Сёньняшняя прапанова менгарвыканкама па сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР, як і можна было прадбачыць, унесла раскол у апазіцыйныя шэрагі. Не пасьпела зьявіцца інфармацыя з прапановай ад кіраўніцтва горада месцаў для мітынга і канцэрта, – сквер Янкі Купалы ці Оперны тэатар, – “Хартыя” ужо напісала, што сьвяткаваньне Незалежнасьці забаронена “гарантам незалежнасьці” і падкрэсьліла, што мітынг усё ж пачнецца на Якуба Коласа.

Зьміцер Дашкевіч, Facebook

 

Усё зразумела: рэжым злачынны і апраўданьня яму няма, але на колькі гэта мэтазгодна, абвастраць супрацьстаяньне і арганізоўваць 25 сакавіка сечу, а не сьвята? Ці разумеем мы, што ўсяму свой час пад небам: час раскідаць камяні і час іх зьбіраць, час ісьці на сечу і час праводзіць сьвята? І вось я часта назіраю, калі добрыя і сумленныя людзі ня могуць разабрацца, які на дварэ час? Калі трэба зьбіраць камяні, яны іх раскідаюць; калі трэба праводзіць сьвята, яны гераічна ідуць на сечу (ці наадварот) – і на выніку параза, расчараваньне, страта веры і сілаў.

Дык на ўсё трэба мудрасьць! У адным месцы Ісус Хрыстос перасьцерагае вучняў “хто ўзяў меч, той ад меча загіне”, а ў іншым тых жа самых людзей натхняе: “вазьмі меч, а хто нямае, прадай нават вопратку, але меч набудзь”. І як будзе выглядаць калі нехта ўвесь час махае мечам, ці ўвесь час бармоча “мая хата з краю”? Будзе выглядаць чалавекам глупым.

Напрыканцы можна было б заклікаць усіх да мудрасьці, але гэта ўсё нікчэмна – кожны мае свае глузды. Я проста сьціпла выкажу сваё цясьлярска-змагарскае меркаваньне: мы доўга раскідалі камяні, сёньня час іх зьбіраць; мы часта арганізоўвалі пратэсты і многія зь іх былі слушнымі, але сёньня, калі ёсьць такая магчымасьць, трэба ўчапіцца за яе і сьвяточна адзначыць 100-годзьдзе БНР. А меч, ён побач з намі – заўсёды можна выхапіць яго з похваў.

Зьміцер Дашкевіч

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: