Інфармацыйны партал «Рэчыца. Без цэнзуры» выклаў фота- і відэаздымкі штурму кабінэтаў цэнтральнага раённага шпіталя падчас платнага праходжання мэдкамісіі. Кіроўцы, пэдагогі, прадаўцы, паляўнічыя вымушаныя шмат часу траціць на чэргі, там узнікаюць спрэчкі і канфлікты.

Фото: Інфармацыйны партал «Рэчыца. Без цэнзуры»

 

«Дурдом» раённага значэння

12 ліпеня ў кабінэце нэўроляга адбылася бойка, пад час якой лекарка ўдарыла рукой, які здымаў спрэчку на відэа. Як сцьвярджаюць чытачы сайту на форуме, пасля гэтага давялося выклікаць міліцыю ў будынак паліклінікі.

Паводле камэнтатараў, адным з самых «гарачых» стаў кабінэт нэўроляга Алены Шаўчэнкі, у чарзе да якой трэба адседзець паўдня ці нават больш. Нават сама лекарка прызналася людзям: ёй страшна, бо ў выніку могуць пайсці на штурм — пад дзвярыма пастаянная штурханіна і лаянка.

Зрэшты, незадаволеныя сытуацыяй і самі лекары, якія прызнаюць, што такі «дурдом» мае месца толькі ў Рэчыцы. Плянавую мэдкамісію адначасова праходзяць работнікі мэтызнага заводу, аддзелу адукацыі, а таксама аўтааматары і ахвотнікі легалізацыі зброі.

Свабода звярнулася па тлумачэнне сытуацыі да Сяргея Тананыкіна, намесніка галоўнага ўрача па мэдычным абслугоўванні насельніцтва Рэчыцкага раёну. Ён заявіў, што гэта быў выключны выпадак, звычайна мэдагляды праходзяць спакайней.

«На жаль, гэта экстраардынарны выпадак, які можа ўзнікнуць дзе заўгодна, ня толькі ва ўстанове аховы здароўя, і нават ня столькі, — сказаў Тананыкін. — Няхай міліцыя сама займаецца гэтым пытаннем, прынамсі пакуль я ня ведаю ні вынікаў гэтай справы, ні якім чынам падзеі будуць развівацца далей».

Прычыны ажыятажу

Наведнікі кажуць, што да саміх лекараў прэтэнзій ня маюць. Наадварот, яны захапляюцца вытрымкай і цярпеннем мэдыкаў. Вінаватымі яны лічаць дзяржаўныя арганізацыі, якія намагаюцца адначасова ўціснуць супрацоўнікаў у адзін графік.

«Розныя прычыны, у тым ліку якія тычацца графіку па прадпрыемствах, — кажа Сяргей Тананыкін. — І калі здараецца збой — па віне заводу ці работніка — пачынаюць ісці, калі ім зручна, ствараючы перадумовы да „перагрузу“. То бок, сцякаецца людзей больш, чым заплянавана. Апроч вытворчасцяў, узгодненых графікам, звяртаюцца і тыя, каго прадугледзець нельга. Гэта і аўтакіроўцы, і аматары нашэння зброі, і супрацоўнікі аддзелу адукацыі, якія карыстаюцца летнім адпачынкам. Паток не прадказальны. Гэта стварае ажыятаж, большую колькасць людзей, чым мы меркавалі спачатку».

Нэўролягу накіравалі падмогу

Сяргей Тананыкін мяркуе, што сэзонны ажыятаж пойдзе на спад сам па сабе, хоць гэта і слабое суцяшэннье для тых, хто ўжо апынуўся ў эпіцэнтры эмацыйных высвятленняў адносінаў. У любым выпадку, кажа ён, каб палепшыць сытуацыю, на агляды накіравалі дадатковага спэцыяліста.

«З улікам спёкі, людзі, зразумела, на нэрвах: дастаткова камусці выйсці з сябе, каб стварыць канфліктную сытуацыю. Натуральна, рэагуем, намагаемся стварыць плянавасць, а ўсе спрэчкі вырашыць на месцы. Нягледзячы на тое, што толькі адна стаўка нэўроляга, дадаткова са стацыянару накіравалі туды падмогу, каб дапамагчы „разруліць“ наплыў людзей. Справа ў тым ліку ў сэзоннасці. Скажам, была ўступная кампанія, абітурыенты вымушаныя браць даведкі пра магчымасць навучання па выбранай спэцыяльнасці. Нават з гэтага быў пэўны ажыятаж».

Паводле Сяргея Тананыкіна, паліклініка мэдаглядаў працуе да 18.00, але некалькі дзён запар ён пад’яжджаў туды бліжэй да 18.30, і ўстанова яшчэ працавала — дзьверы зачыняюцца толькі пасля апошняга прынятага пацыента.

Ігар Карней, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: