Першая АЭС будзе не апошняй

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Яшчэ не сціхлі скандалы вакол будаўніцтва першай у Беларусі АЭС, а кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў сёння на прэс-канферэнцыі заявіў, што гэта АЭС стане не апошняй на тэрыторыі нашай краіны.

at

“Мы мяркуем, што атамная станцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, будзе не апошняй на тэрыторыі краіны. Будуць яшчэ стварацца атамныя станцыі, гэта можа быць да 2030 года, — паведаміў высокі чыноўнік ад навукі. — У нас сёння недастатковае энергазабеспячэнне, і ў гэтым накірунку трэба працаваць”.

Цяжка сказаць, хто натхніў спадара кіраўніка НАН на такія выказванні. Як вядома, і цяпер яшчэ не ўсё зразумела з будаўніцтвам і будучыняй АЭС на Астравеччыне. Па-першае, не сціхлі скандалы з транспарціроўкай і ўсталяваннем карпусоў рэактараў, якія атрымалі рознага кшталту пашкоджанні на пэўных тэхналагічных і лагістычных стадыях. З гэтай прычыны каштарысы будаўніцтва першых двух блокаў АЭС выраслі на вялікія сумы. Ды і дакладную дату ўводу ў эксплуатацыю нават першага рэактара ніхто сказаць не можа, піша Новы час.

Па-другое, як адзначаюць спецыялісты, ужо цяпер узнікае пытанне, куды прадаваць лішкі вытворчасці энергіі з БелАЭС. Падаецца, што ў Еўропе гэтую энергію ніхто не чакае (там, апроч іншага, існуе зусім адрозная ад нашай энергетычная сістэма, як тэхналагічная, так і заканадаўчая).

Па-трэцяе, само па сабе будаўніцтва гэтай БелАЭС выклікае абурэнне і пратэсты ў нашых суседзяў, асабліва ў Літве. БелАЭС, калі яна ўсё ж будзе дабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю, знаходзіцца ўсяго толькі ў 20 кіламетрах ад літоўскай мяжы і ў 50 кіламетрах ад сталіцы гэтае краіны Вільнюса. Ружа вятроў на гэтай прасторы такая, што калі, барані Божа, нешта здарыцца, то ўсё радыёактыўнае паскудства накіруецца ў першую чаргу менавіта на Вільнюс, а хутка эвакуяваць шматтысячны горад будзе проста немагчыма.

Чытайце па тэме:  Юрий Воронежцев: Ядерные могильники опаснее, чем сама АЭС

Апасенні выклікае і самое месца размяшчэння БелАЭС — крыху больш як за кіламетр ад будоўлі, у 1908 годзе, адбыўся моцны землятрус амплітудаю ў 7 балаў, у выніку чаго з’явіўся велізарны разлом. Што, лабісты-атамшчыкі спадзяюцца, што ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі ці стагоддзі такое не паўторыцца на гэтым месцы ці блізу яго?

І вось на тле такіх абставін Гусакоў заяўляе пра перспектывы будаўніцтва ў невялікай па тэрыторыі Беларусі яшчэ іншых атамных электрастанцый. Элементарная неадукаванасць аграрыя (Гусакоў — спецыяліст па сельскай гаспадарцы)? Гульня на руку ядзернага лобі? Ці проста цынізм, блюзнерства, асабліва калі гаворка ідзе пра краіну, якая найбольш у свеце пацярпела ад “мірнага атаму” пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году?

Многія цывілізаваныя краіны адмаўляюцца ад атамнай энергетыкі. Нядаўняя адносна катастрофа на АЭС у японскай Фукусіме ў выніку цунамі пасля землятрусу перапоўнілі цярпенне ўладаў Германіі і Швейцарыі, гэтыя краіны ўжо заявілі пра адмову ад выкарыстання атамнай энергіі і закрыццё сваіх АЭС. На гэты шлях становяцца і многія іншыя краіны. У свеце ўсё больш папулярнымі (і эфектыўнымі!) становяцца альтэрнатыўныя крыніцы энергіі — ветракі, сонечныя станцыі, біялагічныя тэрмастанцыі, ды і гідраэлектрастанцыі маюць ячшэ вялікі патэнцыял, у тым ліку і ў Беларусі. Дык навошта нам будзіць ядзернае ліха?

Ясна, як бярозавы пень, што калі словы і планы Гусакова ды ачоленай ім НАН спраўдзяцца, то Беларусь залезе яшчэ ў большую кабалу да Расіі, бо набываць ядзернае паліва для АЭС Беларусь рэальна зможа толькі там. Дык у чым і каму выгода? Толькі тым, хто працуе ў ядзерным сектары і хто разлічвае на бюджэтныя сродкі для рэалізацыі сваіх планаў і задавальнення непамерных апетытаў.

Чытайце па тэме:  В Бельгии убили охранника АЭС и похитили его пропуск

А наступствы для Беларусі і для людзей і, у рэшце рэшт, для і так цяжка хворай айчыннай эканомікі — справа другасная. Застаецца толькі спадзявацца на здаровы сэнс і на тое, што падобныя планы і надзеі Гусакова і кампаніі застануцца толькі пражэктамі, якія не будуць мець перспектыў і шансаў на рэалізацыю.