“Мы выпілі 5-6 бутэлек гарэлкі на васьмярых. Андрэй быў самы цвярозы”

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

У навагоднюю ноч у Мінску адбыўся інцыдэнт са стралянінай: у выніку канфлікту міліцыянт цяжка параніў жыхара сталіцы.

Андрэй Г. са сваёй жонкай. Фота з сацсетак.

Андрэй Г. са сваёй жонкай. Фота з сацсетак.

Паводле версіі міліцыі, мінчанін Андрэй Г. неадэкватна адрэагаваў на просьбу знізіць гучнасць музыкі і накінуўся на праваахоўніка, спрабуючы адабраць пісталет. У выніку Андрэй Г. атрымаў два кулявыя раненні і цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі пад аховай, яго стан стабільна цяжкі. Паведамляецца, што міліцыянт у выніку сутычкі атрымаў траўму галавы і таксама знаходзіцца на лячэнні. Еўрарадыё звязалася з блізкімі сябрамі Андрэя. Яны сцвярджаюць, што шакаваныя гэтым здарэннем.

“Мы ўсе ў шоку. Андрэя з 2004 года ведаю. Яго вывесці з сябе было нерэальна. Ён заўсёды спакойны быў, заўсёды. Наколькі я ведаю, у яго не было ніводнага прыводу ў міліцыю. Ён ніякімі адзінаборствамі не займаўся. Толькі ў басейн хадзіў, таму што у яго хворая нага і дактары парэкамендавалі. Калі Андрэю прыйшла павестка на медкамісію ад ваенкамата, яго накіравалі на лячэнне, не ўзялі ў армію праз хворую нагу… Мы з Андрэем у тэхнікуме разам вучыліся, пасля ва універсітэце. Я яго вельмі даўно ведаю”, — расказвае Аляксандр М.

Яшчэ адзін сябра, Дзяніс Г., прыйшоў у госці да Андрэя ўвечары 31 снежня, ён пагадзіўся расказаць, што адбывалася ў тую ноч, колькі алкаголю выпіла іх кампанія і якой была рэакцыя калег міліцыянта, які страляў у Андрэя.

Чытайце па тэме:  Мингорисполком запретил семь пикетов в защиту парка на Цнянке

— У той вечар вы разам сустракалі Новы год?

— Так, мы былі разам.

— Можаце расказаць, як усё адбывалася? У колькі вы сустрэліся?

— Да Андрэя мы прыйшлі ў 10 гадзін вечара. Я са сваёй дзяўчынай прыйшоў. Селі адзначаць Новы год. Самі разумееце. Выпівалі, закусвалі. Каля трох гадзін пайшлі на ёлку. У Малінаўцы. Прыкладна праз паўтары гадзіны вярнуліся назад і зноў селі за стол.

— Суседзі скардзіліся на вас?

— Як толькі селі, нехта пазваніў у дзверы. Андрэй выйшаў пагаварыць, потым вярнуўся і сказаў, што трэба зрабіць цішэй, бо мы замінаем. Музыка гучала з тэлевізара праз калонкі. Мы адключылі калонкі, пакінулі толькі гук на тэлевізары. Каля 25 пунктаў узровень гучнасці быў, магчыма, 20.

— Што было далей?

— Прыкладна праз паўгадзіны я выйшаў пакурыць на балкон. Зазваніў дамафон. Потым тыя, хто быў у пакоі, пачулі два плескачы. Я выйшаў і убачыў людзей у тамбуры. Андрэй ляжаў увесь у крыві. А міліцыянер стаяў з яшчэ не апушчаным пісталетам. Першымі да Андрэя выйшлі дзяўчаты. Калі выйшаў я, праз хвіліну, то забеглі яшчэ міліцыянеры. Яны апусцілі пісталет першага і забралі яго.

— Што гаварылі гэтыя міліцыянты вам? Што яны рабілі?

— Адзін падышоў да мяне і сказаў, каб я не нарабіў ніякіх глупстваў. Сказаў, што гэтага міліцыянта і так пасадзяць. У мяне і не было думак помсціць. Я сам быў у шоку. Стаяў і не мог крануцца. Міліцыянт, які страляў, сышоў. І мы засталіся толькі з новым міліцыянтам. Мы нічога не рабілі. Жонка Андрэя стаяла на каленях ля мужа, дзяўчаты прыносілі ручнікі. Хуткую мы выклікалі. Міліцыянт гаварыў, што хуткая ўжо едзе.

Чытайце па тэме:  Навагодняя стральба: паказанні сведак (відэа)

— Па версіі міліцыі, ваш сябра Андрэй моцна збіў супрацоўніка. Той атрымаў удар нагой, ударыўся галавой аб сценку. Як ён выглядаў? Былі сляды пабояў?

— Ведаеце, я цяпер, напэўна, нават не пазнаю яго ў твар. Але памятаю, што форма была на ім акуратнай. Ніякіх пашкоджанняў не было.

— Ці можаце вы сказаць, колькі ваша кампанія выпіла алкаголю ў той вечар?

— Па-мойму, мы не выпілі нават паловы таго, што мелі. 5-6 паўлітровых бутэлек гарэлкі выпілі на восем чалавек. І пілі з 10 вечара, а ўсё гэта адбывалася а палове сёмай. Мы не п’яніцы. Разумееце, мяне адразу забралі ў РУУС, і я ім там дакладна ўсё патлумачыў, даў паказанні. А Андрэй яшчэ большы за мяне. Я кілаграмаў 80 важу, ён яшчэ больш. Пілі мы толькі гарэлку. Па бакале шампанскага ў 12, а потым толькі гарэлку.

— Вам у пастарунку тэст на алкаголь рабілі?

— Так. Але прыкладна ў 14 гадзін дня. У мяне было каля 0,7 праміле.

— Андрэй быў у такім жа стане як вы?

— Ён быў цверазейшым. Як гаспадар ён час ад часу прапускаў кілішкі, дапамагаў на кухні. А першага збіраўся ў госці да бацькоў жонкі і да сваіх. Ён быў цверазейшым за нас. Ды і ніхто моцна п’яным не быў.

Чытайце па тэме:  Одурманенный спайсом водитель въехал в остановку общественного транспорта в Гродно, погибла женщина (видео)

— Вы не ведаеце, хто мог выклікаць міліцыю?

— Не. Суседка па тамбуры потым расказала, што ў 5 гадзін прачыналася пакарміць дзіця і ёй наша музыка не замінала. Андрэй — абсалютна спакойны чалавек. Вы можаце ўсіх аднакурснікаў нашых распытаць, вам усе гэта пацвердзяць.

Алесь Пілецкі, Еўрарадыё