Міліцэйскае бясчынства 2.0: мужчыну білі тварам аб парог на вачах цяжарнай жонкі і дзіцяці

У Праваабарончы цэнтр «Вясна» па дапамогу звярнулася Таццяна Г., жонка збітага міліцыяй пры затрыманні Аляксандра Г., якога падазраюць у адкрытым крадзяжы.

bez_prava_na_raspravu

Таццяна распавяла праваабаронцам, што 18 лістапада 2016 году апоўначы ў іх кватэры пачалі выломліваць дзверы невядомыя. Дом быў акружаны спецтранспартам і людзьмі ў масках з аўтаматамі і шчытамі. Затым у кватэру заляцела каля васьмі супрацоўнікаў міліцыі, адзін з якіх, не прад’яўляючы патрабаванняў, ударыў гумавай дубінкай Аляксандра Г. у твар. Пасля гэтага іншыя супрацоўнікі працягнулі збіваць падазраванага: білі тварам аб падлогу, а затым, апрануўшы кайданкі, білі тварам аб парог, таксама білі нагамі.

Збіццё адбывалася ў прысутнасці самой Таццяны, якая ў дадзены момант цяжарная, яе роднай сястры і на вачах малалетняга сына. Акрамя таго, супрацоўнікі, якія праводзілі затрыманьне Аляксандра Г., штурхалі саму Таццяну і яе сястру. Затым затрыманага звезлі.

У Першамайскім РУУС на наступны дзень пасля затрымання ёй паведамілі, што Аляксандр Г. знаходзіцца ў шпіталі, бо ён дрэнна сябе адчуваў. Але ў якой менавіта бальніцы знаходзіцца і як можна наведаць мужа, Таццяне так і не ўдалося даведацца.

23 лістапада яна даведалася ад следчага, што Аляксандр Г. ўжо знаходзіцца ў ІЧУ у Мінску. Больш ніякай інфармацыі — у чым падазраецца або абвінавачваецца Аляксандр, які яго фізічны стан — атрымаць не ўдалося, бо следчы спаслаўся на сваю занятасць. Цяпер Таццяна хоча пагаварыць са следчым і дамагчыся сустрэчы з мужам у ІЧУ.

Таксама яна сумесна з праваабаронцамі ўжо падрыхтавала скаргу ў Следчы камітэт, у якой адзначыла, што ў дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія затрымлівалі і збівалі яе мужа, утрымліваецца склад злачынства, адказнасць за якое ўстаноўлена ч.3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса, і просіць выявіць і прыцягнуць да адказнасці асоб, якія нанеслі Аляксандру Г. шматлікія ўдары, чым прычынілі фізічныя пакуты і цялесныя пашкоджанні.

«Акрамя фізічнага і маральнага ўрону мужу, нанесена маральная шкода мне і майму малалетняму сыну, матэрыяльная шкода маёй маёмасці», — падкрэслівае ў скарзе Таццяна.

Юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка адзначае:

«Супрацоўнік органаў унутраных спраў ўжывае фізічную сілу, у тым ліку баявыя прыёмы барацьбы, падручныя сродкі для спынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, затрымання асоб, якія іх учынілі, самаабароны, пераадолення процідзеяння яго законным патрабаванням, калі негвалтоўнымі спосабамі гэта зрабіць немагчыма.

У дадзеным жа выпадку падстаў для прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не было».

Нагадаем, падобны выпадак жорсткага затрымання адбыўся з урачом-педыятрам Дзмітрыем Серады, да якога раніцай 4 жніўня ў кватэру, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло гаўбечнай дзверы ў кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, збілі, апранулі кайданкі і, працягваючы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Завадскога раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, так як у следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

У сацыяльных сетках праваабаронцы запусцілі флэшмоб #БезПраваНаРасправу і заклікаюць надаць агалоску выпадкі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў:

Система Orphus