Тысячы людзей пад парасонамі, з засяроджанымі ў малітве тварамі, падсветленымі дрыготкімі агеньчыкамі свечак. Традыцыйная працэсія прайшла познім вечарам у Будславе пад дажджом, які ліў тут з самай раніцы, паведамляе Catholic.by.

Пасля працэсіі са свечкамі цэлебрацыю Эўхарыстыі апоўначы ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

«Касцёл у Беларусі як частка паўсюднага Касцёла заклапочаны маральным становішчам сучаснага чалавека і асабліва маладога пакалення і хоча яму дапамагчы.

У гэтым пастырскім годзе, прысвечаным моладзі — надзеі Касцёла і грамадства, мы прыходзім да Божай Маці Будслаўскай, каб шукаць паратунку»,— акрэсліў на пачатку сваёй гаміліі тэму сёлетняга будслаўскага фэсту арцыпастыр.

Ён нагадаў, што 50 гадоў таму была зроблена чарговая спроба адкінуць Евангелле як падмурак еўрапейскай культуры. Гэты працэс быў звязаны з сексуальнай рэвалюцыяй, скіраванай на дасягненне прыемнасцяў за любы кошт, у тым ліку з дапамогай наркотыкаў і алкаголя.

Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што адказам на маральныя паталогіі таго часу і адначасова заклікам да навяртання стала абвешчаная ў 1968 годзе энцыкліка благаслаўлёнага папы Паўла VI Humanae vitae, якая казала пра годнасць чалавечага жыцця. У ёй падкрэслівалася, што з мэтай будавання грамадскага парадку неабходна глядзець на чалавечае жыццё ў святле творчага Божага плану, беручы пад увагу ўстаноўлены Творцам звышнатуральны і вечны парадак, а таксама агульны вобраз дасканалага чалавека, увасоблены ў Езусе Хрысце.

«Энцыкліка папы Паўла VI пра чалавечае жыццё не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час.

Перад сучасным чалавекам, перш за ўсё маладым, узнікае маса праблем, асабліва ў тым, што датычыцца яго паклікання да сямейнага жыцця і нараджэння патомства як аднаго з галоўных заданняў, якое Бог даручыў чалавеку»,— сцвердзіў іерарх.

Пры гэтым ён зазначыў, што ў наш час вельмі моцна праяўляюцца тэндэнцыі будавання свету без Бога, а таму нам «патрэбна святло веры, каб вярнуцца да Створцы і жыць Ягонай праўдай, бо Бог не памёр, не пайшоў у адпачынак, а жыве і заўсёды дзейнічае».

Іерарх нагадаў, што Хрыстус заклікае нас быць дасканалымі, як наш Нябесны Айцец, і Касцёл сёння зноў звяртаецца да гэтых словаў Збаўцы: апошняя Апостальская адгартацыя папы Францішка Gaudete et exsultate — «Радуйцеся і весяліцеся» — прысвечана шляхам дасягнення святасці ў наш час.

«Чалавек пакліканы да святасці, а свет стараецца яго пераканаць, што замест таго, каб быць верным Евангеллю і прысвячаць сваё жыццё іншым, лепш думаць пра свае ўласныя інтарэсы. <…> Ён хоча, каб хрысціяне згаджаліся на ўсё: на разводы, аборты, эўтаназію, гендарную ідэалогію: на ўсё тое, што нязгодна з вучэннем Хрыста. Сёння Евангелле замяняецца гуманізмам. Але праблема ў тым, што гуманізм без духоўнай складанай не збаўляе, не адпускае грахоў, не абвяшчае Уваскрасення», — сцвердзіў кіраўнік беларускага епіскапату.

«Дзе шукаць паратунку ў такой сітуацыі?» — задаў ён рытарычнае пытанне.

Адказ на яго, паводле словаў арцыбіскупа, дае Марыя.

«Як Каралева Беларусі, Марыя прабывае з намі ў Будслаўскім абразе больш за 400 гадоў, каб умацоўваць нашу веру ў спрыяльныя і неспрыяльныя часы. Сёння мы прыходзім да нашай духоўнай Маці ў 20-годдзе каранацыі гэтага абраза папскімі каронамі, якое здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк»,— сказаў арцыбіскуп, зазначыўшы, што сёння мы жывем у вельмі супярэчлівыя часы.

«З аднаго боку, мы цешымся свабодай веравызнання, а з іншага перажываем новыя праяўленні атэізму, занядбанні ў жыцці паводле духа Евангелля, маральнай разбэшчанасці, скажэння паняцця Богам устаноўленага інстытуту сям’і… Наш народ здаў экзамен, захаваўшы веру ў часы ганенняў. Мы вытрывалі ў выпрабаванні несвабодай, але ці вытрываем выпрабаванне свабодай? Гэтае пытанне датычыцца кожнага з нас і асабліва моладзі, якая знаходзіцца на скрыжаванні шляхоў і часта не ведае, які з іх выбраць», — сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Нагадаўшы Евангелле, у якім ідзе гаворка пра цуд у Кане Галілейскай, арцыпастыр звярнуўся да вернікаў з пытаннем: «Сёння, калі ў нас саміх, у нашых сем’ях і грамадстве няма „віна“ моцнай веры, ці мы звяртаемся да Марыі? Ці верым у тое, што калі будзем слухаць яе, то Езус пераменіць „ваду“ нашага жыцця ў якаснае „віно“ моцнай веры? Сёння мы ўсе, асабліва моладзь, павінны ўслухацца ў голас Марыі», — сцвердзіў іерарх.

Звяртаючыся з Нацыянальнага санктуарыя Апякункі Беларусі да ўсіх людзей нашай краіны, арцыбіскуп Кандрусевіч прамовіў:

«Нам і нашаму народу, які сёлета адзначае 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — факту, якога нельга ігнараваць, бо гэта частка нашай гісторыі, — неабходная духоўная перамена.

Распачаць яе неабходна з сябе, не шукаючы вінаватых. Неабходна на шляху шчырага дыялогу шукаць шляхоў вырашэння існуючых праблем нашага грамадства. Не кампрамісу, а дыялогу, бо калі кампраміс мае на мэце атрымаць „большы кавалак торта“, то мэта дыялогу — дасягненне супольнага дабра».

Падводзячы выснову, арцыпастыр сказаў: «Калі мы будзем слухаць Езуса, да чаго заклікае нас Марыя, то станем удзельнікамі цуду перамянення, каб на евангельскіх каштоўнасцях будаваць нашу будучыню».

Іерарх згадаў, як падчас візіту св. Яна Паўла II на яго Радзіму, у Польшчу, у 1979 г. мільён людзей, сабраных у цэнтры Варшавы, у адзін голас скандавалі: «My chcemy Boga! — Мы хочам Бога!»

«Ці мы заўсёды хочам Бога? Ці ён займае першае месца ў нашым жыцці? Ці імкнемся мы да Яго і ці баронім Божы закон, як рабілі гэта нашыя продкі ў часы ганенняў?

Перад абліччам Божай Маці Будслаўскай адкажам сёння на гэтыя пытанні воклічам: „Мы хочам Бога!“ Хочам, бо ў ім наша надзея!»— заклікаў усіх прысутных арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У цэлебрацыі начной св. Імшы удзельнічаў таксама прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. Ён прывітаў усіх прысутных на будслаўскай урачыстасці і, у прыватнасці, сказаў:

«Прымаючы ўдзел у цудоўнай працэсіі і ў гэтай cвятой Імшы, дзе кожны момант прасякнуты жывой і глыбокай верай, я не магу працягваць па-іншаму, як толькі ізноў звярнуцца разам з вамі да нашай Нябеснай Маці».

І пасля гэтага іерарх узнёс малітву праз заступніцтва Багародзіцы, у якой даручыў Богу Касцёл і ўвесь народ Беларусі:

«Мы ўцякаем пад Тваю апеку, о Найсвяцейшая Божая Маці: аддаем Твайму матчынаму клопату нашыя гарады і вёскі, Касцёл Беларусі. <…> Мноства патрэб падштурхоўваюць нас звяртацца да Цябе, нашая магутная Заступніца. Маем патрэбу ў большай шчодрасці сужонкаў, каб велікадушна дарылі новае жыццё; маем патрэбу ў большай увазе да бедных і самотных; маем патрэбу ў абароне працы, каб пазбегнуць трагедый людзей і сем’яў, выкінутых на вуліцу; маем патрэбу ў любові і праўдзе. <…>

Маці нашая міласэрная, хто, як не Ты, найлепш ведае нашыя сэрцы, радасць і гора, цярпенні і трывогі, мары і надзеі. Не адкідай нашыя просьбы. Вазьмі наш народ, кожнага з нас, пад сваю апеку».

Пасля малітвы Апостальскі Нунцый прамовіў да прысутных:

«Дарагія браты і сёстры, ад імя Святога Айца, Папы Францішка, шчыра дзякую вам, дочкам і сынам Каралевы Беларусі, за прыклад веры, за сведчанне, якое даеце ўсяму свету, за любоў і вернасць Касцёлу і нашай Будслаўскай Маці.

Жадаю вам, каб кожны дзень вашага жыцця быў напоўнены свядомасцю мацярынскай прысутнасці і абароны Марыі!» — сказаў прадстаўнік Папы Рымскага.

Фота: Віталій Палінеўскі

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: