Бабруйск: недармаеды зноў выйшлі на вуліцу

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Каля 100 чалавек узялі ўдзел у дазволеным гарадcкімі ўладамі мітынгу за правы і свабоды грамадзян у Бабруйску. Арганізатары сказалі, што асноўная тэма акцыі — патрабаванне адмяніць дэкрэт «пра дармаедаў».

belsat.eu

Акцыя прайшла без затрыманняў, на пытанні яе ўдзельнікаў адказваў намеснік старшыні бабруйскага выканкаму Аляксандр Маркачоў. На мітынгу прысутнічалі старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі, лідэры прафсаюзнага руху Галіна Смірнова і Рыгор Грык.

Рыгор Грык на мітынгу ў Бабруйску

Рыгор Грык на мітынгу ў Бабруйску

Некаторыя пратэстоўцы трымалі плакаты з сімволікай кампаніі «Гавары праўду». Удзельнікі мітынгу не пажадалі ісці на стадыён фабрыкі «Славянка», які быў дазволеным месцам правядзення акцыі, таму асноўныя выступы прагучалі каля яго брамы, што на вуліцы Урыцкага, паведамляе Радыё Свабода.

Юрась Губарэвіч прапанаваў мітынгу падтрымаць патрабаванні кампаніі «Мы не дармаеды»: адмена дэкрэту № 3, вызваленне ўсіх, хто знаходзіцца за кратамі ў сувязі з вулічнымі акцыямі, і дэмакратычныя выбары.

Прамаўляе Юрась Губарэвіч

Прамаўляе Юрась Губарэвіч

Мясцовая актывістка прафсаюзнага руху Галіна Смірнова, якая падавала заяўку на мерапрыемства, сказала, што асноўная тэма мітынгу — дэкрэт «пра дармаедаў»: «Нам сказалі, што дэкрэт № 3 будзе прыпынены. Але мы ў гэта не верым. Мы не верым у дапрацоўкі і змены гэтага дэкрэту. Мы патрабуем поўнай яго адмены».

На стадыён, куды спачатку не захацелі ісці ўдзельнікі мітынгу, прыйшоў прадстаўнік мясцовага чынавенства — намеснік старшыні бабруйскага гарвыканкаму Аляксандр Маркачоў.

Ён сказаў, што ў Бабруйску пытанне з беспрацоўем абвастрылася пасля таго, як тыя, хто раней працаваў у Расеі, сталі вяртацца на радзіму.

«Сітуацыя з беспрацоўем напружаная. Намі праводзіцца сістэмная праца. Ёсьць прыёмныя дні, прыходзьце. Працуем нават у выходныя. Мы маем намер дапамагчы знайсці працу. А актывісты з Менску, у прыватнасці Губарэвіч і Рымашэўскі, нам не дапамогуць вырашыць праблему з беспрацоўем».

Маркачову задавалі пытанні пра наяўнасць працоўных месцаў у Бабруйску, пра нізкія заробкі і пенсіі. Людзі наракалі, што самыя запатрабаваныя прафесіі — дворнік і іншыя нізкакваліфікаваныя супрацоўнікі, а людзям з вышэйшай адукацыяй працы няма.

Маркачоў сказаў, што сам мае заробак 1000 рублёў, але не бачыць магчымасці, каб забяспечыць такі самы для ўсіх бабруйчан.

На завяршэнне мітынгу яго ўдзельнікі запатрабавалі ад гарадскіх уладаў перанесці пастаяннае месца для вулічных мерапрыемстваў на плошчу Перамогі, а таксама вырашылі абраць народных прадстаўнікоў, якія будуць весці дыялог з уладамі, каб вырашыць праблемы працаўладвакавання.