У родным Крэве, стоячы на Юр’явай гары, згадаў, як стаяў тут 40 год таму, калі выйшла першая кніга, якую назваў я “Сад на скрыжаванні”.

Facebook

Facebook

І хоць у выдавецтве яе перайначылі, перарабілі ў нешта іншае, у “Адкрыццё”, ува мне яна заставалася садам, які квітнеў у душы, у якім было так светла і прасторна, што я, глядзячы, як бягуць і бягуць да небасхілу – і далей, за яго – крэўскія горы і пагоркі, раптам адчуў такую неверагодную моц, сілу, што само сабой выдыхнулася:

“Ні канца мне, ні краю, я бязмежны, як свет, Уладзімір Някляеў, беларускі паэт!” – і тут жа, спускаючыся з гары, завінаваціўся перад светам, засаромеўся: “Што гэта за пыха з мяне папёрла?..”

Нідзе гэтыя радкі я не друкаваў, нават не ўспамінаў.

І вось праз сорак год, стоячы на той жа гары і гледзячы, як бягуць і бягуць да небасхілу – і далей, за яго – крэўскія горы і пагоркі, думаў: “Вось ён, мой сад на скрыжаванні, маё Крэва, мая Беларусь з каранямі ў глыбінях часу і вершалінымі ў вышынях неба! Яна была, ёсць і будзе той зямлёй, над якой лунае крывіцкі дух такой моцы і сілы, што яго не перайначыць, не перарабіць у нешта іншае, хто б і як бы таго ні дамагаўся. І гэтая моц, і гэтая сіла зноўку ўвайшла ў мяне, бліснула, як маланка на небасхіле, громам пракацілася там, далёка, над Перуновай гарой – і тут жа ўспомнілася, зноў само сабой выдыхнулася:

Ні канца мне, ні краю.
Я бязмежны, як свет.
Уладзімір Някляеў.
Беларускі паэт.

І гэтам разам, спускаючыся з гары да руінаў Крэўскага замка, у якім дыхае, як яе ні знішчалі, ні перараблялі і ні перайначвалі, наша гісторыя, не адчуў я перад светам ні віны, ні сораму.

Уладзімір Някляеў


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.