся правесці рэформы па цэнтралізацыі дзяржавы і яе мадэрнізацыі, абапіраючыся на Расею, напаткалі сур’ёзны супраціў, як унутры Рэчы Паспалітай, так і з боку Расеі. Апошняя не жадала зменаў у Рэчы Паспалітай і безагаворачна прымушала ўлады Рэчы Паспалітай прымаць выгадныя ёй рашэнні.

Галоўнай фігурай у гэтых справах быў князь Мікалай Рэпнін, які рэалізоўваў палітыку Пецярбурга ў Варшаве.

З мэтай аслаблення і стварэння ўнутраных канфліктаў у Рэчы Паспалітай, Рэпнін выкарыстоўваў так званае пытанне дысыдэнтаў, то бок не каталіцкага насельніцтва, і імкнуўся зраўняць іх правы з католікамі.

Апроч розных інтрыг і гульняў для ціску на Рэч Паспалітую выкарыстоўваліся расейскія войскі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай дзеля падтрымкі так званых канфэдэрацый. Асноўнай была Слуцкая канфэдэрацыя, утвораная праваслаўнымі і пратэстантамі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў 1767 годзе.

У 1767 годзе Рэпнін арганізаваў паседжанне Сэйма, які атрымаў назву “Рэпнінскага”. На гэтым Сэйме разглядаліся пытанні, звязаныя са зраўнаннем правоў католікаў і не католікаў. Сэйм таксама распрацаваў дамову паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай, якая замацоўвала правы не католікаў. Дамова давала праваслаўным і пратэстантам магчымасць займаць найважнейшыя пасады ў краіне, акрамя каралеўскай пасады, пры змяшаных шлюбах дочкі прымалі веру па маці, сыны па бацьку. Расея таксама брала на сябе абавязак быць гарантам межаў Рэчы Паспалітай і яе законаў.

24 лютага 1768 Варшаўскі трактат быў падпісаны расейскімі ўладамі і каралём Рэчы Паспалітай. Ён выклікаў абурэння часткі шляхты, якая не пагаджалася на беспардоннае ўмяшальніцтва Расеі. Была ўтворана Барская канфэдэрацыя, якая распачала вайсковыя дзеянні супраць лаялістаў і расейцаў, што ў сваю чаргу прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Павал Усаў, Польскае Радые

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: