Долар прынясуць у ахвяру стабільнасці

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

З пачаткам новага года Нацыянальны банкрусі распачаў і новую кампанію па дэдаларызацыі эканомікі краіны. Ці атрымаецца пазбавіцца ад долара ў штодзённым жыцці беларусаў, і якіх захадаў у гэтым кірунку можна чакаць?

dol

Перастаць думаць у доларах

Празмерна высокая даларызацыя беларускай эканомікі — праблема даўняя і добра вядомая. Невыпадкова ўсе замежнікі — у тым ліку нават расіяне — дзівяцца звычцы беларусаў лічыць усе кошты і зарплаты ў доларах. У доларах жа захоўваюць і зберажэнні. Прычым не толькі «пад матрацамі». Нягле­дзячы на нашумелы дэкрэт №7 ад 11 лістапада 2015-га (ён зрабіў больш жорсткімі ўмовы банкаўскіх укладаў у валюце і даў палёгку рублёвым укладчыкам), а таксама на значнае паніжэнне ставак па валютных дэпазітах, іх доля ў агульнай структуры банкаўскіх укладаў насельніцтва складае 76,3%.

Галоўны барацьбіт з «доларавым мысленнем» — Нацбанк. Маштабны наступ на пазіцыі іншаземнай валюты Нацбанк пачаў яшчэ ў 2015 годзе — найперш адпусціўшы курс рубля (што дазволіла таксама зберагчы золатавалютныя рэзервы). Як вынік, айчынныя працадаўцы ў большасці адвязалі зарплаты ад долара, каб застрахаваць сябе ва ўмовах рэзкіх ваганняў курсу. Працаўнікі асабліва абурацца не сталі: на двары ўжо быў крызіс, падзенне заробкаў і нарастаючае беспрацоўе.

Адначасова рэгулятар пацвердзіў сваю адмову вырашаць праблемы ў эканоміцы праз уключэнне друкарскага станка і пачаў сур’ёзнае змаганне з інфляцыяй. Гэта таксама дало свой эфект: афіцыйная інфляцыя за год вырасла толькі на 10,6%, чаго не здаралася вельмі даўно. У красавіку 2016-га высілкі НБРБ падтрымаў асабіста Аляксандр Лукашэнка, які запатрабаваў максімальна адмовіцца ад долара ў разліках, пачаць думаць у катэгорыі беларускага рубля. «Дэдаларызацыя немагчымая без змены свядомасці людзей. А мы звыклі ўсё ў доларах лічыць», — заявіў ён.

Але ў народнай памяці ўсё роўна жывыя маштабныя дэвальвацыі 2009 і 2011 гадоў, якія толькі падмацоўвалі дзесяцігоддзямі сфармаваную звычку не верыць уладам. І Лукашэнка тут, мусіць, сам таго не ўсведамляючы, падыграў «долараваму менталітэту», заявіўшы ў лістападзе пра неабходнасць давесці сярэднюю зарплату да 500 «зялёных». «500 долараў у будучым годзе — сярэдняя зарплата. Пры ўсіх складанасцях, чаго б гэта ні каштавала», — настойваў кіраўнік краіны. То бок не тысячу рублёў паабяцаў, а менавіта ў доларах лічбу агучыў. Таму не варта дзівіцца, што практычна ўсё — прыбыткі, стаўкі дэпазітаў, зарплатныя арыенціры, кошты на нерухомасць, аўтамабілі, тэхніку і паездкі за мяжу — беларусы працягваюць звыкла намінаваць у доларах.
Меркаванні экспертаў

Чытайце па тэме:  Доллар обновил новый и абсолютный максимум

«Жаданне дэдаларызаваць эканоміку — безумоўна правільнае. Дарэчы, калі кажуць пра даларызацыю эканомікі, то пад гэтым разумеюць на самай справе цэлы шэраг розных працэсаў і з’яў, — патлумачыў НЧ старшы аналітык фінансавай кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб. — Па-першае, даларызацыя можа выяўляцца ў разліках амерыканскай валютай. Можна прыгадаць, як гадоў 10–15 таму мы і ў побыце, і на рынках расплачваліся наяўнай валютай. Сёння гэта практычна выкаранена. Іншая праява даларызацыі — разлік коштаў і тарыфаў у замежнай валюце або іх цвёрдая прывязка да валюты. Напрыклад, арэнда памяшканняў, змешчаных у дзяржаўнай уласнасці, дагэтуль разлічваецца ў еўра — хоць і аплачваецца ў беларускіх рублях. Даларызацыя — тое, што менавіта ў валюце людзі пераважна захоўваюць свае зберажэнні. Не забываем і пра псіхалагічны фактар — звычку ўсё вымяраць у доларах. Ад гэтай звычкі насельніцтва паступова адвучваецца, чаму паспрыяла дэнамінацыя. Зараз нічога не замінае кватэры і машыны ацэньваць у беларускіх рублях, ужо не трэба лічыць мільярды».

Па словах эксперта, сёння разлікі ўнутры эканомікі ў валюце ўжо практычна цалкам ліквідаваныя. Прыбрана намінаванне шмат якіх коштаў і тарыфаў у валюце — напрыклад, на аўтазапраўках. Застаюцца ў валюце разлікі за арэнду, збор з замежнікаў за карыстанне платнымі дарогамі, — але ўрад і Нацбанк плануюць хуткім часам і ад гэтага адмовіцца.

Калі глядзець, што ў плане дэдаларызацыі можа быць зроблена ў 2017 годзе, то гэта першым чынам канчатковая адмова ад намінавання тарыфаў у замежнай валюце. Магчымыя дзеянні, накіраваныя на паніжэнне долі валюты ў банкаўскіх дэпазітах грамадзян. Напрыклад, цяпер Нацбанк здзяйсняе пэўныя захады, у выніку якіх і без таго невысокія стаўкі па валютных дэпазітах яшчэ больш знізяцца. Гэта зробіць валютныя дэпазіты менш прывабнымі — тады можна чакаць некаторы ператок з валютных дэпазітаў у рублёвыя.

Чытайце па тэме:  Банки решили подзаработать на беларусах во время новогодних праздников

«Што ж датычыцца псіхалагічнага даверу да беларускага рубля, то ніякімі адміністрацыйнымі метадамі яго дамагчыся нельга. Для гэтага патрэбныя гады стабільнасці на валютным рынку і паслядоўнае паніжэнне інфляцыі. Тады вельмі павольна, але давер да беларускага рубля будзе расці, — гаворыць Вадзім Іосуб. — Дарэчы, калі планы «ўсім па 500» будуць рэалізаваныя, гэта выльецца ў скачок інфляцыі, скачок дэвальвацыі, і давер да нацыянальнай валюты давядзецца аднаўляць з нуля».

У сваю чаргу, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Леанід Злотнікаў насцярожана ставіцца да планаў уладаў і баіцца непрадказальных дзеянняў, у тым ліку і ў дачыненні да долара. «Тут толькі тэндэнцыі можна адгадаць. Усё залежыць ад паводзін урада і кіраўніка дзяржавы. Цяпер мы маем значнае паніжэнне ўзроўню жыцця. Як у гэтай сітуацыі павядзе сябе ўрад — цяжка сказаць. Можа быць крайні выпадак, калі валюта будзе замарожаная на ўкладах на некалькі гадоў, — гэта значыць, нельга будзе яе здымаць. Іншая сітуацыя — калі будзе дэфолт сістэмы, банкаўскі крызіс, верагоднасць чаго таксама ёсць. Вядома, тады будзе паніка і валютны курс вырасце, — кажа Злотнікаў. — Можа, усё будзе стабільна, але не будзе вонкавых запазычванняў — а абавязкі трэба будзе аддаваць. У гэтым выпадку валютны курс таксама вырасце, нават калі не будзе дэфолту. Могуць і валюту адбіраць. Калі ж урад пачне выконваць патрабаванні крэдытораў з Захаду і Усходу, то сюды прыйдуць інвестыцыі, валюта, і гэта будзе ўжо іншая сітуацыя. Але цяпер насельніцтва не імкнецца скупляць долары — наадварот, яно іх прадае. І працягне прадаваць у 2017 годзе».

Чытайце па тэме:  Беларусские банки установили запрещающий курс российского рубля

Планы Нацбанка

Тым часам Нацыянальны банк падыходзіць да пытання дэдаларызацыі эканомікі сістэмна. Якія менавіта захады будуць прынятыя ў найбліжэйшай будучыні, можна даведацца з артыкула ў «Банкаўскім весніку», аўтары якога — намеснік дырэктара Цэнтра інтэграцыйных даследаванняў Еўразійскага банка развіцця Міхаіл Дземідзенка, эканаміст ЕАБР Аляксей Кузняцоў і Наталля Мірончык. Яны апісваюць тры ўзроўні захадаў па скарачэнні даларызацыі эканомікі. Першачарговыя павінны змяніць макраэканамічнае асяроддзе, меры другога ўзроўню — пасіўныя, накіраваныя на фармаванне спрыяльнага фінансавага рынкавага асяроддзя. Трэці ўзровень — актыўныя меры, задача якіх — уздзейнічаць на пэўныя сегменты рынка, а таксама на правілы ўсталявання коштаў на тавары.

Пры гэтым аўтары артыкула ўскладаюць надзеі не на замежныя крэдыты, а на прыход у Беларусь шчодрых інвестараў. «Датычна рашэння задачы па нарошчванні ліквіднасці ў замежнай валюце будзе разумным задзейнічаць у большай меры канал прамых замежных інвестыцый, а не знешніх запазычванняў, якія схільныя ўзмацняць рызыкі захавання высокага ўзроўню даларызацыі», — пішуць Дземідзенка, Кузняцоў і Мірончык.

Таксама дапамагчы дэдаларызацыі павінны мерапрыемствы Нацбанка па лібералізацыі валютных адносін і паніжэнню нормы абавязковага продажу валютнай выручкі (апошняе, дарэчы, ужо адбылося). Сярод іншых магчымых захадаў — адмена прэферэнцый для валютных дэпазітаў; збіранне з іх падатку на прыбыткі з працэнтаў незалежна ад тэрміна. Яшчэ адзін варыянт — распаўсюджванне сістэмы гарантаванага пакрыцця ўкладаў толькі для ўкладаў у нацыянальнай валюце. Нагадаю, што сёння ў Беларусі дзейнічае сістэма 100-працэнтнага страхавання банкаўскіх укладаў грамадзян у любой валюце.

Аднак пакуль — ва ўмовах дэфіцыту бюджэту — рэгулятар змушаны паступацца ўласнымі прынцыпамі. Як было нядаўна абвешчана, Нацыянальны банк Беларусі плануе ў I квартале размясціць аблігацыі, намінаваныя ў замежнай валюце, на суму $600 мільёнаў. Першы аўкцыён па размяшчэнні валютных аблігацый НБРБ будзе праведзены 26 студзеня ў аб’ёме $150 мільёнаў.

Дзяніс Лаўнікевіч, Новы час