20 снежня на працэс над аўтарамі сайту «Рэгнум» прыйшоў вядомы праваабаронца, былы суддзя і адвакат Гары Паганяйла. Сваю цікаўнасць да працэсу над «пракрамлёўскімі прапагандыстамі» Гары Паганяйла патлумачыў апасеннямі, што «з прычыны палітызаванасці справы будуць парушаныя правы абвінавачаных, у тым ліку на абарону».

Гары Паганяйла каля Менскага гарадзкога суду, дзе разгялядаецца «справа „Рэгнума“»

 

Карэспандэнт Свабоды папрасіў праваабаронцу пракамэнтаваць падзеі на судзе ў трэці дзень працэсу, калі з аналізам абвінаваўчага заключэння і экспэртызы выступіў падсудны Сяргей Шыптэнка.

«Ён ведае, пра што кажа. Бачна, што самым уважлівым чынам разам з адвакатам вывучыў матэрыялы справы і найперш экспэртнае даследаванне, якое для абвінавачання з’яўляецца асноўным доказам. І разбіў гэтую экспэртызу ўшчэнт праз аналіз і амаль парадковую крытыку».

Гары Паганяйла мяркуе, што «яўны абвінаваўчы ўхіл» у экспэртызе зададзены ўладамі, якія, паводле яго, далі каманду на завядзенне крымінальнай справы супраць аўтараў агенцтва «Рэгнум» ды забяспечылі патрэбнае экспэртнае заключэнне. «У прававой дзяржаве такія рэчы недапушчальныя», — лічыць Гары Паганяйла.

У дзеяннях аўтараў расейскага агенцтва «Рэгнум», паводле Гары Паганяйлы, няма складу злачынства, і таму ён мяркуе, што па справе мусіць быць «толькі апраўдальны прысуд». Але прадказаць, якое рашэнне прыме суд, Гары Паганяйла не бярэцца.

Гары Паганяйла згадаў справы апошніх гадоў, дзе пэўныя матэрыялы прызнаваліся экстрэмісцкімі на падставе экспэртных заключэнняў. Сярод іх былі справы пра кнігі Зянона Пазняка, альбома «Прэс-фота — 2011», кніг Паўла Шарамета.

Чытайце па тэме:  Автора скандального интервью с Алексиевич уволили с работы

«Мне давялося прадстаўляць у Ашмянскім судзе інтарэсы журналістаў у справе „Прэс-фота — 2011“, і магу засведчыць, што ў нас склалася гэтая ганебная практыка — фабрыкаваць такую экспэртызу, якая патрэбная ўладам».

Сяргей Шыптэнка прытрымліваецца спрэчных поглядаў на сувэрэнітэт Беларусі, вынікі расейска-беларускай інтэграцыі, ацэнкі гістарычных дзеячаў Беларусі, пэрспэктывы беларускай мовы. Як Гары Паганяйла ставіцца да гэтых поглядаў падсуднага, якія сёння зноў прагучалі ў судзе?

«Я індыфэрэнтна стаўлюся да любых ідэалягічных установак, якія часам друкуюць у тых ці іншых мэдыях. Права выказаць сваё меркаванне мае нават вар’ят, а мы на тое і людзі, каб умець ацэньваць, адсейваць і ўспрымаць толькі тое, што кладзецца нам на душу паводле нашага светапогляду», — адказаў Гары Паганяйла.

Праваабаронца выступіў за тое, каб ідэалягічныя спрэчкі вяліся выключна на дыскусійных пляцоўках, у тым ліку ў мэдыях, а не праз крымінальныя справы.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: