Чаму Беларусь не напаткае лёс Крыма і Абхазіі

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Пад выглядам вучэнняў савецкія войскі былі сцягнутыя да межаў краінаў Балтыі 4 чэрвеня 1940 года. Праз два тыдні Чырвоная Армія ўжо кантралявала Латвію, Літву і Эстонію. Ці магчымы такі сцэнар у XXI стагоддзі для Беларусі?

Таццяна Процька, svaboda.org

Таццяна Процька, svaboda.org

Гісторык Таццяна Процька лічыць, што, у адрозненне ад краінаў Балтыі ў міжваенны час, Беларусь сёння сама можа вызначыцца наконт сваёй будучыні.

«Дзейнасць нямецкай пятай калоны»

Усталяванне расійскай улады ў Крыме ў 2014 годзе нагадвае алгарытм, па якім Латвія, Літва і Эстонія былі акупаваныя Савецкім Саюзам у 1940-м. Напярэдадні канфлікту ўсе краіны мелі падпісаныя дамовы аб ненападзе і з Нямеччынай, і з СССР. Тое самае было з постсавецкай Украінай. У 1994 годзе, калі Украіна пагадзілася пазбавіцца ядзернай зброі, ЗША, Расія і Вялікая Брытанія падпісалі Будапешцкі мемарандум. Міжнародная дамова прадугледжвала ў тым ліку «павагу да незалежнасці, суверэнітэту і існуючых межаў Украіны».

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны і падзелу Польшчы паміж СССР і Нямеччынай Савецкі Саюз схіляе кіраўніцтва балтыйскіх краінаў падпісаць дамовы аб узаемадапамозе і размяшчае на тэрыторыі кожнай краіны вайсковыя базы з 20–25-тысячным войскам.

На момант канфлікту з Расіяй у Крыме ўжо была размешчаная вайскова-марская база. Яшчэ з савецкіх часоў расійскі Чарнаморскі флот заставаўся ў Севастопалі.

Летам 1940 году СССР абвінаваціў урады балтыйскіх краін у пранямецкіх настроях. Павераны ў справах СССР у Літве дакладваў у Маскву пра «дзейнасць нямецкай пятай калоны». Таксама празаходняй палітыкай Украіны пасля Еўрамайдана была заклапочаная Масква ў 2013–2014 гадах.

Пад выглядам вайсковых вучэнняў 4 чэрвеня 1940 года Савецкі Саюз пачаў сцягваць войскі да межаў Латвіі, Літвы і Эстоніі. Праз два тыдні яны перасеклі мяжу, не сустрэўшы супраціву ад мясцовых войскаў. Гэтаксама расійскія войскі занялі Крым у сакавіку 2014 года. З боку ўкраінскай арміі не было ніводнага стрэлу.

«Зёлёныя чалавечкі» ў Крыме

14 ліпеня 1940 года ў балтыйскіх краінах адбыліся пазачарговыя парламенцкія выбары. Пракамуністычныя саюзы паўсюль атрымалі больш за 90%. А 21–22 ліпеня ўлады абвясцілі аб стварэнні савецкіх рэспублік, якія меліся ўвайсці ў склад СССР. 3–6 жніўня 1940 года Вярхоўны Савет СССР прыняў тры гэтыя краіны ў склад Савецкага Саюза.

Падобным чынам уваходзіў у склад Расіі і Крым. Пад кантролем расійскіх вайскоўцаў 27 лютага 2014 года Вярхоўны Савет Крыма абраў новага старшыню і прагаласаваў за правядзенне рэферэндуму «па пытаннях удасканалення статусу і паўнамоцтваў рэгіёна». Паводле афіцыйных дадзеных, 16 сакавіка на рэфэрэндуме 96,77% насельніцтва Крыму прагаласавала за далучэнне да Расіі. І ўжо 18 сакавіка Уладзімір Пуцін падпісаў дамову аб далучэнні Крыма да Расійскай Федэрацыі.

Расійцы збіраюцца прывезці ў Беларусь зашмат тэхнікі

У студзені 2016 года медыі актыўна абмяркоўвалі беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2017», якія павінны прайсці ў сакавіку на тэрыторыі Беларусі. Сумесныя з расійскім войскам вучэнні рэгулярна праходзяць цягам апошніх дваццаці год. Але сёлета для дастаўкі расійскай баявой тэхнікі і складу спатрэбілася амаль у два разы болей вагонаў, чым для аналагічных вучэнняў у 2013 годзе.

Міністэрства абароны Расіі абгрунтавала такую колькасць вагонаў тым, што гэта перавозкі ў два бакі — дзве тысячы ў адзін бок і столькі ж назад.

«Абʼём вайсковых чыгуначных перавозак 2017 году параўнальны з абʼёмам перавозак падчас праведзеных на тэрыторыі Беларусі вучэнняў папярэдніх гадоў: „Захад-2009“ — больш за 6 тысяч вагонаў, „Захад-2013“ — амаль 2,5 тысячы вагонаў», — адказалі расійскія вайскоўцы.

Вайсковыя аналітыкі выказвалі думкі, што пасля вучэнняў гэтыя войскі могуць застацца ў Беларусі. Як гэта было з Чырвонай Арміяй у краінах Балтыі ў 1940 годзе.

Тацяна Процька, гісторык і метадолаг, кажа, што прымяраць гістарычныя падзеі 1930–1940-х на сучаснасць не варта.

«Цяпер свет зусім іншы, — кажа Процька. — Так, двухпалярны свет быў і тады, і цяпер. Толькі замест Злучаных Штатаў выступала Нямеччына. Але паміж Нямеччынай і СССР была дамова, кожны забіраў свой кавалак. Цяпер Расія і ЗША не дамовіліся».

Калі мы арганізуем супраціў, імавернасць таго, што нас гвалтам забяруць, — вельмі малая

Беларусь не напаткае лёс Крыма і краінаў Балтыі. У гэтым Таццяна Процька ўпэўненая. Па яе словах, лёс Латвіі, Літвы і Эстоніі быў вызначаны ў 1939 годзе. А лёс постсавецкай Беларусі нікім не прадвызначаны.

«У краінаў Балтыі ў 1940-м шанцаў не было, — кажа Процька. — А мы маем вялікі шанец застацца краінай».

Беларусь большая за ўсе тры краіны Балтыі разам узятыя. Па насельніцтве — у два разы: 9,4 мільёна чалавек у Беларусі супраць 5,2 мільёна ў трох балтыйскіх краінах. Па тэрыторыі — таксама: 207,6 тысяч кв.км Беларусі супраць 175 тысяч кв.км Літвы, Латвіі і Эстоніі. Ужо хоць бы гэтыя паказчыкі ставяць Беларусь у больш выгадную пазіцыю, лічыць Процька.

«Нашая краіна не малая — яна большая ва ўсіх адносінах. Сітуацыя ў нас вельмі аптымістычная.

Калі мы арганізуем супраціў, верагоднасць таго, што нас гвалтам забяруць — вельмі малая».

Расія праводзіць агрэсіўную палітыку ўздоўж усіх сваіх межаў. Прычым у сітуацыі з Крымам яна ў адкрытую парушыла міжнародныя пагадненні. Аднак паўтарэння асеціна-абхаскага ці крымскага сцэнару наўрад ці можна чакаць, мяркуе Процька.

«З Беларуссю так ужо не будзе, — кажа гісторык. — Два разы ў адну ваду не ступаюць. Таму шанец у нас ёсць. Усё залежыць ад нас».

Радыё Свабода