На дом грамадскай актывісткі Вольгі Мікалайчык накладзены арышт

Судовыя выканаўцы Першамайскага раёна Менска наклалі арышт на прыватны дом грамадскай актывісткі Вольгі Мікалайчык.

Вольга Нікалайчык - крайняя злева, svaboda.org

Вольга Мікалайчык — крайняя злева, svaboda.org

Вольга Мікалайчык была аштрафаваная за ўдзел у шэрагу мірных вулічных пікетаў, у якіх удзельнічала летась. Сярод іншых гэта пікет «нацыянальнага сцяга», пікет салідарнасці з грамадскімі актывістамі Эдуардам Пальчысам, Нінай Багінскай і многімі іншымі.

Паведамленне пра арышт жытла актывістка атрымала на трэці дзень новага году, тым часам як пастанова датаваная 1 снежня 2016 году, кажа Вольга Мікалайчык.

Падставай для гэтага стаў нясплочаны штраф памерам 5200 рублёў.

«Я нават усцешаная гэтай сітуацыяй, бо ёсць дадатковая нагода прыцягнуць увагу грамадскасці і міжнароднай супольнасці да таго беззаконня, якое сёння адбываецца ў нашай кране. Мне выпісвалі штрафы за мірныя вулічныя акцыі толькі таму, што на іх не было дазволу. Адначасна атрымаць афіцыйны дазвол на іх правядзенне практычна немагчыма. Прычым памер штрафу — 200-300 даляраў — абсалютна неадпаведны ўчынку. Гэта цалкам рэпрэсіўная акцыя з мэтай спынення грамадскай актыўнасці, а не захавання законнасці. Акрамя таго, я ўжо некалькі гадоў не магу знайсці працу — мяне пазбавілі яе цяперашнія ўлады і робяць усё магчымае, каб мяне нідзе не прымалі на працу менавіта за маю грамадскую актыўнасць і палітычныя погляды. Як я магу сплаціць штраф, калі жыву выпадковымі заробкамі і не маю аніякай пэўнасці, ці буду мець сродкі на кавалак хлеба? Жытло — гэта адзінае, што ў мяне ёсць, і ўлада паквапілася нават на яго. Гэтак сёння адбываецца з вельмі многімі грамадскімі актывістамі ў нашай краіне, таму я хачу, каб гэтая інфармацыя стала вядомая міжнароднай супольнасці», — расказала Свабодзе Вольга Мікалайчык.

Чытайце па тэме:  Налоговики на Полоцком рынке: "Я чувствую себя как в начале 90-ых. Когда эту будем брать?"
Система Orphus