Беларусаў узбудзіла і зьбянтэжыла нядаўняя заява міністра Замежных справаў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага аб закрыцьці Белсата і пераводзе вяшчаньня на Беларусь на расейскую мову. Асабліва зьдзівіў гэты нечаканы паварот на 180 градусаў тварам да “рускага сьвету”. Тут ужо нейкае новае слова ў польскай дыпляматыі. Раней на такое здатныя былі толькі немцы.

pazniak

Але ў канкрэтным выяўленьні справа выглядае даволі проста. У лукашысцка-польскай палітыцы галоўнае пытаньне для Лукашэнкі – гэта зачыненьне беларускага тэлебачаньня Белсат, якое надае трансьляцыю з Варшавы. Яно яму як костка ў горле. Вельмі нездаволеная Белсатам і Масква (бо вяшчае па-беларуску і звужае прэтэнзіі “русского мира”). Дык Крэмль таксама штурхае Лукашэнку ў плечы.

Тым часам польскія нацыяналісты (дакладна гэтак жа, як і расейскія) жывуць яшчэ ўяўленьнямі ня тое, што дваццатага, а хутчэй нават дзевятнаццатага стагоддзя (хаця сьвет ужо іншы). Ім мрояцца “крэсы”, Рыжскі падзел, карта паляка, “польскі касьцёл” і т. п.

І Лукашэнку, і рэжымнай дыпляматыі гэта добра вядома. Неўзабаве высілкі гэтай рэжымнай дыпляматыі далі плён. Тое, чаго не атрымлівалася з польскімі лібэраламі, з нацыяналістамі пайшло, як па маслу.

У сакавіку ў Менску гасьцяваў з афіцыйным візытам міністар Замежных справаў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі. Потым была яшчэ сэрыя візытаў іншых польскіх міністраў. У жніўні Менск наведала цэлая польская дэлегацыя начале з віцэ-маршалкам Сэйму Рышардам Тэрлецкім. Дэлегацыя сустрэлася з кіраўніцтвам лукашэнкаўскай “палаткі” і гэтым самым нечакана для беларусаў прызнала гэтую кішэнную нелегітымную структуру, адрынутую Эўразьвязам.

Далей болей. 10-га кастрычніка Варшаву з візытам адведаў міністар Замежных справаў рэжыму Ўладзімер Макей. У яго былі сустрэчы і перамовы зь міністрам В. Вашчыкоўскім і прэзыдэнтам Анжэем Дудам. Тут ужо пасыпаліся абяцаньні і “тонкя” прапановы. У выніку 4-6 сьнежня Менск наведаў з афіцыйным візытам кіраўнік Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі. Тут яго спаткалі з распрасьцертымі абдымкамі і так прыязна, што ў спадара Карчэўскага, відаць, закружылася галава. Па прыезьдзе ў Варшаву ён толькі і казаў пра “вельмі цёплы прыём” і што Лукашэнка – гэта такі “цёплы чалавек”.

Справа пачала папахіваць фарс-вадэвілем. Я ня ўпэўнены, ці пачаставаў спадар Лукашэнка спадара Карчэўскага моркаўкай, але што нагаварыў яму кучу цёплых абяцаньняў і бочку арыштантаў – не сумняваюся. У выніку міністар Вашчыкоўскі агучыў плян аб закрыцьці Белсата і зьбянтэжыў усіх. Прытым ініцыятыва ішла ад Лукашэнкі. Сутнасьць пляна ў тым, што Польшча ліквідуе Белсат, а за гэта Лукашэнка дазваляе трансляваць тэлевізію (ТВП) “Палёнія” на ўсёй тэрыторыі Беларусі дзеля дэманстрацыі беларусам польскай культуры, мовы і дэмакратыі. Палякі пагадзіліся, але ўключыўшы ў Палёнію беларускую рэдакцыю. Лукашэнку тое не да носу, але ён тут жа пагадзіўся пры ўмове, што гэтая рэдакцыя будзе вяшчаць … на расейскай мове. З гэтым усе таксама пагадзіліся, абумовіўшы, што яшчэ будуць думаць.

Вось такая гісторыя ў кароткім лапідарным аглядзе. Прытым польскія міністры, магчыма, нават не заўважылі, як элегантна разьвярнуліся да “русского мира”. Ёсьць такая прымаўка: “На ўсялякіх мудрацоў хапае прастаты”.

Гэтыя “пляны” моцна зьбянтэжылі нашу слаўную кіраўніцу Белсату пані Агнешку Рамашэўскую. Паведамленьне міністра Вашчыкоўскага стала для яе поўнай нечаканасьцю, бо раней, як паведаміла пані Агнешка, дамаўляліся пра іншае… І пачаўся землятрус.

20 гадоў мы, беларусы, вымушаныя назіраць гэтую цыганскую палітыку вусатага эксцэнтрыка і ня можам надзівіцца, колькі наіўных людзей (“лохаў” на палітжаргоне) топчацца ў палітыцы ад Украіны і да Біскайскага заліва.

Сьмешна, вядома, але тут – трагікамэдыя, і ў сапраўднасьці – не да сьмеху. Калі ніхто не растлумачыць спадарам візіцёрам, што было і што будзе, то будзе кепска. Белсат сапраўды могуць ліквідаваць, але «Палёнія» вяшчаць у Беларусі ня будзе. Пакуль ва ўладзе ў Расеі сядзяць Пуцін і “русский мир”, вяшчаць у Беларусі будзе толькі расейскае тэлебачаньне і толькі “русский мир”, і ніхто іншы: ні ўкраінцы, ні палякі і … не беларусы. І калі зь беларусамі для Масквы і рэжыму ўзьнікнуць праблемы, то можна знайсьці чэснага польскага міністра і ліквідаваць тое яго рукамі. І чын гэты ўвойдзе ў гісторыю. Толькі каб ня здарылася так, што гісторыю Польшчы ўжо будзе пісаць Масква.

У заключэньне прывяду вытрымкі з інтэрв’ю міністра Замежных справаў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага, каб чытач пераканаўся, як і што сапраўды было там сказана.

В. Вашчыкоўскі пра планы: “Паўстала канцэпцыя злучэньня замежных рэдакцыяў у новае ТВП “Палёнія”. Мы хочам, каб гэтае тэлебачаньне глядзелі таксама ў Беларусі. Чакаюць на тое палякі, якія жывуць у гэтай краіне. Ёсьць таксама гатоўнасьць зь беларускага боку, каб уключыць ТВП “Палёнія” у беларускую сістэму вяшчаньня, каб яго маглі глядзець па ўсёй краіне.”

Пра Белсат: “Гэтая станцыя вяшчае ўжо 10 гадоў, і яе ўплыў на рэчаіснасьць сьціплы. Альтэрнатывай ёсьць тое, каб рашыцца на прапановы беларусаў (гэта значыць Лукашэнкі – З. П.), каб дазволіць ім трансмітаваць ТВП “Палёнія” на ўсю тэрыторыю Беларусі. Даходзіла б гэта таксама да некалькіх сот тысячаў палякаў, а беларускае грамадзтва бачыла б, як выглядае жыцьцё ў суседняй краіне. Гэта таксама было б пэўнай палітычнай альтэрнатывай… Яны глядзелі б на Польшчу гэтак, як мы за часы камуны глядзелі на Захад.”

Пра журналістаў: “Журналісты беларускай рэдакцыі (маецца на ўвазе Белсат – З. П.) будуць мець магчымасьць далейшай працы. Будуць магчы працягваць працу над парталам у Інтэрнэце і ствараць матэрыялы для ТВП “Палёнія”.

Усе гэтыя выказваньні мы пакідаем без камэнтарорў. Планы настолькі адмоўныя для Беларусі і некарысныя для Польшчы, што цяжка паверыць, каб іх прынялі сур’ёзныя палітыкі. Хаця цяпер ужо ўсё мажліва.

Зянон Пазьняк


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.