Інцыдэнт на будаўнічай пляцоўцы беларускай АЭС здарыўся 10 ліпеня.

karbalevich

Першапачатковая інфармацыя пра гэта пайшла ад актывіста АГП Мікалая Ўласевіча, які жыве ў Астраўцы. 25 ліпеня ён напісаў у Фэйсбуку:

«Не менш за дзясятак незалежных адна ад аднае крыніц на ўмовах ананімнасці падчас правядзення мной пікетаў па зборы подпісаў пацвердзілі факт падзення рэактара пры яго ўстаноўцы ў рэактарным аддзяленні АЭС… На панядзелак планавалася правядзенне ўрачыстай, у прысутнасці тэлебачання і іншых сродкаў масавай інфармацыі, цырымоніі ўсталявання рэактара на яго пастановачнае месца. Аднак 330-тонны агрэгат з невядомых прычын сарваўся і зваліўся ўніз з вышыні ад 2 да 4 метраў».

У той жа дзень, 25 ліпеня, пра гэта напісалі незалежныя медыі. Журналісты задавалі пытанні як дырэкцыі АЭС, так і Міністэрству энергетыкі Беларусі, але адказаў не атрымалі. Прыхоўванне інфармацыі пра інцыдэнт толькі больш узбуджала чуткі.

26 ліпеня літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайце выступіла з заявай, што асцярогі Літвы наконт бяспекі будаўніцтва атамнай станцыі былі абгрунтаваныя. Яна таксама заявіла, што калі Беларусь не зробіць захадаў, каб гарантаваць міжнародныя стандарты бяспекі, то Літва разам з міжнароднай супольнасцю пастараецца не дапусціць працы АЭС.

У той жа дзень генеральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС — расійскае акцыянернае таварыства «Атамбудэкспарт» — выступіў з нейкай нязграбнай заявай, нібыта «інфармацыя пра надзвычайнае здарэнне на будоўлі ў Астраўцы Беларускай АЭС не адпавядае рэчаіснасці», што «корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзялення».

То бок, у перакладзе на звычайную мову, нічога не было. Гэта стандартная рэакцыя дзяржаўных структур сённяшняй Расіі. Вайна ў Данбасе? Мы ні пры чым. Навошта вы бамбіце ў Сірыі не Ісламскую дзяржаву, а апазіцыю сірыйскаму прэзідэнту Асаду? Не, гэта не мы, мы бамбім толькі ісламістаў. Расійскія спартоўцы масава прымаюць допінг? Не, гэта дваістыя стандарты, падкопы ворагаў, якія толькі і мараць, каб нашкодзіць Расіі.

Але праз кароткі час у той жа дзень, 26 ліпеня, Міністэрства энергетыкі Беларусі было вымушана прызнаць, што «няштатная сітуацыя здарылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных працаў па яго перасоўванні ў гарызантальнай плашчыні». Нарэшце, больш як праз два тыдні пасля аварыі!

У заяве Міністэрства энергетыкі ёсць і яшчэ адзін цікавы сюжэт. Там паведамляецца, што дырэкцыя станцыі «неадкладна запатрабавала ў генеральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакументы і звесткі». То бок высвятляецца, што ні Міністэрства энергетыкі Беларусі, ні дырэкцыя АЭС не валодаюць інфармацыяй, што адбываецца на станцыі, што там робяць расійскія будаўнікі!!!

У гэта цяжка паверыць, але з боку беларускай дзяржавы няма кантролю за самым небяспечным аб’ектам у краіне! Гэта ў Беларусі, дзе дзяржаўныя органы сочаць за кожным іпэшнікам, за кожным здавальнікам кватэры, дзе КДБ, як нядаўна прызнаўся яго старшыня, сочыць за тым, як апазіцыянеры збіраюць подпісы. Гэта называецца, прыехалі!

Узнікае натуральнае пытанне: ці можна цяпер выкарыстоўваць гэты рэактар, які ляснуўся з вышыні чатырох метраў? То бок — няўжо расійцы ўвапхнуць беларусам біты рэактар?

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка на Астравецкай АЭС абрынуліся стойкі будучага будынка ядзернага абслугоўвання. Пра гэта стала вядома толькі ў траўні ад аднаго рабочага. Улады прызналі інцыдэнт толькі праз месяц і толькі пасьля таго, як тлумачэнняў запатрабавала Літва.

То бок беларускія ўлады паводзяць сябе з абсалютнай дакладнасцю так, як савецкія ўлады пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Усё хаваюць, і толькі пасля таго, як пра гэта гучна загавораць за мяжой, скрозь зубы паведамляюць, што нешта адбылося, але ўсё ў парадку, сітуацыя пад кантролем.

Дарэчы, пасля аварыі ў Чарнобылі савецкія ўлады адрэагавалі раней. Катастрофа здарылася 26 красавіка, а ўжо 28 красавіка галоўная інфармацыйная праграма савецкага тэлебачання — «Время» — паведаміла, што на Чарнобыльскай АЭС здарыўся няшчасны выпадак, пашкоджаны рэактар. То бок у СССР адрэагавалі праз два дні, у лукашэнкаўскай Беларусі — больш як праз два тыдні.

Недэмакратычныя рэжымы, якія непадкантрольныя грамадству, па-іншаму сябе паводзіць не могуць. Навошта народу ведаць пра небяспеку? Не трэба бударажыць, нічога, ператопчуцца. Калі толькі было прынятае рашэнне пра будаўніцтва Беларускай АЭС, я пісаў, што, акрамя ўсіх іншых прычын, нельга будаваць такі небяспечны аб’ект у недэмакратычнай краіне, бо калі народ не кантралюе ўладу, можа паўтарыцца чарнобыльскі сцэнар. Але не мог уявіць, што мае змрочныя прагнозы спраўдзяцца так хутка.

Ужо цяпер можна лёгка ўявіць, як будзе паводзіць сябе кіраўніцтва Беларусі, калі, крый Божа, здарыцца аварыя з ядзерным рэактарам, які ўжо будзе працаваць. На гэтым тле зусім па-іншаму выглядаюць перасцярогі і з боку Літвы, і з боку экалагічных рухаў. Няўжо і цяпер ні грамадскасць, ні апазіцыя ніяк не адрэагуюць?

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.