Аргкамітэт Дня Волі ня змог дамовіцца з Статкевічам

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Аргкамітэт Дня Волі не дамовіўся зь Міколам Статкевічам пра фармат акцыі 25 сакавіка

Николай Статкевич

Перамовы паміж аргкамітэтам сьвяткаваньня 25 сакавіка і лідэрам БНК Міколам Статкевічам цягнуліся больш за тры гадзіны.

Як паведаміў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, дамовіцца пра супольны маршрут і фармат правядзеньня шэсьця не ўдалося.

«Мы не прыйшлі да агульнай пазыцыі па ўсіх нюансах правядзеньня акцыі 25 сакавіка. Будзем яшчэ сустракацца і абмяркоўваць», — кажа Янукевіч.

​Ён удакладніў, што Партыя БНФ выступае за тое, каб увесь маршрут і сцэнар акцыі быў абвешчаны загадзя. Таму што ў іншым выпадку ўдзельнікам будзе цяжка патлумачыць, што правакацыя, а што — не. У гэты ж час некаторыя іншыя арганізатары, у тым ліку Мікола Статкевіч, настойваюць на тым, каб «вырашыць на месцы, арыентуючыся на колькасьць і настрой удзельнікаў».

«Сярод калегаў няма пакуль згоды, каб усе кропкі былі расстаўленыя загадзя. Гэты прынцыповы для нас момант пакуль застаецца адкрытым».

Як сказаў Янукевіч, асноўныя спрэчкі паміж арганізатарамі вядуцца наконт таго, дзе і як акцыя павінна завяршыцца і ці павінна гэта быць агучана загадзя.

Лідэр БНФ лічыць, што калі арганізатары ня змогуць дамовіцца, то дыскусія будзе вынесеная ў публічную прастору. Мяркуецца, што аргкамітэт 25 сакавіка будзе яшчэ раз сустракацца зь Міколам Статкевічам, але канкрэтная дата пакуль не прызначана.

Чытайце па тэме:  Александр Путило: Уроки из Олимпиады должно извлекать новое руководство беларуского спорта

14 сакавіка Мікола Статкевіч заявіў, што бярэ на сябе адказнасьць за правядзеньне акцыі 25 сакавіка.

У аргкамітэт сьвяткаваньня Дня Волі ўваходзяць рух «За свабоду», аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Абʼяднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ і рух салідарнасьці «Разам».

Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў чакаюць зь Менгарвыканкаму адказу на заяўку, у якой яны просяць дазволіць 25 сакавіка шэсьце ад Акадэміі навук да сквэру Янкі Купалы. Мікола Статкевіч пагадзіўся зь месцам збору, але кажа, што месца і фармат завяршэньня акцыі трэба вызначаць падчас яе правядзеньня.

Тым часам спартова-патрыятычны клюб “Ваяр” запрашае ахвочых далучацца да дружыны аховы сьвяточнага шэсьця 25 сакавіка.

Паводле Свабоды