Што азначае памежная зона на мяжы Беларусі і Расіі? ФСБ тлумачыць

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

З панядзелка 6 лютага ў Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласцях Расіі на мяжы з Беларуссю ўводзіцца рэжым памежнай зоны. Адпаведны загад падпісаў кіраўнік ФСБ Расіі Аляксандр Бортнікаў. Прычым, правяраць дакументы будуць не толькі на аўтадарогах, але і ў цягніках. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё заявіў афіцыйны прадстаўнік Памежнай службы ФСБ Расіі.

blr1

“Там таксама цяпер правяраецца ўсё. Памежныя нарады, якія ажыццяўляюць праверку дакументаў”.

Па словах прадстаўніка Памежнай службы ФСБ Расіі, на грамадзянах дзвюх нашых краін гэта рашэнне расійскага боку ніякім чынам не адаб’ецца ― проста правераць дакументы. Галоўнае, мець з сабой пашпарт. Еўрарадыё цікавіцца, што будзе з беларускім грыбніком, які, не захапіўшы з сабой пашпарт, падчас прагулкі з кошыкам па лесе незаўважна пяройдзе беларуска-расійскую мяжу і будзе спынены расійскімі памежнікамі.

Прадстаўнік Памежнай службы ФСБ Расіі: 48 гадзін, у адпаведнасці з Кодэксам “Аб адміністрацыйных правапарушэннях” РФ. Для высвятлення асобы. Асоба высвятляецца і ён адпускаецца.

Еўрарадыё: І што, чалавек са сваім кошыкам будзе двое сутак сядзець у пастарунку?

Прадстаўнік Памежнай службы ФСБ Расіі: Ну, як у Маскве: калі ў чалавека няма пашпарта, то ёсць усе падставы затрымаць яго для высвятлення асобы. І не важна, хто гэта, расіянін, беларус ці паляк. Гэта права любых праваахоўных органаў на тэрыторыі Расіі. Дакумент хоць нейкі заўжды павінен быць у чалавека з сабой.

Чытайце па тэме:  Борис Желиба: Россия даст кредит Лукашенко, чтобы предотвратить государственный дефолт единственного союзника

Афіцыйна ўсе гэтыя меры скіраваныя для выяўлення грамадзян трэціх краін, якія пажадаюць патрапіць у Расію праз Беларусь. Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, перасякаць мяжу замежнікі могуць толькі праз міжнародныя пункты пропуску, а іх на беларуска-расійскай мяжы няма. Нават аэрапорт Мінск-2 у накірунку Расіі міжнародным не лічыцца. “Ён пераведзены на ўнутраныя лініі”, ― кажуць у Памежнай службы ФСБ Расіі.

Што да стварэння на беларуска-расійскай мяжы такога міжнароднага пункту пропуску, то, кажуць у Памежнай службы ФСБ Расіі, магчыма, ён і з’явіцца, але пакуль гэта пытанне “у падвешаным стане”. Тым не менш, расійскія памежнікі лічаць, што і беларусам варта было б таксама ўвесці на ўсходнім накірунку свой рэжым памежнай зоны.

“Па-добраму, так, трэба. На грамадзянах Беларусі і Расіі гэта ніякім чынам не адаб’ецца, а з пункту гледжання кантролю грамадзян трэціх краін, гэта было б верным рашэннем”.

У Памежнай службе ФСБ Расіі выказваюцца супраць таго, каб вяртаць “сапраўдную” мяжу паміж нашымі краінамі з кантрольна-прапускнымі пунктамі.