«Белшына» помсціць працаўніку за ўдзел у выбарах?

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Зборшчыка пакрышак Бабруйскага шыннага камбіната Рыгора Спасюка пазбавілі прэміі за вытворчы брак. Працаўнік сцвярджае, што гэта помста за актыўную палітычную пазіцыю і ўдзел у выбарах.

Рыгор Спасюк, працаўнік «Белшыны»

Рыгор Спасюк, працаўнік «Белшыны»

Жыхар Бабруйска Рыгор Спасюк – сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». На «Белшыне» працуе з 1988 года зборшчыкам пакрышак 6-га разраду. У 2016 годзе спадар Рыгор балатаваўся ад «Грамады» на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Ён быў не адзіным кандыдатам з шыннага камбіната. Адначасова ў выбарах браў удзел начальнік зборачнага цэху № 3 заводу масавых шын ААТ «Белшына» Віталь Уласевіч, які і стаў урэшце дэпутатам, паведамляе Белсат.

18 лістапада мінулага году Рыгора Спасюка пазбавілі прэміі і надбаўкі за прафесійнае майстэрства за брак у вытворчасці пакрышак. У складзеным пратаколе кіраўніцтва зборачнага цэху масавых шын № 3 сцвярджае, што брак пайшоў з-за таго, што спадар Рыгор перавысіў свае паўнамоцтвы і змяніў наладкі ў кампутары. Спадар Спасюк кажа, што браку не самой справе не было, і справу сфальсіфікавалі, каб урэшце адпомсціць яму за ягоную крытыку кіраўніцтва і палітычную пазіцыю.

За дзень да складання пратаколу, 17 лістапада, працаўнікі зборачнага цэху № 3 зладзілі міні-забастоўку з-за таго, што іх пазбавілі ранейшых надбавак.

«Падчас гэтай забастоўкі я адкрыта ўказваў кіраўніцтву цэху на хібы ў тэхналагічным працэсе. Я ўвогуле ніколі не маўчаў і казаў праўду пра тыя факты, што бачыў. Ну і мой удзел у выбарах мне памяталі. Вынік – на наступны дзень у мяне нібыта пайшоў брак», – распавядае спадар Рыгор.

Былы кандыдат звярнуўся ў суд. Пасля трох паседжанняў суддзя Антон Дудаль пастанавіў у задавальненні позвы спадару Рыгору адмовіць.

Прадстаўнікі заводу адмаўляюць палітычны характар справы. Намеснік начальніка зборачнага цэху № 3 Сяргей Каратыгін кажа, што палітыка ніколі не закранала працоўны працэс на заводзе:

«Я не з’яўляюся сябрам ніводнай партыі, не быў у ініцыятыўнай групе нашых кандыдатаў, маё жыццё – праца і дом. І я падтрымліваю палітыку нашай дзяржавы».

Рыгор Спасюк пасля кансультацый з юрыстамі збіраецца змагацца далей, каб дамагчыся адмены сфальсіфікаванага спагнання. Працаўнік дапускае, што ў выніку можа ўвогуле застацца без працы, але звальненне яго не пужае.

«Калі б я баяўся, я б маўчаў, як і іншыя, і не было б і гэтага суда», – кажа спадар Рыгор.

Агульную сітуацыю на сённяшні дзень на «Белшыне» Рыгор Спасюк апісвае як не самую лепшую. Так, ён кажа, што заробкі ў ягоным цэху з 2014 года ўпалі з 1200 долараў да 500 у лепшым выпадку. Да таго ж, часта здараюцца прастоі, няма працы, працаўнікі з-за гэтага не выконваюць свае нормы на 100 %.