Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч пагутарыў з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.Сустрэча адбылася 22 лютага падчас форуму Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну ў Кіеве. Станіслаў Шушкевіч прадстаўляў на ім Беларусь.

Станіслаў Шушкевіч падчас форуму Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну ў Кіеве

 

Пра змест гутаркі Станіслаў Шушкевіч распавёў Свабодзе.

— Ці была ў вас магчымасць падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам абмеркаваць нейкія пытанні асобна?

— Ведаеце, мы абмяркоўвалі ўсе праблемы, якія стаяць перад намі. Хутчэй, калі Парашэнка тлумачыў, чаму ён кантактуе з Лукашэнкам, я сказаў, што ня бачу ў гэтым нічога дрэннага, таму што трэба кантактаваць з тымі, хто мае рэальную ўладу на месцы. Ён асцерагаўся, што я буду яго асуджаць за гэта. Але толькі такім чынам можна вырашыць пытанні, у якіх зацікаўленая Ўкраіна. Толькі такая была гаворка.

— Ці абмяркоўвалася на сустрэчы магчымасць удзелу Беларусі ў міратворчай апэрацыі на Данбасе?

— Вось тут катэгарычна, і Парашэнка пасля гэтага сказаў, і я гэта сказаў, што ня можа быць міратворцаў з той краіны, якая есць хаўруснікам агрэсара. Беларусь, праз АДКБ і праз пагадненне аб так званай Саюзнай дзяржаве, фактычна мае адзінае вайсковае фармаванне з Расеяй, таму міратворцаў з Беларусі ня можа быць. Краіна-агрэсарка ня можа накіроўваць міратворцаў ва Ўкраіну.

— Парашэнка падтрымаў такую пазыцыю?

Чытайце па тэме:  Аўтакалёна прарасейскіх актывістаў са сцягамі праехала праз цэнтар Менска. (ВІДЭА)

— Лепш запытаць у яго. Не было патрэбы, каб ён падтрымаў гэта ўсё. Я перакананы, што ўсе, хто ўдзельнічаў у гэтай размове, былі з гэтым згодныя.

— Наконт вашага ўдзелу ў Балтыйска-Чарнаморскім форуме. Вядома, што першая ініцыятыва пра стварэнне такой супольнасці паходзіла ад дэпутатаў БНФ, калі вы былі кіраўніком парлямэнту, але тады вы не падтрымалі адпаведнай ініцыятывы.

— Тое, што выказваў БНФ, 200 гадоў таму выказалі іншыя дзеячы і ў Польшчы, і ў іншых краінах. Вось калі вы будзеце чытаць Навумчыка, то наагул усё добрае зрабіў БНФ, а ўсё дрэннае — Шушкевіч.

— Дык вы ў 90-я ўспрымалі гэтую ідэю ці не?

— У той трактоўцы, у якой тады ішла размова, гэта — Вышаградзкая група, і мы ня мелі да яе дачынення. А Беларусь ад мора да мора, як хацеў Пазняк, — няхай ён так і хоча. Я так яго разумеў.

— Вы не адчуваеце, што тады памыляліся?

— Абсалютна. Не было адпаведнай размовы і не было да чаго далучацца. Гэта была такая ідэя на ўзроўні — «вось мы зробім цуд, а як гэта рабіць — няхай робяць іншыя». Заўважце, БНФ ніколі не займаўся канкрэтнай працай. Іх запрашалі, дарэчы, на пасады і культурныя, і міністэрскія, але яны хацелі даваць парады іншым. Хто з іх калісь далучыўся да нейкай канкрэтнай справы? Адзін, можа, толькі Трусаў з Таварыствам беларускай мовы зрабіў канкрэтную справу. Ён працуе і нешта робіць.

Чытайце па тэме:  Кремль не против переноса места переговоров по Донбассу

— На вашу думку, ці ёсць цяпер шанец, што Балтыйска-Чарнаморскі форум можа прынесці практычную карысць і да яго далучацца і цяперашнія, а ня толькі былыя кіраўнікі рэгіёну?

— Ці можа быць карысць з гэтай структуры? Мне здаецца, так. Што да мяне, я займаюся і выкладчыцкай дзейнасцю, то для мяне тут адкрываюцца вочы на шмат якія праблемы. Я б, напэўна, наўрад ці так старанна вывучаў мэмарандум Рымскага клюбу, а тут, на форуме, мы змаглі гэта абмеркаваць і зрабіць пэўныя высновы. Карысць ёсць і сёння, і надзея, што яна будзе і ў далейшым, таксама ёсць.

На форуме, арганізаваным Нацыянальным інстытутам стратэгічных даследаванняў, Украіну прадстаўляюць Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка, Беларусь — Станіслаў Шушкевіч, Баўгарыю — Пётар Стаянаў, Літву — Вітаўтас Ландсбэргіс, Латвію — Валдзіс Затлерс, Малдову — Пэтру Лучынскі, Польшчу — Аляксандар Квасьнеўскі. Прэзыдэнт форуму — Генадзь Бурбуліс.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: