Таццяна Чыжова: Умовы для беларускага майдану не выспелі

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Паралелі паміж перадмайданнай Украінай і цяперашняй Беларуссю ўвогуле немагчыма праводзіць.

19 снежня 2010 года, плошча Незалежнасці

19 снежня 2010 года, плошча Незалежнасці

Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (Літва) надрукаваў штогадовы маніторынг пратэстнай актыўнаўнасці ў Беларусі.

Даследаванне канстатуе леташні рост палітычных і сацыяльных пратэстаў у параўнанні з 2013 годам, што тлумачыцца выбарамі ў мясцовыя Саветы і пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Па прагнозах, сёлета градус напружанасці ў грамадстве вырасце яшчэ больш – наперадзе прэзідэнцкая кампанія 2015 года, якая пройдзе на фоне эканамічнага крызісу. Аднак рост пратэстных настрояў наўрад ці сур’ёзна паўплывае на палітычныя працэсы ў Беларусі.

Госця Беларускй праўды – аўтарка даследавання “Пратэстная актыўнасць ў Беларусі ў 2014 годзе (вулічныя акцыі, выбарчыя пікеты, сацыяльныя канфлікты)” Таццяна Чыжова.

-Як вы ацэньваеце наяўны стан сацыяльнай пратэстнай актыўнасці ў Беларусі?

-Калі казаць пра сацыяльныя пратэсты, то, як бачна з тэкстаў па даследаваннях за 2013-2014 гг., іх узровень не надта высокі: да 50 падзей на год, прычым асноўная тактыка – вусныя або пісьмовы скаргі, радзей – прыпыненне працы, стыхійныя сходы і г.д.

-Які характар насілі пратэстныя выступленні? Чым гэта можна вытлумачыць?

-Пра сацыяльныя пратэсты я казала вышэй. Што тычыцца палітычных выступленняў (тэматыка якіх мела палітычны змест або суб’екты якіх былі з палітычнага поля), то ў 2013 годзе гэта пераважна рознага кшталту перформансы, флэшмобы (як найбольш бяспечныя для іх ўдзельнікаў, бо адбываліся без дазволу), а ў 2014 годзе – пікеты (прычым 29 з іх – выбарчыя).

Чытайце па тэме:  Жители "Масюковщины" протестуют против уплотнения и удвоения числа жителей микрорайона

-Наколькі паспяховымі можна лічыць акцыі пратэсту 2014 года?

-У сваіх абодвух аналітычных паперах я падкрэсліваю, што калі сацыяльныя канфлікты накіраваныя на дасягненне канкрэтных мэтаў (прыпыненне будоўлі, выплата заробкаў і г.д.), то палітычна-публічныя – на маніфестацыю поглядаў, піяр арганізацыі. Таму і “паспяховасць” тут азначае розныя рэчы. У першым выпадку – атрыманне/не атрыманне патрабаванага, у другім – розгалас у СМІ, прыцягненне ўвагі грамадскасці. Пра вынікі сацыяльных канфліктаў можна паглядзець у дыяграме ў паперы, што тычыцца палітычных акцый – то да іх традыцыйна высокая цікавасць у незалежных СМІ.

Наколькі гэта задавальняе саміх іх удзельнікаў – іншая справа.

-Вы прагназуеце рост як палітычных выступленняў, так і паспяховых завяршэнняў сацыяльных сутыкненняў. Якія прыкметы сведчаць за тое?

-Пакуль нельга казаць пра нейкія іншыя прыкметы, акрамя таго факту, што 2015 год – выбарчы, калі апазіцыя традыцыйна актывізуецца, а ўлады традыцыйна імкнуцца не выклікаць лішняга сацыяльнага нездавальнення насельніцтва.

– Летась пратэстная актыўнасць у Беларусі была меншая ў 8 разоў у параўнанні з “перадмайданнай” Украінай. Значыць, беларускага майдану не відаць?

-Паралелі паміж перадмайданнай Украінай і цяперашняй Беларуссю ўвогуле немагчыма праводзіць: спецыфіка палітычнага поля, гульцоў, сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, узроўню незадаволенасці грамадства і недаверу да ўладаў, кансалідаванасць улады і сілавікоў – усё вельмі істотна адрозніваецца, каб мець падставы сцвярджаць пра магчымасць беларускага “майдану”. Асабліва пасля майдану ўкраінскага, вынікі якога выклікалі станоўчую рэакцыю ў меншай часткі насельніцтва Беларусі. Іншая справа, што яны натхнілі апазіцыйных дзеячоў і спачуваючых апазіцыі, якія, магчыма, будуць больш актыўна сябе праяўляць падчас акцый у выбарчы перыяд.

Чытайце па тэме:  Правозащитницу Наталью Горячко задержали возле посольства России с портретом Надежды Савченко (обновлено)

Юрась Дубіна, Беларуская праўда