Аляксандр Тамковіч: «Зялёных чалавечкаў» не трэба засылаць у Беларусь

Гісторыя з Сяргеем Жаданом вельмі наглядна паказала, чый загад айчыныя “сілавікі” выканаюць першым: сёння — літаратар, заўтра — прэзідэнт.

Сустрэчы родам з "ліхіх 90-ых": Аляксандр Лукашэнка і Іосіф Сярэдзіч

Сустрэчы родам з «ліхіх 90-ых»: Аляксандр Лукашэнка і Іосіф Сярэдзіч

Рыторыка Лукашэнкі апошняга месяца выходзіць за рамкі звыклага «закручвання гаек». Сямігадзінны маналог з рэзкай крытыкай Расеі, скандал з дэпартацыяй украінскага літаратара Сяргея Жадана, якой далі задні ход, асабістая і дзіўная-дзіўная сустрэча ў галоўным рэдактарам «Народнай волі» Іосіфам Сярэдзічам, нарада па прадпрымальніцтве —  ёсць над чым паламаць галаву.

У чым жа прычыны такой метамарфозы паводзінаў беларускага кіраўніка?

Пра «перамены» ў інтэрв’ю Беларускай праўдзе разважае публіцыст Аляксандр Тамковіч.

— Галоўны рэдактар «Народнай волі» Сярэдзіч напрасіўся — 13 лютага Лукашэнка яго прыняў. Дзіўная сустрэча за зачыненымі дзвярыма, дзіўны фармат, незразумелыя вынікі. Як можна патлумачыць паводзіны Лукашэнкі?

— Па-першае, трэба аддаць належнае Сярэдзічу. У плане настойлівасці яму можна толькі пазайздросціць. Як і многія калегі, я не здзіўлюся, калі грошы для “Народнай волі” Іосіф Паўлавіч прасіў нават у Аляксандра Рыгоравіча.

Калі ж гаварыць сур’ёзна, то мне таксама не падабаецца “дзіўны фармат”, але чакаць нешта іншае было не лагічна. І Сярэдзіч, і Лукашэнка “родам” з “ліхіх дзевяностых”, калі “забівалі стрэлкі”, абдымаліся, дамаўляліся…

Час ад часу я гляджу расейскі тэлеканал НТБ. Жонку гэта моцна раздражняе. Маўляў, колькі можна цярпець гэты бандыцкі негатыў. Адказваю, што кроў, забойства, здрада і ёсць сапраўдны “рускі свет”. Сучасны “рускі свет”, бо там ёсць і тое, чым варта ганарыцца. На жаль, сёння “Вайну і мір” у Крамлі пішуць не на паперы.

Чытайце па тэме:  Лукашэнка ездзіў у Пакістан за ракетнымі тэхналогіямі?

Магчыма, Лукашэнка таксама глядзіць гэты канал, і са страхам чакае чарговага “Хроснага бацьку”…

Як вядома, абаперціся можна толькі на тое, што аказвае нейкі супраціў. На мой погляд, гэта той самы выпадак. Другая справа, наколькі ўсё гэта было шчыра і як доўга працягнецца.

— Пра змест сустрэчы-перамоў грамадскасць даведалася выключна са слоў Іосіфа Сярэдзіча, які засяродзіў увагу на трох асноўныя тэмы: адносіны з Расіяй, канстытуцыйны рэферэндум і круглы стол нацыянальнага прымірэння. Рэдактар агучыў пажаданні і страхі Лукашэнкі?

— Я думаю так, але прымаю падобную логіку толькі часткова. У нас ужо была адна спроба наладзіць нейкі “круглы стол”. Думаю, многія памятаюць місію Ханса-Георга Віка і тое, чым тады ўсё скончылася. Для больш маладзейшых нагадаю – нічым.

Зараз вельмі хочацца памыліцца, але нешта падказвае, што, як толькі Расея забудзе нашу запазычанасць за газ, скончыцца і беларуская “лібералізацыя”.

Калі нехта баіцца, гэта яшчэ не азначае, што ён можа кіраваць асабістым страхам. Дый не зусім гэта страх, хутчэй, банальны інстынкт самазахавання.

Безумоўна, Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч вельмі не ардынарны чалавек, але асабіста я выкажу яму сваю ўдзячнасць толькі тады, калі нешта з таго, што ён нам расказаў, стане рэальнасцю.

— Якая сувязь прасочваецца паміж трыма тэмамі, згаданымі Сярэдзічам?

— Вельмі трапная заўвага — “згаданыя Сярэдзічам”.

Нам зразумела “сувязь” Іосіфа Паўлавіча, аднак тое, што ўлада маўчыць, можа быць прыкметай таго, што ў іх “свой расклад”.

Чытайце па тэме:  Геннадий Федынич: "Дай Бог Лукашенко пережить пятый срок, прежде чем задумываться о шестом"

— Ці магчымае нацыянальнае прымірэнне і яднанне ў краіне, дзе ўлада больш за 20 гадоў дзейнічае па прынцыпу «падзяляй і ўладар»? І самае галоўнае, ці гатовы сам Лукашэнка дамаўляцца з грамадствам?

— На мой погляд, нацыянальнае прымірэнне магчыма і патрэбна. Аднак чакаць нейкіх хуткіх пераменаў, сапраўды, не варта. Калі нехта 20 год жыў па прынцыпу “я — начальнік, ты — дурак”, у адзін момант ён не пераменіцца.

І справа не толькі ў Лукашэнку. За гады свайго кіравання ён стварыў сістэму ўлады, якую імгненна нельга “перазагрузіць”. Цалкам згодны з нашай Нобелеўскай лаўрэаткай па літаратуры Святланай Алексіевіч, мы можам дачакацца часоў, калі Лукашэнка загаворыць па-беларуску і надзене вышыванку, але для гэтага патрэбны час.

Таго, хто не прывык слухаць іншых, да гэтага можна толькі прымусіць.

Рух насустрач цалкам верагодны, але ён магчымы толькі з двух бакоў, інакш мы зноў убачым “стабільнасць.”

-Паводзіны Лукашэнкі пару апошніх месяцаў выходзяць за звыклыя рамкі: «вялікая гаворка з прэзідэнтам» 3 лютага, сустрэча з Іосіфам Сярэдзічам, нарады па прадпрымальніцтву. У чым прычыны такой метамарфозы?

— На мой погляд, прычыну мы наглядалі некалькі дзён таму, калі разгортваліся падзеі вакол украінскага паэта Сяргея Жадана, якому спачатку брутальна забаранілі ўезд у нашу краіну, а потым сваю ж забарону адмянілі. Яшчэ з дзяцінства кожны ведае, што “першае слова даражэй другога”.

Чытайце па тэме:  Эксперты о "русском мире"

Цалкам згодны з вядомым палітэмігрантам Сяргеем Навумчыкам, гісторыя з Сяргеем Жаданом вельмі наглядна паказала, чый загад айчыныя “сілавікі” выканаюць першым.

Добра, калі ёсць магчымасць нешта адмяніць, а, калі няма? Калі нехта ўжо націснуў на курок?

Магчыма некаму гэта падацца спрэчным, але, па маім прынцыповым перакананні, Лукашэнка спужаўся не толькі Майдана, але і таго, што адбылося потым. “Зялёных чалавечкаў” не трэба засылаць у Беларусь, бо яны ўжо тут.

Як кажуць у суседняй краіне, “лиха беда начало”. Сёння – літаратар. Заўтра – прэзідэнт.

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Система Orphus