Нібыта памфлет. А может, и нет. 

Што тут паднялося. І галосяць, і гундосяць… Раздаюцца, сказаўшы звыклай фразай, галасы з памыйкі, падвываньні з падваротні, брэх ад звыклых ужо і толькі вось на патрэбу хуценька зьляпаных будак, гырчэньне наўпрост пад нагамі ўжо, як каб калі ты ехаў на вела па вуліцы прыватнай забудовы, і цябе віталі часова выконваючыя абавязкі, паўнамоцныя прадстаўнікі гаспадароў абсалютна рознай масьці, пачынаючы ад наіўна простых крывалапых нізкай пасадкі жоўтых пад золата “дваранаў” і заканчваючы абароцістымі на магутных доўгіх рычагах байцовымі ды барзымі з абрыўкам шворкі на шыі.

май-дан! май-дан-дан-дан!! Дан-дан-дан-май-май-май!!!Майдан-майдан-майдан!!!

Пра што брэх, грамадзяне, або як ужывае вядомы пісьменьнік, Гражданы Сабакі?

Ды быў я на тым Майдане ў навагоднюю ноч 2014. Там на пляцы быў канцэрт, потым фаервэрк. Стаялі шэрагамі палаткі, або каму незразумела, намёты, збольшага на дзесяць асобаў, з усёй Украіны. Штук з паўтараста налічыў, потым зьбіўся.  Людзі мірна пратэставалі супраць павароту ў палітыцы на 180 градусаў, які адбыўся насуперак дасягнутаму балансу, канкрэтным дамоўленасьцям. Ім паабяцалі Еўропу, а потым за пэўную суму, агалошаную цынічна, бо прылюдна, разьвярнулі аглоблі ў процілеглы бок. Стоячы на тым пляцы ў цэнтры прыгажэннага Кіева, яны, гэтыя зусім розныя з сацыяльнага стану, прафесіі, мовы людзі, нікому не заміналі жыць. Яны стаялі не столькі СУПРАЦЬ, колькі ЗА. За сябе і такіх, як яны. І ЗА справу, карысную для народа, а не для асобеняў, якія ўявілі сябе раздатчыкамі з агульнанароднага катла, і для купы прыхлябалаў, заўважаных у асаблівай лісьлівасьці перад гэтымі гаспадарамі раздачы. Дэмакратычна абранай уладзе яны не давалі сябе апусьціць, – уладзе, якая ў асобе самога кіраўніка мела дастаткова брызантнай, бо крымінальнай перадгісторыі, каб прагнаць яе адразу, не дапускаючы да стырна, але зь якой да пары трывала пэўная сацыяльная ўгода. Маўляў, можаш і пакарміцца, і прыстроіць сваіх, але пры ўмове, што пойдзем у правільны бок, ад Савецкага Саюза, да мірнай і сытай Еўропы. Фактычна, угода пра пераходны перыяд.

На Майдан я прыехаў пад вечар ужо. Па дарозе, якая заняла ад мяжы ў Макранах і на перакладных больш за паўдня, – Україна аказалася нечакана вялікай, – я прыслухоўваўся да ўкраінскай мовы. “Можно я біля Вас сяду?” “Біля”, а я Бяласін, на лацініцы напісаць, дык bialassin, – дык гэта амаль пра мяне, амаль па адрасу. Прыгожая мова, пявучая. Уступаў у нейкія размовы, спрабаваў мову на смак – і ў Кіеве на Майдане ўжо ёю карыстаўся даволі няблага. Прынамсі, мяне разумелі. Розумілы.

Чытайце па тэме:  Генпрокуратура Украины прекращает расследование преступлений на Майдане

Пра ўсё доўга распавядаць. Барыкады, – бо на іх нападалі, з дубінкамі і сьпецтэхнікай, – выставы мастакоў і дакументаў, настольны тэніс на марозе, каб сагрэцца, лекцыі Майданнага ўніверсітэта, сьпевы тут і там, беларускія сьцягі і мова, прыезд Дзяржаўтаінспекцыі з цывільнай мэтай забясьпечыць рух на паваротцы з Грушэўскага, батарэя з дзевятнаццаці біяпрыбіралень, а ў іх чарга, і дам прапускаюць паперадзе.

 

Моманты ісьціны ў гэтым былі, так, але мне падказак многа ня трэ было. “Чаму Вы тут?” – спытаў у інтэлігентнай пары, якая ўзялася падвезьці мяне ў бок вакзала. “Потому что сил уже нет терпеть, – адказала сярэдняга веку жанчына, відавочна за мужа, бо той быў за стырном. – Отжимают всё, что имеет ценность. Бизнес можно не начинать. Пойдет вверх – сразу придут. Как к нам. «Чтоб через день всё продали нашему человеку. За столько-и-столько (где-то десятая часть вложенных денег). Не схотите – вообще ничего не получите. Просто заберем». И говорят про «крышу». И веришь. Поэтому мы тут. И деньгами помогали сразу, и буквально через день приезжаем на дежурство.”

Даведаўшыся, што адмыслова прыехаў з Беларусі, жанчына расчулілася і падварушыла дзяцей-студэнтаў, каб знайшлі ў сумцы жовто-блакітную стужку: “Вам на память. И в знак благодарности.”

Незразумела, што некаторыя маюць супраць Майдана. Уявіце сабе, што вы на вела едзеце з гары. І тормаз сарвала. Ну дык будзеце нагамі шараваць. Бо разагнаўшыся бухацца давядзецца невядома куды, і ня факт, што на мяккае,  – так што лепшага лёсу болей не чакай.

Майдан – гэта права на мірны пратэст. Яго не было ў СССР. Хто думаў, што яно ёсьць, – такіх аб’яўлялі вар’ятамі. Або стралялі, як у рабочых у Новачаркасску. Пасьля ЭсЭсЭру – зноў наступаць на старыя граблі? Незразумела. Пагатоў што ў Канстытуцыях пасьлясавецкіх еўрапейскіх краін, якімі з’яўляюцца Україна і Беларусь, такое права прапісана, а процідзеяньне яму кваліфікуецца як злачынства.

Чытайце па тэме:  Разгонявших Майдан экс-бойцов "Беркута" отстранили от службы

Яшчэ Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), якога ў 27 скасіла ўсюдыісная на тыя часы пошасьць сухотаў, але які пасьпеў напісаць спробу “Падарожнай карты” для беларусаў, эсэ “Адвечным шляхам”, –  яшчэ Канчэўскі ў сваім эсэ зацеміў, што нас вылучае як ад Усходу, так і ад Захаду. Мы памежныя.

У вытлумачэньні актуальнага сабачага брэху – зацемім найперш, што ён з выразным усходнім акцэнтам. Маскавіцкая традыцыя тыранаў-цароў-“бацюшак”, вядома ж, ня церпіць ніякіх гарызантальных рухаў. Імкненьне да абсалютнай улады, у якім зьліваюцца і вярхі ў іх ардынскім ханстве, і нізы ў іх ардынскай падбітасьці, нешчасьліва накладваецца зараз на постсавецкі сіндром апатыі насельніцтва ў дачыненьні да свайго лёсу, перадаручэньні яго камусьці больш паноўнаму.

Менавіта таму разагналі маскоўскія цары Наўгародскую ды Пскоўскую рэспублікі зь іх вечам, якое фактычна было Майданам, Плошчай. Пакінулі толькі Лобнае месца, дзе “каралі горлам” сваіх ворагаў.

Часы іншыя, і нават “простым людзям” у Беларусі цяпер час ад часу лунае здагадка: нешта ня так. “Перасідэнт” гэта вам ня цар-бацюшка, жыва прыліпла. Імкненьне да абсалютнай улады непазьбежна натыкаецца на разуменьне таго, што яно будзе падмацавана крыўдаю, падманам і, нарэшце, крывёю. Таму “Плошча” або “Майдан”, пры ўсіх пералівах і павевах прапагандысцкага брэху, памалу пачнуць успрымацца як тормаз на шляху неабмежаванай, бескантрольнай, без тармазоў улады. Ператварылі выбары ў гульню, у крыўляцкі цырк – дык пры чым тут Амерыка. Гэта вы фігуруеце. Мы цалкам статысты-назіральнікі. І чаго тады так роблена зьдзіўляцца Майдану, Плошчы ці яшчэ чаму там. Жыцьцё выпрацуе нейкі адэкватны інструмент рэгуліроўкі, процівагу.

Так што пакуль Майдан. А потым супакоіцца, адладзіцца, ад’юстуецца і пакаціцца спакойна жыцьцё.

Як ва Украіне. Перастаяў той Майдан халодную зіму – хай бы стаяў сабе хоць да лета. Ды не вытрымалі нервы ўсходняй гапаты, і Майдан, як у савецкія часы, расстралялі. З’явілася Нябесная сотня, – ну рванулі з панікі, з роспачы нейкай, што не пайшло як хацелі, войнушку. Дык вайна ня будзе вечна. І заголяцца перад усім сьветам яе падпальшчыкі. Пасаромна даволі выглядае, дарэчы. Падвойна пасаромная гэтая вайна. Па-першае, маючы сёмую частку сушы, незьлічоныя прыродныя багацьці, можна было ня толькі суседзяў, а палову планеты выстраіць у чаргу на працу дзеля іх, гэтых багацьцяў, распрацоўкі і асваеньня. Дык не – па перыметры ворагі, войны, сьмерці. Другая пасаромнасьць – дык колькі ўжо можна тое самае ? Бо як скалькавана з Фінскай народнай рэспублікі. Сеціва ёсьць – набірайце, людцы, чытайце. Тых фінаў пяць з паловай мільёнаў. Гэта ў 10 разоў менш, чым украінцаў. І яны цяпер, пасьля таго як адбіліся, на першых месцах у сьвеце па ўзроўню жыцьця, адукацыі, адчуваньню шчасьця. Ну ды адна бяда ўсё зацяняе – цара няма, уздыхнуць паўднёвыя тых фінаў суседзі, якія ініцыявалі ў свой час Фінскую народную рэспубліку.

Чытайце па тэме:  Каталікі правялі ў Менску ўрачыстую Працэсію Божага цела. Фотарэпартаж

Але вернемся да “пасьлямайдану” тут. Гэтае “потым “ можа наступіць і хутчэй – калі з другога боку прыбяруць не адпаведныя нам, беларусам, і часу царска-папоўскія мадэлі. Тады – ні Майдану, ні Плошчы. Але пра гэта трэба неяк перамаўляцца і дамаўляцца.

А можа быць і Мэйдэн, калі што. Быў у 1980-я гады такі гурт, “Айрон Мэйдэн” называўся. “IRON MADEN”. Граў гурт металічны рок. Ну вельмі металічны. Цяпер жа, паўтаруся, сеціва. Можна спраўдзіць. Закінуў тэгі і слухай. Пераклад назову іхняга “ЖАЛЕЗНАЯ ДЗЕЎКА”. Жалезная, падкрэсьлю.

У мяне дык па сугуччы з Майданам усплывае жаночына з карціны цёзкі, Эжэна Дэлякруа. Кабета са сьцягам у руках, з голай надта пагляднай правай,  – правільнай! – цыцкай паперадзе. Проста-такі сымболь жаноцкасьці і плоднасьці! Але кліча не да забаваў. Дзеля жыцьця, жыцьцядайна – але кліча на сьмяротны бой.  “Свабода на барыкадах” – гэта кашмар тыранаў усяго сьвету. І яна, гэтая свабода, вартая таго, каб за яе ісьці на бой. З пяцідзесяці трох багатых краін сьвету пяцьдзясят дэмакратычныя, гэта значыць кіруюцца выбарнымі прадстаўнікамі народа.

Усьлед за Канчэўскім, зацемім, што так уплывае на нас, беларусаў, Захад. І такія прыклады мы маем у сваёй гісторыі – Касьцюшка, Каліноўскі. А цяпер, мабыць, чарга нейкай Жанны д’Арк. Або, сказаўшы больш умоўна,  Мэйдэн. Дзяўчаты і жанчыны ў Беларусі баявітыя бываюць, а як жа. Так што не цьвяліце благое. А то будзе і Майдан, і Мэйдэн. Лёкаі яшчэ ў мінулым стагодзьдзі былі “не ў хаду”. Давайце рабіць скідку, падвышальны каэфіцыент і высновы, гаспада хазяева нашага жыцьця і лёсу. Дзеля лёсу вашага.

Тэкст і фота Яўгена Бяласіна, Беларуская праўда


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.