Колькі каштуе падатковай пошук дармаеда

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

24 студзеня МПЗ адрапартавала, што падатак за дармаедства ўжо заплацілі 34100 беларусаў, у бюджэт паступіла 10,2 мільёна рублёў, а агулам беларускім дармаедам разаслана больш за 440 тысяч паведамленняў (усяго іх можа быць нават 500 тысяч). Лічбы немаленькія. Еўрарадыё спрабуе падлічыць дзяржаўныя выдаткі, звязаныя са знакамітым Дэкрэтам №3.

pismo

“Цяпер працую толькі з гэтымі зваротамі”

Памер сярэдняга месячнага заробку беларускага чыноўніка за 11 месяцаў мінулага года склаў каля 830 рублёў. Калі раздзяліць на 20,5 працоўных дзён (так прыняло Мінпрацы) і 8-гадзінны працоўны дзень, то атрымаецца, што ў сярэднім гадзіна працы беларускага чыноўніка каштуе дзяржаўнаму бюджэту прыкладна пяць рублёў. Начальніца фінансавага аддзела Мазырскага райвыканкама ў размове з Еўрарадыё прызнаецца, што апошнім часам амаль цалкам займаецца запытамі “дармаедаў”. “Вось у мяне і цяпер на стале ляжаць гэтыя дакументы, трымаю іх у руках. 140 чалавек ужо напісалі заявы з просьбай вызваліць іх ад выплаты збору. Кожную заяву мы разглядаем на камісіі. Туды ўваходзіць 4-5 чалавек з усіх зацікаўленых ведамстваў… Камісія збіраецца раз на тыдзень і абмяркоўвае, задаволіць, альбо не. “Яшчэ абавязкова ездзім на месцы, я таксама выязджаю. Гэта такое пытанне, якое ў кабінеце не вырашыш”, ― расказвае чыноўніца.

Падлічыць, колькі працоўных гадзін чыноўнікі трацяць на выяўленне дармаедаў, рассылку ім лістоў, а потым праверку ўмоваў, у якіх яны жывуць, амаль немагчыма. Але калі ўлічыць, што ў Беларусі 118 раёнаў і ў кожным з іх для працы з дармаедамі скліканая цэлая камісія, то затраты чыноўніцкіх чалавека-гадзінаў будуць немаленькімі. Тым больш, што дармаедаў чыноўнікам дапамагаюць выяўляць нават супрацоўнікі ДАІ (прабіваюць па сваіх базах інфармацыю пра зарэгістраваныя транспартныя сродкі) і памежнікі (паведамляюць органам улады аб перасячэнні мяжы патэнцыйнымі плацельшчыкамі збору).

 

Стварэнне базы дармаедаў

Еўрарадыё знайшло на сайце тэндэраў конкурс Міністэрства па падатках і зборах на распрацоўку “інфармацыйнай базы дадзеных аб прыбытках грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь”. Згадкі аб датычнасці новай базы да Дэкрэта №3 у тэндэры няма, але сама фармулёўка ― адзін ў адзін адтуль. Кошт пытання ― 1 мільён 175 тысяч новых рублёў.

Скрыншот з тэндэрам на стварэнне новай інфармацыйнай базы для МНС.

Кошт “ліста шчасця” ― 36 капеек

24 студзеня Міністэрства па падатках і зборах паведаміла, што разаслала ўжо 440 тысяч “лістоў шчасця” з прапановай заплаціць дармаедскі збор. Выглядаюць лісты па-рознаму. На адных замест маркі хвалістая лінія, на іншых ― загадкавы надпіс “аплачана па дамове”. Самай шчырай аказалася інспекцыя МПЗ па Маскоўскім раёне Брэста. На канвертах для дармаедаў яе работнікі паставілі штамп з коштам паштовай паслугі ― 36 капеек. Калі памножыць гэтую суму на 440 тысяч, атрымаем амаль 160 тысяч рублёў. І гэта без кошту канвертаў.

liczba-160listy