Аб’яднанне ўсіх “правільных патрыятычных сіл” не за гарамі

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Так званая “Вялікая размова” з пераседжаным, якую ўсё яшчэ працягваюць абсмоктваць у прэсе, заслугоўвае ўвагі найперш яе фарматам. Сабралі ж не толькі журналістаў цалкам ці часткова залежных ад галоўнага актора СМІ. Яшчэ там былі і “прадстаўнікі грамадскасці”, аб’яўленыя сапраўднымі патрыётамі, у адрозненне ад незапрошанай “5-й калоны”.

statkevich

Насамрэч мы маем справу з рэпетыцыяй утварэння, ўмоўна кажучы, “Патрыятычнага фронта”, які створаць нібыта дзеля абароны незалежнасці ад маскоўскіх агрэсараў. Бо гэтыя агрэсары ў сваёй нялюдскасці і бесчалавечнасці пасмелі заўпарціцца ў павышэнні грашовага ўтрымання ўнікальнай беларускай эканамічнай мадэлі. Таму вось створаць “Патрыятычны фронт”, запросяць туды прафесійных халуёў на службовых акладах, халуёў без акладаў, палітычных блазнаў розных відаў, асабліва законапаслухмяных апазіцыянераў і “прыхільнікаў мірных перамен”. Захад зацэніць такую еднасць і адваліць грошай на нашую ўнікальную мадэль, нягледзячы на недарэчныя патрабаванні рэформаў асобных разумнікаў з МВФ. Безумоўна, даверыць святую справу абароны незалежнасці і дапусціць у новаствораны “Фронт” набяспечных тыпаў з “5-й калоны” ніяк нельга. Да таго ж, усе яны амаль пагалоўна крымінальнікі.

Гледзячы па ўсяму, рэпетыцыя прайшла ціха, спакойна і прыстойна. Усе статысты спраўна выконвалі сваю асноўную задачу – маўчаць, цярпець і нават не прасіцца ў прыбіральню. Так што аб’яднанне ўсіх “правільных патрыятычных сіл” не за гарамі. Упэўнены, што Макей ужо прадае гэтую ідэю лёгкаверным еўрапейцам.

Мікола Статкевіч