Андрэю Бандарэнку прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па артыкуле 411 КК

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

11 студзеня Андрэю Бандарэнка было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

На наступным тыдне справа будзе перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд, паведамляе ПЦ “Вясна”.

Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму.

Акрамя таго, працягваецца жорскі кантроль за ўсімі дзеяннямі Андрэя Бандарэнкі. Так 11 студзеня было накладзена яшчэ адно спагнанне, нібыта за тое, што ён не трымаў рукі за спіной. У выніку спагнання асуджаны пазбаўлены чарговай пасылка.

У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.

Нагадаем, 9 студзеня суд Шклоўскага раёна прыняў да разгляду скаргу Андрэя Бандарэнкі на пастаноўку яго з 1 кастрычніка 2015 г. на прафілактычны ўлік, як асобу, “схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў”. Скарга будзе разгледжаная судом Шклоўскага раёна 16 студзеня. Пачатак судовага паседжання ў 14.10 (каб. №3).

Ранейшыя спробы абскардзіць прадузятыя і неабгрунтаваныя спагнанні з боку адміністрацыі папраўчых устаноў у Дэпартаменце выканання пакаранняў, органах пракуратуры і судах заставаліся беспаспяховымі. Так, суд Ленінскага раёна г.Магілёва адмовіўся разглядаць скаргу аб пастаноўцы на прафілактычны ўлік, як асобу, “схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў”, перанакіраваўшы яе ў ДВП, а суд Шклоўскага раёна ўвогуле не стаў разглядаць, за што суддзя Віталь Волкаў быў дэпрэміраваны.

Чытайце па тэме:  За дзень да вызвалення: пракурор запатрабаваў накінуць Андрэю Бандарэнку год турмы

Цяперашні тэрмін зняволення Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.