«Матрыца задач» як апошні довад

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Студзень — час фантазаваць на тэму бліжэйшых перспектыў беларускай мадэлі. 2017 год — юбілейны! Юбілей дзвюх рэвалюцый. На думку АП, «беларусы свой рэсурс рэвалюцый вычарпалі». Але тут ёсць з чым паспрачацца.

asel
На першы погляд, паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй існуе лінейная сувязь. Але гэта побытавае ўяўленне. На мяжы IV–V стагоддзяў нашай эры жыў хрысціянскі багаслоў Блажэнны Аўгустын. Ён адмаўляў мінуламу і будучыні ў праве на існаванне, мяркуючы, што ёсць толькі тры віды гэтага: мінулае сучаснасці, цяпершчына сучаснасці і будучыня сучаснасці.

Зразумець гэта даволі проста. Што азначае для кожнага з нас мінулае? Толькі тое, што мы думаем пра яго ў рэжыме тут і цяпер. Напрыклад, на думку галоўнага героя «азбук паліталогіі», 25 гадоў таму ён быў адзіным дэпутатам, які прагаласаваў супраць Белавежскага пагаднення. Але асабіста для мяне і для ўсіх, хто меў магчымасць трымаць у руках пратакол гістарычнага галасавання, такога мінулага ніколі не існавала.

Мінулае, сучаснасць і будучыня ў кожнага свае, і разгортваецца гэта тройца адначасова. Таму любая спроба прагнозу ўпіраецца ў разуменне сучаснасці, з якой, як стрэлы з цыбуліны, вырастаюць магчымыя варыянты будучыні, і як карані прарастаюць варыянты мінулага.

Чатыры сцэнары

Па якім сцэнары жыла беларуская мадэль у мінулым годзе? Колькі людзей — столькі і меркаванняў. Але, каб спрасціць пошукі адказу, я прапаную набор найбольш верагодных сцэнарных варыянтаў: крызісны, інерцыйны, кансерватыўны і мадэрнізацыйны.

Які сцэнар афіцыйна дэкларуецца? Адказ на гэта пытанне знойдзем у перадвыбарчай праграме адзінага палітыка (АП) узору 2015 года. Прывяду ключавыя цытаты: «Нам нельга страціць тое, што ўжо дасягнута». «Перш за ўсё мы павінны абараніць тое, што ўжо створана». «Што маем — не захоўваем, страціўшы — плачам», — так кажа народная мудрасць».

Выбар на карысць кансерватыўнага (ахавальнага) сцэнару відавочны. Праз тры месяцы ў навагоднім віншаванні ён быў дапоўнены падрабязнасцямі, якія палохалі: стары парадак руйнуецца, ідзе новы перадзел свету, і ў гэтай «абстаноўцы мы яшчэ вастрэй адчуваем велізарную каштоўнасць спакою, міру і згоды ў нашай краіне. На вялікае шчасце, нам удаецца зберагчы Беларусь ад войнаў, тэрарызму і ўнутранай смуты».

Чытайце па тэме:  Чаму асноўны электарат дыктатараў – гэта жанчыны? (відэа)

Вось такая цяпершчына сучаснасці. Калі з усіх правоў чалавека актуальным становіцца толькі права на жыццё, тады згадкі трохгадовай даўніны пра мадэрнізацыю і асцярогі «застацца на ўзбочыне гісторыі» пачынаюць успрымацца як блюзнерства.

Так, на ўзбочыне, але жывыя! І няхай «сучасная цывілізацыя — гэта цывілізацыя пастаяннага паскарэння», мы яшчэ паглядзім, куды яе выкіне на чарговым гістарычным віражы. І глядзець мы будзем з Беларусі, якая пад мудрым кіраўніцтвам самі ведаеце каго ў наш дынамічны час застаецца цытадэллю «традыцыйнай культуры і маралі».

Але не ўсё, што ў палітыцы дэкларуецца, атрымліваецца рэалізаваць на практыцы. Калі замест абяцанага, няхай і нязначнага росту даходаў насельніцтва назіраецца іх устойлівае падзення, дык ці не сведчыць гэта пра фактычную рэалізацыю крызіснага сцэнару?

Кансерватыўны сцэнар ва ўмовах істотнага пагаршэння знешняй кан’юнктуры можа запатрабаваць ад кіраўніцтва краіны нестандартных рашэнняў не ў меншым аб’ёме, чым сцэнар мадэрнізацыйны. Аднак з упартасцю, вартай лепшага прымянення, АП працягвае паўтараць пра нязменнасць першапачатковага курсу, рашуча спыняючы пры гэтым любыя рэфарматарскія ініцыятывы ўрада.

Такім чынам, фактычна мы маем інерцыйны сцэнар з высокімі шанцамі трансфармацыі ў сцэнар паўнавартаснага сістэмнага крызісу.

Кожнаму па 500

Лістапад запомніўся нечаканым вяртаннем да народа тэмы сярэдняга заробку ў 500 долараў. Чым скончылася першая яе рэалізацыя, мяркую, беларусы яшчэ не забылі. Калегі па аналітычным цэху, натуральна, пачалі ацэньваць шанцы рэалізацыі чарговай ініцыятывы АП.

Нагадаю, даручэнне пра выхад на сімвалічную адзнаку было агучана 14 лістапада ў час рабочай паездкі АП у Магілёў. Цытую: «Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да 500 долараў наблізіліся. Трэба людзей падтрымліваць, што б там ні было».

Рэкамендую ўважліва перачытаць цытату. У пачатку АП перасцерагае ад выплаты незаробленых грошай. Але заканчвае тым, што пастаўленая задача павінна быць выканана «што б там ні было».

Праз тры дні на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ АП быў максімальна канкрэтны: «Памерці, але выйсці на 500. Я буду рабіць усё, каб мы выйшлі на 500».

Чытайце па тэме:  Сергей Николюк: Полагаю, НИСЭПИ больше нет

Каму канкрэтна трэба будзе памерці, ён не ўдакладніў. Ад сябе дадам, што апошняе абавязацельства ў афіцыйныя тэксты не патрапіла. Яно адсутнічае на сайце АП, няма яго і ў тэксце, апублікаваным у «Савецкай Беларусі».

Павышаць заробкі АП плануе за кошт росту прадукцыйнасці працы. Нічога асабліва беларускага ў гэтым няма. Так робіць увесь свет, інвестуючы штогод трыльёны долараў у новае абсталяванне, тэхналогіі і павышэнне кваліфікацыі работнікаў. Сучасны эканамічны рост — гэта рост інавацыйны. Як тут ні прыгадаць манцёра Мечнікава: «Раніцай грошы — днём крэслы, днём грошы — увечары крэслы…» Можна і наадварот. «Але грошы наперад!»

За студзень-кастрычнік 2016 года выдаткі на набыццё машын, абсталявання і транспартных сродкаў скараціліся ў Беларусі на 24,3%. Годам раней за аналагічны перыяд скарачэнне склала 26,6%. Доля інвестыцый у ВУП апусцілася да 18%. З такім паказчыкам ні адна нацыянальная эканоміка яшчэ не расла.

Але беларускай мадэлі астатні свет не ўказ. Рост прадукцыйнасці працы будзе забяспечаны за кошт падштурхоўвання і падсцёбвання кіраўнікоў. У поўнай адпаведнасці з канстытуцыйнай роўнасцю ўсіх формаў уласнасці (артыкул 13) кухталямі ды бізуном плануецца стымуляваць у роўнай ступені кіраўнікоў як прыватных, так і дзяржаўных прадпрыемстваў.

Ultima ratio

Праблема спалучэння агульнага (дзяржаўнага) інтарэсу з інтарэсамі прыватнымі і групавымі актуальная для любой краіны. Упершыню яна была пастаўлена яшчэ Платонам, і ў большасці краін, якія развіваюцца, застаецца адкрытай па гэты дзень.

Тэхналагічная мадэрнізацыя ў адказ на знешнія выклікі прад’яўляе павышаныя патрабаванні да якасці асобасных рэсурсаў кіраўнікоў і да ўзроўню іх мабілізацыі. «У такія перыяды, — адзначае палітолаг Ігар Клямкін, — і на самай справе, «кадры вырашаюць усё». Аднак для незаходніх краін гэтая праблема пагаршалася яшчэ і тым, што ім трэба было пазычаць заходнія дасягненні, не маючы за плячыма той гістарычнай эвалюцыі, прадуктам якой яны з’яўляліся».

Беларускім варыянтам адказу на знешнія выклікі ў 2016 года стала «матрыца задач для вертыкалі ўлады». Пра яе існаванне АП абвясціў 18 красавіка, прымаючы справаздачу ўрада, Нацбанка і аблвыканкамаў.

За нязвыклым для нетрэніраванага вуха фразеалагізмам хаваецца ліст паперы, на якім чырвоным колерам пазначана тое, што зроблена, сінім — поспехі ў выкананні планавых заданняў. У красавіку, паводле заявы АП, дамінаваў чырвоны колер.

Чытайце па тэме:  Сергей Николюк: Никаких шансов на выход из экономического кризиса в рамках существующей модели нет

Не выключана, што матрыца задач — гэта ўсяго толькі сінонім кухталёў і бізуна, з дапамогай якіх плануецца мабілізацыя «вертыкальшчыкаў» усіх узроўняў. Прынамсі кожная публічная яе згадка суправаджаецца заявамі пра тое, што ўсе прынятыя рашэнні «павінны няўхільна выконвацца, чаго б гэта ні каштавала».

У XVII стагоддзі кардынал Рышэлье распарадзіўся на ўсіх гарматах, што адліваліся ў Францыі, чаканіць лацінскі надпіс — «Ultima ratio regum» («Апошні довад каралёў»). Я мяркую, што паралель, якая тут напрошваецца, зразумелая. «Матрыца задач» — гэта Ultima ratio АП на сучасным этапе развіцця беларускай мадэлі. У гэтым, на мой погляд, і палягае галоўны вынік 2016 года.

Але колькі ні кажы «халва», саладзей у роце не стане. Адкрыем тэкст дакладу на пятым Усебеларускім народным сходзе. Сярод галоўных прыярытэтаў — павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання. Рухацца ёсць куды: пад аператыўным кіраваннем міністэрстваў і канцэрнаў знаходзіцца амаль палова чыстых актываў эканомікі (1.005 арганізацый). Але пры гэтым уклад іх у агульную выручку па краіне не перавышае 25%.

2017 год — юбілейны! Юбілей дзвюх рэвалюцый. На думку АП, беларусы свой рэсурс рэвалюцый вычарпалі ў мінулым стагоддзі. Такімі яму бачацца цяпершчына сучаснасці і бліжэйшая будучыня сучаснасці. Але тут ёсць з чым паспрачацца.

Рэвалюцыі немагчымыя без разрыву адносін паміж палітычнай элітай і грамадствам. «Для пачатку рэвалюцыі, — падкрэслівае гісторык Аляксандр Калганаў, — характэрная «слепата ўлады», якая ва ўпор адмаўляецца бачыць наяўнасць надзённых праблем, ці, па меншай меры, недаацэньвае іх вастрыню. Гэта характэрна і для Смуты XVII ст., і для рэвалюцыйных падзей пачатку і канца XX ст.».

Спроба адказаць на выклікі, з якімі сёння сутыкаецца беларуская мадэль, з дапамогай «матрыцы задач» — яскравы прыклад акуклівання ўлады, замыкання яе на саму сябе. Працэс гэты пачаўся не сёння і не заўтра скончыцца, але ў мінулым — 2016-м — годзе ўлада мэтанакіравана працавала над узмацненнем сваёй слепаты.

Сяргей Нікалюк, Новы час