Гамяльчаніна, які судзіцца за “дармаедства”, вызвалілі ад збору

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

14 лютага ў Гомелі пачаўся першы ў Беларусі суд па справе “дармаед супраць дзяржавы”. Аляксандр Сямёнаў звярнуўся з іскам супраць падатковай інспекцыі. Сямёнаў патрабуе вызваліць яго ад выплаты збору, выдаліць з базы “дармаедаў” яго персанальныя дадзеныя а таксама паставіць пытанне аб адпаведнасці Дэкрэта №3 Канстытуцыі краіны.

Юрыст РЭП Леанід Судаленка (злева) і Аляксандр Сямёнаў

Юрыст РЭП Леанід Судаленка (злева) і Аляксандр Сямёнаў

Вялікай колькасці ахвотных пасачыць за працэсам здзівіўся, здаецца, нават суддзя, паведамляе Еўрарадыё. Ён не адразу забараніў весці здымку на паседжанні, а закрыць дзверы, за якімі бушавалі непакорныя “дармаеды”, атрымалася толькі пад пагрозай паклікаць нарад міліцыянтаў. “Ды хоць расстраляйце нас!” — данеслася з-за закрытых дзвярэй.

Як стала вядома Еўрарадыё, за некалькі дзён да другога паседжання Аляксандра Сямёнава нечакана выклікалі ў гарвыканкам, дзе паведамілі, што ён вызвалены ад выплаты збору. Прычынай сталі “жыццёвыя абставіны”. Пры гэтым у размове з Еўрарадыё Аляксандр Сямёнаў расказаў, што да таго, як звярнуцца ў суд, пісаў заяву з просьбай аб вызваленні ад аплаты збору, аднак тады чыноўнікі гарвыканкама паведамілі яму, што зрабіць гэтага не могуць, таму што ў сям’і Сямёнава працуюць адразу два чалавекі.

Акрамя вызвалення ад аплаты збору, Аляксандру Сямёнаву ў гарвыканкаме прапанавалі працаўладкаванне. Цяпер гамяльчанін, які шукаў працу некалькі апошніх гадоў, займаецца афармленнем неабходных папер.

Суд па справе Аляксандра Сямёнава працягнецца заўтра, 21 лютага, у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля, пачатак паседжання а 15-ай гадзіне.