Вязня папраўчай калёніі № 9 Міхаіла Жамчужнага зноў пакаралі 10 суткамі карцэра. Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які атрымаў звесткі пра Міхаіла Жамчужнага пасля візыту адваката вязня ў Горацкую калёнію.

Міхаіл Жамчужны

 

«Міхаіл толькі 9 лютага адбыў ранейшае пакаранне карцэрам, знаходзіўся ў ПКТ, як зноў атрымаў 10 сутак карцэру. Трэці раз ад пачатку году, а за час зняволення ўжо 20-е пакаранне. Кажуць, за тое, што нібыта не прыбраў у камэры», — сказаў праваабаронца пра свайго калегу Міхаіла Жамчужнага.

Андрэй Бандарэнка мяркуе, што насамрэч Міхаіла Жамчужнага караюць за скаргі на былыя пакаранні і за тое, што ён па-ранейшаму адмаўляецца перайсці ў атрад, дзе трымаюць вязняў з нізкім статусам.

«Аказваецца, той выпадак, калі невядомы вязень пагражаў яму ў калідоры мэдчасткі, быў па ліку другі. Жамчужны згадаў пра гэта ў лісце, але падрабязнасцяў не паведаміў. Але мне зразумела, што ціск працягваецца, а ён не саступае, змагаецца за свой гонар», — кажа Андрэй Бандарэнка.

Паводле Міхаіла Жамчужнага, у канцы студзеня невядомы вязень напаў на яго ў калідоры мэдычнай часткі калёніі № 9 і пагражаў фізычнай расправай, калі зноў сустрэне на тэрыторыі калёніі. Пра гэты выпадак стала вядома з ліста вязьня на волю. У адміністрацыі Горацкай калёніі гэтыя звесткі не камэнтуюць. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка кажа, што на звароты ў адміністрацыю, каб адносна Міхаіла Жамчужнага прынялі меры бяспекі, адказаў ён не атрымліваў.

Чытайце па тэме:  Міхаіл Жамчужны намераны звяртацца ў ДВП аб пераводзе ў іншую калонію

У 2017 годзе Міхаіл Жамчужны паведамляў, што адміністрацыя калёніі загадала яму перайсці ў атрад, дзе ўтрымліваюць вязняў з нізкім статусам, але ён адмовіўся, за што яго пэрыядычна каралі карцэрам або змяшчэннем у ПКТ (памяшканне камэрнага тыпу). «Па выхадзе з карцэру Жамчужны зноў трапляе ў ПКТ, адкуль зноў адмаўляецца праследаваць у атрад, за што зноў трапляе ў карцэр. Гэта карусэль, толькі з невялікімі варыяцыямі», — кажа Андрэй Бандарэнка. Па звестках Андрэя Бандарэнкі, кожнае спагнанне Міхаіл Жамчужны абскарджваў, але ніводнага разу гэта не дало станоўчага выніку.

Пры гэтым, паводле адваката, які на мінулым тыдні сустракаўся з Міхаілам Жамчужным, «той выглядае бадзёрым, на ўмовы ня скардзіцца». Калі Міхаіл Жамчужны з карцэра выходзіць у ПКТ, ён атрымлівае пошту, сказаў абаронца Андрэю Бандарэнку.

Выкладчык і праваабаронца Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на 6,5 года зняволення паводле абвінавачання ў спробе завалодаць службовымі звесткамі міліцыі і даць міліцыянту хабар. Жамчужны сваёй віны не прызнаў і працягвае дамагацца апраўдання. Паводле прысуду Міхаіл Жамчужны мусіць адбыць за кратамі яшчэ 3 гады.

Праваабаронцы «Вясны», сябры форуму «За свабоду палітвязням» ды іншых праваабарончых структур прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязнем і патрабуюць ад беларускіх уладаў перагледзець ягоную справу ў адкрытым судовым паседжанні, а таксама спыніць пераслед яго ў калёніі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: