Мы ўвесь час хістаемся: адной нагой у Расеі, другой у Еўропе. І ўзнікае пытанне – ці доўга мы яшчэ будзем так стаяць у раскараку?». Доктар гістарычных навук, аўтар і вядоўца цыклу праграмаў на «Белсаце» «Загадкі беларускай гісторыі» Алесь Краўцэвіч мяркуе, што для беларусаў надышоў час рабіць выбар.

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч

Курс вядомага гарадзенскага гісторыка «Беларусь у еўрапейскім кантэксце» стаў даступным кожнаму гарадзенцу. Першая лекцыя была прысвечана вандроўкам народаў і пачаткам Беларусі.

Гэты цыкл – спроба факталагічна паказаць, што еўрапейская гісторыя з’яўляецца неад’емнаю часткаю гісторыі Беларусі, што фундамент беларускай ментальнасці будаваўся на еўрапейскім індывідуалізме і пашане да правоў чалавека.

«Я вагаю лодку ў бок Еўропы і ўвесь час паказваю, што мы стагоддзямі былі Еўропай, па ментальнасці мы – еўрапейцы, што расейская дзяржаўнасць нам чужая, што мы індывідуалісты. Расейская дзяржаўнасць – гэта дзяржаўнасць азіяцкага тыпу, якая апяруе масамі. Традыцыя расейскай дзяржаўнасці – гэта «чалавек – цаглінка» для пабудовы дзяржавы, а традыцыя заходне-еўрапейскай дзяржаўнасці – чалавек мае правы. Асоба.

У гэтым вялікая розніца. Напрыклад, мы жылі паводле Статута Літоўскага, аднаго з лепшых кодэксаў права ў Еўропе, у нас было магдэбургскае самакіраванне. А ў Расеі самакіраванне гарадоў з’явілася толькі ў другой палове ХІХ-га ст. Расейскія гарады кіраваліся дэспатам і зараз нават з навінаў, якія нам навязваюць праз расейскае тэлебачанне, можна пабачыць, што жыццё ў Расеі каштуе вельмі танна. Гэта іх традыцыя. Нашая – еўрапейская. Павага да індывідуальнасці, павага да правоў чалавека, самастойнасць чалавека», – лічыць гісторык.

«Калі яшчэ расейцы далучылі нас, то здзіўляліся, што яны прывыклі жыць вялікімі абшчынамі, 3-4 пакаленні, калі дзед кіруе сям’ёй у 40 чалавек, а беларусы – як толькі сын падрасце, адразу да бацькі – давай дзяліцца, хачу мець уласную гаспадарку. Гэта еўрапейскі індывідуалізм», – дадае Алесь Краўцэвіч.

Чытайце па тэме:  Прафесар з Ізраіля раскажа, як пілі і співаліся беларусы

Паварот «тварам да Еўропы»

«Арыентацыя на Еўропу» – так будзе называцца адна з лекцый цыклу, якая ахопіць час з сярэдзіны ХІІІ ст., калі ВКЛ адварочваецца ад Візантыйскай цывілізацыі і паварочваецца «тварам да Еўропы». У сваёй лекцыі гісторык раскрые, як гэта праяўлялася.

«Найперш пачалі з’яўляцца матэрыяльныя прыкметы, побытавыя рэчы. З’явіліся першыя гатычныя помнікі. Камянецкая вежа – адзіны ацалелы помнік гатычны з 13-га ст. Новыя катэгорыі матэрыяльнай культуры, узбраення. Цэгла, дахоўка, кафля, шкляныя начынні. Прыёмы будаўніцтва – тыя самыя Лідскі замак, Крэўскі замак, Гарадзенскі замак Вітаўта. Гэта была Еўропа. Потым прыйшла ментальнасць. Нашыя хлопцы паехалі ў еўрапейскія ўніверсітэты вучыцца і адзін з іх так доўга вучыўся, што выдаў кніжку першую ва ўсходне-славянскім свеце. Францішак Скарына яго клікалі. Другое выданне бібліі на нацыянальнай мове – гэта выданне беларускай бібліі. Ці другая, ці трэцяя – спрачаюцца», – распавядае гісторык.

Пазіцыя жанчыны ў ВКЛ, таксама з’яўляецца выдатным сведчаннем еўрапейскай ментальнасці, а часам нават лепшым у пытанні законаў і правоў, чымся ў некаторых заходнееўрапейскіх краін.

«Жанчыны ў нас паводле статута, асабліва жанчыны шляхцянкі, былі суб’ектам права, мелі права атрымліваць спадчыну. Напрыклад удава магла атрымаць у спадчыну маёмасць мужа, У нас не было з жанчынамі, як у Расеі, што яна сядзела зачыненая. Гэта прыблізна, як цяпер у некаторых мусульманскіх краінах, дзе жанчына не можа сама без мужчыны выходзіць на вуліцу.

«Живет моя зазноба в высоком терему, а в терем тот высойкий нет хода никому». Яны трымалі жанчын усё жыццё ў гэтых церамах. А калі мы чытаем асабліва шляхецкія тэстамэнты, відаць, як гэтыя жанчыны распараджаліся маёмасцю, якія гэта былі жанчыны. Гэта праяўляецца нават у тым, як шляхцічы пісалі пра сваіх жонак: малжонцы дарагой, каштоўнай, пакідаю ўсю сваю маёмасць, за тое дабро, што яна мне ўсё жыццё рабіла.

Чытайце па тэме:  Не ў тым месцы і не ў той час. Тры з паловаю гісторыі пра выбух 3 ліпеня

Такія замалёўкі ўвесь час сустракаюцца», – распавядае выкладчык.

Калі Масква стала «беларускай»

«Падчас няспынных войнаў з Масквой у ХVII-м ст. Расея была тады краінай адсталай і маскоўскія жаўнеры сотнямі тысяч вывозілі з ВКЛ рамеснікаў. Нават адзін гісторык пісаў, што пасля адной з гэтых войнаў «Москва на некоторе время стала беларускай». І ў зброевай палаце там большая палова працавала беларускіх рамеснікаў. Беларусы навучылі рабіць іх пячную кафлю. Расейцам гэтая кафля так падабалася, што яны ўстаўлялі яе ў сцены цэркваў», – кажа спадар Алесь.

А ў чым мы былі лепшыя за заходніх еўрапейцаў?

На гэтае пытанне Алесь Краўчэвіч таксама мае падрыхтаваны адказ.

«Нам ёсць чым ганарыцца! У плане, канешне, эканамічным і палітычным мы былі перыферыяй Еўропы. Але наш гонар – гэта небывалая для Еўропы сітуацыя рэлігійнай і духоўнай талерантнасці. У нас ужываліся шмат вераў. Гэта XV-XVI стагоддзі асабліва. Пратэстантызм, праваслаўе, каталіцызм, мусульманства ў татараў, іудзейства ў габрэяў».

Калі нас спытаюць, чым мы лепшыя за заходніх суседзяў, то можна смела адразу адказваць: у нас ніколі не было інквізіцыі, – канстатуе беларускі гісторык.

«У нас ніколі не палілі людзей за рэлігійныя погляды. Хоць і былі сутыкненні, але ў асноўным у нас былі дыспуты. Да прыкладу – Сымон Будны, каторы быў бы спалены стоадсоткава, таму што ён не верыў у боскасць Хрыста. Ён жыў спакойна ў Нясвіжы, друкаваў кніжкі. І мы ведалі як ён выглядаў, дзякуючы карыкатуры, якую на яго намалявалі езуіты. Яго не спалілі, а малявалі на яго карыкатуры. Розніцу адчуваеце?»

Чытайце па тэме:  20 гадоў таму адбыўся першы ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндум

Двума нагамі ў Еўропу

Першая лекцыя гісторыя ўжо адбылася ў «Цэнтры гарадскога жыцця» і была прысвечаная вандроўкам народаў і пачаткам Беларусі. Гісторыя гэтага перыяду, гэта акурат доказ таго, што фармаванне беларускага народа адбывалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх працэсаў, – каментуе гісторык.

«Мы ўзніклі ў выніку працэсу, які агарнуў усю Еўропу. І мы адразу ў гэтым удзельнічалі. У нас ёсць кніжкі, у кнігарню любую зайдзі. Беларусь у кантэксце сусветнай цывілізацыі, у кантэксце еўрапейскай цывілізавцыі. А калі пачынаеш чытаць, то бачыш, што ніякага кантэксту там няма. Там ідзе гісторыя Беларусі ў той або іншай інтэрпрэтацыі. Мы далучыліся да Заходняй Еўропы пасля мангола-татарскага нашэсця і агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Мы прысутнічалі ў гэтай Еўропе, былі фарпостам у Еўропе на мяжы з Расеяй. Шчытом Еўропы былі. Не Польшча была, а Беларусь была шчытом Еўропы. Потым у канцы 17-га стагоддзя, калі нас захапіла Расейская імперыя, нас гвалтам змусілі пераарыентавацца на Расею. Калі ў 14-м стагоддзі ў нас быў выбар, то ў канцы 18-га ў нас выбару не было. І вось нас так доўга цягнулі на Усход, а мы сваёй ментальнасцю заставаліся на Захадзе. І цяпер мы стаім, як у тым анекдоце, адной нагой у камунізме, другой нагой у сацыялізме, так мы адной нагой у Еўропе, адной нагой у Расеі».

Гісторык асабіста лічыць, што ў гэтым хістанні трэба «станавіцца двума нагамі» ў Еўропу.

Курс лекцый Алеся Краўцэвіча «Беларусь у еўрапейскім кантэксце» раней чыталі ў Лятучым універсітэце ў Менску, а цяпер гэты курс выкладаецца таксама ў Варшаўскім універсітэце. Сваю другую лекцыю ў Горадні гісторык прачытае 2-га сакавіка ў «Цэнтры гарадскога жыцця».


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.