Днямі адзін з гомельскіх “дармаедаў” паведаміў праваабаронцы Леаніду Судаленку пра судовых выканаўцаў, якія ўжо апісваюць маёмасць у лік неаплачанага збору.

march_in_minsk

“Я яму не паверыў, таму што ранавата яшчэ. Папрасіў копію акта вопісу маёмасці, — распавядае Еўрарадыё Судаленка. — Але з іншага боку, маглі для прафілактыкі кропкава і пайсці. Усё ж 360 рублёў ён ужо павінен, плюс пеня”.

А як жа суд, спытаецеся вы? Можна і без яго. Ёсць два варыянты таго, як будзе спаганяцца збор “на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў”: праз суд (спрэчны парадак) і праз натарыуса (бясспрэчны парадак). “Калі парадак бясспрэчны, гэта можа быць зроблена праз выканаўчы надпіс праз натарыяльную палату”, — тлумачаць Еўрарадыё ў аддзеле прымусовага выканання Навабеліцкага раёна Гомеля.

Дабравольна збор “на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў” можна было аплаціць да 20 лютага. З наступнага дня “дармаедам” пачала “капаць” пеня — 16 капеек за дзень. І з наступнага ж дня падатковыя інспекцыі атрымалі права спаганяць неаплачаны збор прымусова. А суд патрэбны толькі ў тым выпадку, калі асабліва злоснага “дармаеда” хочуць пакараць штрафам ці арыштам з прымусовымі працамі.

Тэарэтычна, судовыя выканаўцы могуць патэлефанаваць у дзверы да “сацыяльных утрыманцаў” і сёння, і заўтра. Але самі яны кажуць, што пакуль што па кватэрах “дармаедаў” не ходзяць. “Падатковая яшчэ нічога не дасылала”, — адказалі Еўрарадыё ў аддзеле прымусовага выканання Цэнтральнага раёна Мінска.

“Нам ніхто іх яшчэ не прад’яўляў, а каб даведацца, калі гэта адбудзецца, трэба тэлефанаваць у орган, які прымае рашэнне, — працягвае судовая выканаўца з Навабеліцы. — Але ж толькі 20 лютага прайшоў тэрмін аплаты. Пройдзе яшчэ не адзін месяц, а, магчыма, і паўгода. Гэта ж аўтаматам не робіцца, а ў нас людзі працуюць, а не робаты”.

Тым часам некаторыя падатковыя інспекцыі працуюць у аўральным рэжыме і без выхадных. “Я вам скажу, што вось у мінулыя выхадныя мы працавалі і ў суботу, і ў нядзелю. Афармлялі дакументацыю, звязаную з выкананнем дэкрэта №3. На працу выйшлі нашы супрацоўнікі. Па дамах мы пакуль не ходзім, нам хапае і так працы. Што там паведамляюць у інтэрнэце, я не ведаю (у сацсетках ёсць інфармацыя, што мазырскія падаткавікі наведваюць неплацельшчыкаў асабіста). Мы пакуль працуем у кабінетах”, ― расказвае Еўрарадыё кіраўнік падатковай інспекцыі Мазырскага раёна Анатоль Шэўчык.

Яго калега з Клічава прызнаецца, што добраахвотна збор аплацілі толькі 10% “дармаедаў”. “Пакуль усё плаціцца ў добраахвотным парадку. А заплацілі ў нас на сённяшні дзень 123 чалавекі. Гэта 10% ад усіх, хто атрымаў паведамленні аб неабходнасці аплаціць збор. Астатнія пакуль не плацяць. Але яны атрымалі лісты… Пакуль нічога не адбываецца. Хто плаціць, той плаціць. Пакуль мы ні ў суды, нікуды не звярталіся. Потым будзем вырашаць. Усё будзе, як прапісана ў дэкрэце”, ― кажа старшыня падатковай інспекцыі Клічаўскага раёна Леанід Рамановіч.

Тым часам за дзесяць дзён, якія прайшлі з моманту “дармаедскага” дэдлайну, кожны з тых, хто не аплаціў збор, ужо павінен дзяржаве 1 рубель 60 капеек пені. У маштабах краіны вырастае немаленькая сума.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.