Вось і сустрэлі мы і Новы, і стары Новы 2017 год ад народзінаў Хрыстовых. Перамясціліся ў часе і прасторы.

nek

У які бок?.. Улева, управа, уверх, уніз? Па крузе, па спіралі?..

Не ведаем.

Азіраючыся ў мінулае і гледзячы ў будучае, нехта кажа: «Страшна, што Трамп». Некаму страшна, што Пуцін, некаму — што «брэксіт — і Еўропа разваліцца», а некаму — што «праз міграцыю ўсё змяшаецца і знікнуць межы цывілізацый…»

Тое, што адсвяткавалі мы народзіны Божыя і Новы год двойчы, нехта раней, нехта пазней, сведчыць пра ўмоўнасць усялякіх, акрэсленых намі, межаў. Ні таго, што такое прастора, якая нідзе не пачынаецца і нідзе не сканчаецца, ні што такое час, спасцігнуць чалавек не здольны.

Бо гэта тое, што Бог.

Чалавек жыве ў дамах, гарадах, краінах, існуе ў днях, тыднях, гадах – у такой прасторы і ў гэтакім часе, якія сам стварыў, прыдумаў, якія ўмяшчаюцца ў Дэкартаву сістэму каардынат.

У гэтай сістэме свет дыскрэтны. Падзелены на кавалкі, на адрэзкі. І мы мусім вырвацца з дыскрэтнага (падзеленага) часу і падзеленай прасторы, у якіх прайшла ўся папярэдняя гісторыя чалавецтва. Увайсці ў цэласны, які ён і ёсць, свет. Новыя ідэі, гуманітарныя прарывы — там.

Сутнасна жыццё ў каардынатах, якія не маюць межаў. Дабра і зла, любові і нянавісці…

Міра і вайны.

Калі ў звыклых для нас каардынатах уявіць гарызанталь — мірам, вертыкаль — вайной, дык дзе мы сёння ў гэтай самай простай сістэме каардынат? Балансуем на дыяганалі, падымаючыся па ёй усё вышэй. І тут не трэба быць прарокам, каб прадбачыць, што недзе і некалі, страціўшы раўнавагу, сарвемся. Як гімнасты, якія, да ўсяго, жанглююць на дыяганальнай трапецыі няхай маленькімі, але атамнымі бомбамі.

Новыя тэхналогіі ствараюць неверагодныя перспектывы. Дэманстрацыя кітайскага суперкампутара з хуткасцю 93 квадрыльёны вылічэнняў у секунду — амаль як бясконцасць космасу. Немагчыма ўявіць.

Але гэта «тэхнічны бок быцця». У гуманітарнай сферы пакуль ніякіх высокіх тэхналогій. Карыстаемся ідэямі, выпрацаванымі задоўга да тэхнічнай рэвалюцыі. Адбываецца іх дэвальвацыя, прафанацыя. Менавіта праз адсутнасць новых ідэй, высокіх тэхналогій у гуманітарнай сферы Расія, патузаўшыся пасля распаду СССР у прынцыпова іншай для яе сітуацыі, вярнулася да таталітарызму, што паспрыяла ўсталяванню беларускага рэжыму з ягонай зусім ужо патрыярхальнай «стабільнасцю».

Паміж тэхнічным і гуманітарным складнікамі найноўшай гісторыі чалавецтва ўтвараюцца ўсё большыя нажніцы. Што з гэтага можа вынікнуць? Лёзы нажніц гранічна разыйдуцца — і ў нейкі час імгненна самкнуцца, адсекшы стваральнікам неверагоднага галовы. Не ведаю, ці справядліва, але не толькі ім…

Разам з намі ўсё вышэй падымаюцца тэхналогіі масавага знішчэння, якія й захоўваюць раўнавагу. І менавіта на іх, на тое, што не ўратавацца нідзе і нікому, што той, хто пачне першы, загіне разам з усімі! — надзея.

Наша надзея на страх. Вось што насамрэч жахліва, а не тое, што Пуцін, што Трапм ці брэксіт… Чалавецтва ў сваёй прасторы і сваім часе развілося так, што ні на што болей, апроч страху, надзеі ў будучыні не мае. Хіба на Бога, у якім, загінуўшы, уваскрэсне.

Можа быць…

Такая рэальнасць. Гэта рэальнасць вар’ятні, але яна такая.

Што рабіць? Ніхто не ведае? Няма дактароў?

Ды ўсе гэта ведаюць, а не толькі Далай-лама, які кажа, што людзі створаныя, каб іх любілі, а рэчы, каб імі карысталіся. Усе вяшчаюць пра культуру, пра неабходнасць вяртання да духоўных каштоўнасцяў. Але ніхто не вяртаецца, ніхто ў высокія гуманітарныя тэхналогіі гэтакіх сродкаў, як у тэхналогіі тэхнічныя, не ўкладвае. Чаму?

Бо гэта не атамная, не лазерная і не рэзанансная зброя. Бо культура — гэта не тое, што страшна. Бо не яна пераможа ў трэцяй сусветнай вайне, якая, як сцвярджаюць, ужо йдзе, і апакаліпсісны, ядзерны фінал якой амаль усе на захадзе і ўсходзе лічаць НЕПАЗБЕЖНЫМ.

Нават матэматычна ягоную НЕПАЗБЕЖНАСЦЬ пралічылі! Не кажучы ўжо пра тое, што ці не кожны цяперашні палітык як бы і не палітык, калі не намалюе карціну канца свету, апакаліпсісу, ад якога збіраецца свет ратаваць.
І ўсё гэта дзеля аднаго: каб глыбей і глыбей заганяць людзей, як кратоў, у страх. У ягоную непраглядную цемень, дзе блукае прывід непазбежнасці. Хоць насамрэч усе страшылкі гэтыя — уключна з матэматычнымі разлікамі — лухта! Непазбежнае толькі тое, што па-за воляй чалавека. А тое, што ў ягонай волі, выпраўляецца. Трэба толькі выявіць волю. Замяніць надзею на страх надзеяй на смеласць. На смеласць быць людзьмі нават тады, калі быць імі, здаецца, немагчыма.

Уладзімір Някляеў


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.