Міхаіла Жамчужнага змясцілі ў ПКТ за абскарджванне спагнанняў

Праваабаронцам “Вясны” сталі вядомыя прычыны пераводу палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 ў Навасадах, у памяшканне камернага тыпу. Па рашэнні адміністрацыі калоніі, 1 снежня Жамчужнага змясцілі ў ПКТ тэрмінам на 3 месяцы.

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Падзеі развіваліся наступным чынам. Яшчэ за 3 дні да змяшчэння ў ШЫЗА, яго выклікаў да сябе аператыўнік, і паведаміў, што ад аднаго з зняволеных паступіла скарга аб тым, што Жамчужны з суседам па нарах размаўляў на падвышаных танах. Жамчужны патлумачыў, што канфлікту паміж ім і суседам ніякага не было, проста яны гучна размаўлялі. Тым не меней, аператыўнік папярэдзіў Жамчужнага, што ягоны сусед займаецца рамонтам абутку і можа мець пры сабе рэжучыя прадметы, а таму трэба быць асцярожным у стасунках з ім.

Пасля вяртання з ШЫЗА, Жамчужны даведаўся аб тым, што аператыўнік таксама апытваў і суседа, які таксама падцвердзіў адсутнасць паміж імі канфлікту. А ўжо на наступны дзень загадчык гаспадаркі паведаміў Жамчужнаму, каб той аформіў вопіс рэчаў, што звычайна робіцца перад пераводам зняволенага ў іншае месца.

Палітвязня таксама тэрмінова накіравалі на медыцынскі агляд. Медыкам ён паскардзіўся на праблемы са зрокам, аднак лячэння яму не прапанавалі.

Тады ж была прызначаная камісія па разгляду вынясення Жамчужнаму чарговага спагнання. Перад камісіяй яго выклікаў маёр Крэмень і наўпрост спытаў, ці збіраецца Жамчужны спыніць абскарджванне ў судзе вынесеных яму спагнанняў. На гэта палітвязень адказаў, што калі адміністрацыя не спыніць ў адносінах да яго вынясенне неабгрунтаваных спагнанняў, ён будзе працягваць іх абскарджваць.

Маёр у адказ прадэманстраваў палітвязню некалькі скаргаў ад зняволеных пра нібыта выкарыстанне ў размове Жамчужным абразлівых, але не нецэнзурных словаў. На камісіі начальнік калоніі заявіў, што Жамчужны быў папярэджаны аб спыненні ім падачы скаргаў, пасля чаго, без усялякіх разбіральніцтваў, камісія абвесціла палітвязню пра змяшчэнне яго на 3 месяцы ў ПКТ.

Яшчэ пад час знаходжання ў ШІЗА Міхаіла Жамчужнага уведамілі пра тое, што ў судзе Барысаўскага раёна прызначаныя разгляды дзвюх ягоных скаргаў на вынесеныя раней спагнанні, пра што ён не змог нікому паведаміць.

Зараз вядома, што ў задавальненні скаргаў суд Барысаўскага раёна яму адмовіў.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Система Orphus