Услед за ўздымам сацыяльнага пратэсту Беларусь перажыла ўздым рэпрэсій. Сёння, калі супрацьстаянне дзяржавы і грамадства перайшло ў традыцыйную пасіўную форму, можна прааналізаваць, што і як рабіла ўлада для прадухілення Майдану ў Беларусі.

TUT.BY

Залежнасць ад абранай сцежкі

Найперш трэба праясніць, адкуль ва ўлады такі панічны страх перад любымі, нават негвалтоўнымі праявамі народнага незадавальнення.

У Лукашэнкі і яго набліжаных ёсць улада, грошы і маёмасць, на абароне якіх стаяць сілавыя структуры, мас-медыя і дапаможныя інстытуцыі (суды, пракуратура, падатковая інспекцыя і г.д.). І ў іншых дзяржавах кіруюць эліты, карыстаючы сваё становішча для прасоўвання ўласных палітычных і бізнес-інтарэсаў. Але ж там пратэсты людзей па самых розных нагодах не з’яўляюцца чымсьці звышнатуральным, і нават значна больш буйныя (і гвалтоўныя) выступы не выклікаюць такой шалёнай, нават істэрычнай рэакцыі, як у Беларусі. У чым жа прычына?

Перш за ўсё, у тым, што ў эліт ліберальных дэмакратый Захаду ўлада мяняецца. Змяняльнасць ажыццяўляецца на падставе канкурэнтных выбараў, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца вынікам кансенсусу мас і эліт. Таму кожны, хто даходзіць да вяршынь улады, разумее, што сёння ён — «на кані», а заўтра — звычайны грамадзянін, і гэта моцна дадае яму пачуцця адказнасці і асцярожнасці ў дзеяннях. Тым, хто адкрыта злоўжывае сваімі паўнамоцтвамі, хутка даюць па руках — карупцыйныя скандалы і крымінальныя справы не абыходзяць бокам нават прэзідэнтаў і прэм’ераў.

З гэтага вынікае і зніжаны парог даступнасці высокіх пасад для звычайнага насельніцтва. Працуюць, як зараз кажуць, «сацыяльныя ліфты». Трапіць у эліту, хоць і складана, але ў прынцыпе магчыма.

Аднак ў Беларусі ўсё не так. Доўгае знаходжанне ва ўладзе і, як следства, неабходнасць ужываць для гэтага ўсе больш гвалту, рабіць усё больш злачынстваў, згуляла з нашымі элітамі дрэнны жарт, паставіўшы іх у рамкі таго, што ў сацыялогіі называецца «path dependence» — залежнасць ад абранай сцежкі (шляху). Чым далей ты зайшоў у сваім напрамку, тым больш для цябе будзе каштаваць вяртанне назад і змена курса. У нейкі момант змена курсу будзе азначаць катастрофу.

Думаю, нікому не трэба нагадваць усе парушэнні законаў, нацыянальных і міжнародных, і тое, колькі чалавечых лёсаў былі паламаныя дзеля таго, каб Лукашэнка змог застацца пры ўладзе. І, што не менш важна, — колькі людзей ён адмыслова ўцягнуў у гэты ланцужок злачынстваў: ад генеральных пракурораў, міністраў МУС і кіраўнікоў КДБ, што давалі ўказанні на расправы, да міліцыянтаў-ілжэсведкаў. Уся сістэма адмыслова завостраная пад яго, змяняльнасць вярхоў як магчымасць год за годам выключалася з-за страху таго, што новыя вярхі прымусяць старыя плаціць па рахунках.

Чытайце па тэме:  В Барановичах прошел митинг протеста

Ніякага кансенсусу, як на Захадзе, тут быць не магло, бо дыялог з контрэлітамі быў перарваны яшчэ ў 1996-м, потым жа ішло наўпроставае іх знішчэнне. Адсюль і ўспрыняцце апазіцыі як асабістага ворага. Адсюль такі страх перад каляровымі рэвалюцыямі і мантра: «Майдану ў Беларусі не будзе!»

Улада працуе па некалькіх франтах

Аднак, вядома, аднымі мантрамі сыты не будзеш. Лукашэнка гэта разумее, таму падмацоўвае іх сістэмнай працай усіх дзяржаўных службаў. Што немалаважна, гэтая праца будуецца на аналізе досведу іншых каляровых рэвалюцый, у першую чаргу Рэвалюцыі Годнасці 2014 года. Вялікая ўвага надаецца не толькі падаўленню, але і прафілактыцы любых пратэстаў.

Аналіз дзеянняў беларускай улады ў прамежку 2014–2017 гадоў дазваляе казаць, што асноўныя намаганні рабіліся па трох напрамках: сілавое падаўленне і ізаляцыя ўдзельнікаў пратэсту (найперш актыўных); кантроль над інфармацыйнай прасторай; паляпшэнне жыцця людзей, каб зняць структурныя перадумовы пратэсту.

У рамках першага напрамку сілавікі ў апошнія гады зрабілі частковае адступленне ад прывычнага шаблону — зноў жа, звязанае з асэнсаваннем досведу Майдана. Калі раней «пад раздачу» траплялі перш за ўсе афіцыйныя палітструктуры, буйныя лідары пратэстаў, зарэгістраваныя палітычныя арганізацыі, то сёння фокус увагі сканцэнтраваны на нефармальных моладзевых рухах.

Арышт анархістаў 15 сакавіка і зачыстка 24–25 сакавіка тых, хто яшчэ застаўся, справа Паліенкі, «справа антыфашыстаў», шматлікія крымінальныя справы супраць ультраправых футбольных груповак (пра іх мала пішуць СМІ, хаця маштабы істотныя) — усё гэта кажа аб тым, што вя­дзецца «мэтанакіраваная праца».

Цікава, дарэчы, што ў гэты ж спіс трапілі і неанацысты, якіх беларуская міліцыя раней не вельмі заўважала. Затрыманы і асуджаны Стас Ганчароў, што вярнуўся з АТА, і з ім яшчэ 6 чалавек, а ў снежні ГУБАЗ паведаміў аб разгроме суполкі «Белы фронт» у Брэсце, якая займалася кантрабандай зброі і продажам наркотыкаў. Прычынай такой пільнай увагі стала, відавочна, тое, што беларускія неанацысты, натхніўшыся прыкладам «Правага сектару» і «Азову», амаль пагалоўна занялі праўкраінскую пазіцыю.

Да гэтага ж напрамку варта аднесці і рэзанансную справу «Белага легіёну». Ужо не існуючая арганізацыя была абраная мішэнню не ў апошнюю чаргу менавіта з-за сваёй нефармальнай структуры і цікавасці да вайсковай справы. Падчас шэсця 25 сакавіка яны планавалі ахоўваць мерапрыемства, не дапускаючы правакацый, што ў акруглелых ад жаху вачах ГУБАЗ і КДБ перарасло ў «стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання» і «падрыхтоўку да масавых беспарадкаў». Канешне, абодва абвінавачванні не вытрымліваюць ніякай крытыкі (што гэта за ўзброенае фарміраванне са страйкбольнымі калашамі?), але іх з лішкам хапіла для таго, каб залічыць «легіянераў» у шэраг небяспечных і ізаляваць.

Чытайце па тэме:  Протесты против "тунеядства" охватили регионы

Адзначу вельмі істотны момант. Усе вышэй пералічаныя групы аб’ядноўвае адно: іх нефармальная структура, а значыць, да пэўнай ступені, некантраляванасць.

Улада прызвычаілася мець справу з інстытуцыянальнымі аб’яднаннямі: партыямі, якім можна пагражаць пазбаўленнем рэгістрацыі альбо офіса, іх лідарамі, якія прыносяць заяўкі ў Мінгарвыканкам, перамоўшчыкамі, якія вымушаныя ўсё рабіць па законе і хадзіць на паклон да чыноўнікаў. З нефармальнымі ж аб’яднаннямі — зусім іншая сітуацыя, і менавіта таму яны разглядаюцца як небяспека.

Другі напрамак — кантроль над інфармацыйнай прасторай — з’яўляецца адначасова спробай рэагаваць на выклікі сучаснасці (сацсеткі, паскораны абмен інфармацыяй) і рэакцыяй на Майдан, дзе велізарную ролю адыгралі менавіта альтэрнатыўныя СМІ. У межах гэтага напрамку ўлада, акрамя прывычных ужо прапагандысцкіх перадач з ачарненнем апанентаў, ажыццявіла і шэраг навінак: блакіроўка непажаданых сайтаў, старонак (пераважна анархісцкіх) у сацсетках, масавыя затрыманні журналістаў, штрафы за «несанкцыянаваны выраб прадукцыі СМІ», а таксама вынясенне папярэджанняў буйным незалежным СМІ з мэтай прымусіць іх да самацэнзуры.

Трэці напрамак, бадай, самы праблемны для ўлады, бо колькі сокаў ні выціскай з неэфектыўнай эканомікі, а Эміраты ў Беларусі не пабудуеш. Відавочна, што прычынай пратэстаў стаў агульны прыкры эканамічны стан у краіне і скарачэнне сацыяльных гарантый, а не праца «Белсату» ці заклікі Статкевіча. Ліквідаваць структурныя перадумовы пратэсту немагчыма без карэннай рэформы ўсяго ладу — што прыводзіць да замкнёнага кола, бо на такія рэформы ўлада ісці не гатовая. Перш за ўсё, таму, што гэтыя рэформу будуць пагражаць захаванню ўлады.

І таму дубінкі застаюцца галоўным фактарам, які стрымлівае людзей ад выхаду на вуліцы.

Што далей?

Прагноз на будучыню гучыць як труізм: узровень рэпрэсій будзе залежаць ад узроўню пратэстных настрояў у грамадстве, а таксама ад цвёрдасці пазіцыі ЕС па беларускім пытанні. Шэраг еўрапейскіх палітыкаў выказаліся за вяртанне санкцый, у выпадку, калі колькасць палітзняволеных будзе павялічвацца. Гэта, можна не сумнявацца, таксама адыграла сваю ролю ў тым, што затрыманых па «справе патрыётаў» пачалі выпускаць, знялі адзін з двух артыкулаў і перадалі справу ў Следчы камітэт. Апошняе, дарэчы, добры знак для саміх арыштантаў і іх родных, бо калі КДБ у гучных палітычных справах — гэта «ваўкі», мэта якіх навесіць на абвінавачанага як мага больш злачынстваў і зламіць ягоны супраціў, то СК — звычайныя клеркі, ім застанецца толькі адпрацаваць шаблонную схему, якую ім, мусіць, ужо спусцілі.

Чытайце па тэме:  Такая непривычная свобода: Николай Дедок (фото, аудио)

Мяркую, што большасць затрыманых па «справе патрыётаў» адпусцяць да суду, застанецца нейкае «ядро», над якім, хутчэй за ўсе, і адбудзецца суд, але тэрміны прызначаць ці ўмоўныя, ці ў выглядзе абмежавання волі, ці роўныя колькасці адседжанага. Тое, што шмат абвінавачаных ужо адпусцілі, дэманструе: мэтай усёй справы была найперш ізаляцыя патэнцыйных актыўных удзельнікаў маршу 25-га — і гэтая мэта была дасягнутая. Небяспека прайшла, сітуацыя стабілізавалася — можна выпускаць.

Агульная ж тэндэнцыя па рэпрэсіях, аднак, застаецца той жа: спачатку брутальна затрымліваюць, потым месяцамі трымаюць у СІЗА, а пасля прызначаюць пакаранне, якое, хоць часта і не звязанае з пазбаўленнем волі, усё ж істотна абмяжоўвае магчымасці актывіста, пакідаючы яго за крок да кратаў. І гэты крок часта бывае пройдзены, як у выпадку Зміцера Паліенкі, які атрымаў 1,5 гады рэальнага тэрміну пасля шэрагу адміністрацыйных арыштаў.

Разлік тых, хто прымае рашэнні аб рэпрэсіях, просты: пакуль пройдзе суд, пакуль праваабаронцы раскачаюцца і выкажуць сваю пазіцыю, пакуль у Еўропе вырашаць, хто палітвязень, а хто не, пакуль Еўрапарламент прыме рэзалюцыю… ужо паўгода пройдзе. А таму ўжо можна і вызваліць. Тым не менш, увесь гэты час актывіст сядзіць — ізаляцыйная і застрашвальная функцыя выконваецца.

Самае ж папулярнае пытанне, якое журналісты задаюць аналітыкам: калі адновяцца пратэсты? У адказ тыя нярэдка кажуць пра восень — маўляў, пачнуць прыходзіць жыроўкі, будзе трэба збіраць дзяцей у школу і гэтак далей. Але мне здаецца, што сама па сабе восень, як і само па сабе пагаршэнне эканамічнага становішча, пратэсты ў нас не выкліча. Неабходны трыгер — спускавы кручок, які перапоўніць кубак трывання, як гэта зрабіў Дэкрэт №3. Паколькі перадумовы для незадаволенасці не зніклі, а толькі былі гвалтоўна прыбраныя, гнеў непазбежна ўспыхне раней ці пазней.

А што стане нагодай: чарговы акт міліцэйскага гвалту, новы падатак ці масавае звальненне на нейкім з прадпрыемстваў — не ведае нават самы дасведчаны аналітык. Веснавыя пратэсты ў каторы раз прадэманстравалі, што народ — нават такі памяркоўны, як беларусы, па ранейшаму — стыхія. І гэта яшчэ адна прычына векавечнага страху перад ім якіх-кольвек правадыроў, кіраўнікоў і начальнікаў.

Мікалай Дзядок, Новы час


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.