Гаворка пра слова і справу, дакладней, пра гаварэнне і дзеянне.

labadzenka.by

labadzenka.by

Мала хто што гаворыць, хай гавораць, «хоць гаршчком назаві, толькі ў печку не стаў», «языком мянці, а рукам волі не давай».

Здавалася б, вядомы з маленства закон. І катэгарычны імператыў сцвярджае: «не рабі іншаму таго, чаго не хочаш каб рабілі табе» – не рабі, а не «не кажы». Кажы сабе што хочаш.

Слова таксама можа прынесці шкоду, напрыклад, калі гэта данос і калі данос – прыняты ў грамадстве інструмент, што запускае ў дзеянне рэальную рэпрэсію. Як было ў сталінскі перыяд.

Настаюць, бывае, у гісторыі такія часы, калі гаварэнне робіцца важнейшым за дзеянне. І нічым добрым такія часы ніколі не сканчаюцца. Хоць, здавалася б, так проста – па дзеях пазнаеце іх, а не па словах.

У сеціве абмяркоўваюць словы Святланы Алексіевіч пра палякаў, якія «найгорш ставіліся да габрэяў». Ну сказала і сказала. Аглабельна прагучала, як у Лукашэнкі ў Бабруйску некалі – пра габрэяў, што «нячыста жывуць». Глупа спрачацца, прыпісваючы ўсёй нацыі рысы пэўнага чалавека. Ідзі спрачайся – які народ чысцей жыве, які брудней, які лепей ставіцца да габрэяў, які горш. Спрэчцы няма канца. Факт той, што палякі забівалі габрэяў не з чыйгосьці прымусу, не на загад, а на покліч сэрца. І недарэчна супастаўляць тыя забойствы з тым, хто сёння пра іх што сказаў, тым больш сказаў у мінулым часе – «ставіліся». Там было дзеянне, тут – гаварэнне. Між тым, у сеціўных абмеркаваннях гучаць заклікі да абструкцыі і расправы над Алексіевіч. Заклікі да дзеяння ў адказ на гаварэнне.

Мы ўжо парадкам уцягнуліся ў гэтую «новую» сітуацыю. Згадайце колькі чалавек за нашай памяццю адседзела за «абразу прэзідэнта».

Але слова не можа абразіць ні прэзідэнта, ні польскую нацыю, бо само па сабе слова, нават несправядлівае і непраўдзівае – узвышае нас над нашымі ўласнымі паскудмтвамі. І толькі ўзняўшыся над імі, мы робімся мацнейшымі. Нацыя, якая здолее пераступіць праз сваё паскудства, мае шанец на чыстую будучыню. Нават калі ніякага паскудства не было. Калі ж нацыя пачынае даказваць, што паскудства не было, што гэта не паскудства, што гэта не яе паскудства, што яе паскудства тут толькі кавалак… – яна застанецца з гэтым паскудствам і ў будучыні. Нават калі ніякага паскудства і не было.

Часам мне здаецца, што ўсе нашы сеціўныя палемікі менавіта пра гэта – пра гаварэнне і дзеянне. Маім апанентам усё цяжэй робіцца зразумець розніцу паміж імі. І прыняць. Даверыцца катэгарычнаму імператыву. З чаго я і раблю выснову, што мы зусім недалёка ад той смтуацыі, калі грамадмтва прымае данос як дапушчальны сігнал для пакарання – пісьменніка, габрэя, суседа…

Сімптаматычны «новы» пастулат РПЦ – дзяцей трэба біць, каб не парушыць пісання. Гаварэнне нібыта патрабуе карнага дзеяння. Тут нават не ў дзецях справа, бо тое вырашаецца ў сям’і, а ў тым, што біць трэба тых, хто адмаўляецца біць дзяцей.

Гэты працэс, гэты рух у бок даносу – не што іншае, як дэвальвацыя маралі, калі, напрыклад, пастулат «палякі добра ставіліся да габрэяў» падаецца як важнейшы за самое забойства габрэяў. Калі нейкія словы і пастулаты, няхай нават з пісання, важнейшыя за рэальную шкоду чалавеку. Тады рэальная шкода – забойства, калецтва, рабунак – робіцца дапушчальнай, магчымай, нават патрэбнай у імя пэўных пастулатаў. Беднае чалавецтва наступала на гэтыя граблі мноства разоў, пасля каялася, дзівілася само з сябе (як такое магчыма?), пасля ізноў наступала.

Здавалася б, так проста – адсачыць той момант, калі крыўднае гаварэнне становіцца падставай для шкоднага дзеяння, калі граблі зноў пастаўленыя зубамі да сябе.

Сяргей Дубавец, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.