Былы міліцыянт аштрафаваны за абразу беларускай мовы

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

27 студзеня Навабеліцкі суд Гомеля аштрафаваў на 10 базавых велічыняў (230 рублёў) былога міліцыянта, супрацоўніка дэпартамэнту аховы МУС Васіля Варушчанку за публічную абразу беларускай мовы.

Васіль Варушчанка, svaboda.org

Васіль Варушчанка, svaboda.org

Справа была пачатая з прычыны каментара Васіля Варушчанкі ў пабліку парталу «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце». Каментар быў наступнага зместу: «Беларуская мова — гэта труп, які гніе і які ўжо даўно трэба закапаць глыбей!», нагадвае Радыё Свабода.

Перад пачаткам працэсу Васіль Варушчанка сказаў журналістам:

«Паверце, я не хацеў нікога абразіць. Я не сустракаў людзей, якія ў паўсядзённым жыцці карыстаюцца беларускай мовай. Сам я беларускую мову ведаю павярхоўна. Для мяне што беларуская мова, што кітайская — амаль усё адно. Я размаўляю на рускай».

— Напэўна, чулі такую прымаўку: колькі чалавек моваў ведае, столькі разоў ён чалавек?

— Не, не чуў.

«Выбачаюся перад тымі, каго абразіў»

Калі суддзя Дзмітрый Казлоў запытаў у Васіля Варушчанкі, ці разумее ён, у чым яго вінавацяць і ці прызнае віну, той адказаў:

«Я ўжо гаварыў і вам скажу: мэты абразіць кагосьці ў мяне не было. Каментар быў глупствам. Сваю віну прызнаю. Раскайваюся. Больш гэтага не будзе. Выбачаюся перад тымі, каго абразіў».

«Мэты абразіць у мяне не было. У прынцыпе, я ні пра што не думаў, калі пісаў. Атрымалася абраза. Поўнасцю згодны з заключэннем экспертаў. Віну прызнаю. Не ведаючы таго, я парушыў закон. Але няведанне не вызваляе ад адказнасці. Значыць, панясу пакаранне».

Чытайце па тэме:  ЕС не признает паспорта ДНР и ЛНР

«Выказванне абражае носьбітаў беларускай мовы»

Эксперты-філолагі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, аналізуючы каментар Варушчанкі, далі такое заключэнне:

«Называючы беларускую мову трупам, аўтар вызначае беларускую мову як мёртвую, нежывую, якая не выконвае сваю асноўную функцыю — сродку паўсядзённых чалавечых функцый, інструменту захоўвання і перадачы ў часе разнастайнай культурнай інфармацыі…»

Выснова такая: негатыўна ацэначнае выказванне Варушчанкі не толькі «не адпавядае рэчаіснасці, але і з’яўляецца абразлівым для носьбітаў беларускай мовы — дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь».

«Сёння ж заплачу штраф»

Былы міліцыянт нічога не змог дадаць да агучаных матэрыялаў справы. Суддзя, не пакідаючы судовай залі, вынес пастанову на падставе артыкула 9.22 КаАП — штраф 10 базавых велічыняў (230 рублёў). І патлумачыў рашэнне: «Недапушчальна так паводзіць сябе грамадзяніну Рэспублікі Беларусь».

«Абскарджваць штраф не збіраюся, — сказаў Варушчанка. — Пайду й сёння ж заплачу штраф. Хоць афіцыйна й не працую, але грошы знайду».

Што да беларускай мовы й літаратуры, то да іх былы міліцыянт ставіцца абыякава. Кажа, што пасля школы нічога па-беларуску не чытаў. Не ведае і таго, што беларуская пісьменьніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

«Мне гэта ўсё не цікава, — кажа Васіль. — Мне як было фіялетава, так і цяпер. Але беларуская мова мне не перашкаджае. Калі хто карыстаецца ёю, я нічога супраць не маю. Няхай і надалей карыстаюцца».

Чытайце па тэме:  "Дело об оскорблении": 11 июля ожидается судебное решение в отношении Александра Лапицкого

На словах былы міліцыянт не выказаў папрокаў на адрас заяўніка, грамадскага актывіста Ігара Случака. Наадварот, пашкадаваў, што яго не было на судзе:

«Пэўна, заняты. Але ўсё нармальна, Ігар. Прывітанне табе».

«Я пастараюся зваліць з гэтай краіны кудысьці далей»

Былы дэсантнік Андрэй Макараў, якога ў свой час савецкае камандаванне кідала ў «гарачыя кропкі» і які прысутнічаў на судзе, наўпрост спытаў у былога міліцыянта Варушчанкі:

«Ну, а калі давядзецца бараніць Беларусь хоць бы ад каго, хоць ад той жа Расіі, ты гатовы з такім стаўленнем да мовы абараняць краіну?»

«Я пастараюся зваліць з гэтай краіны кудысьці далей», — адказаў аштрафаваны за абразу мовы былы сяржант міліцыі.