Тэатр аднаго Лукашэнкі

Тое, што Лукашэнка цалкам будзе ў стане паўтарыць – калі раптам нешта здарыцца! – легендарную фразу Нерона «Які актор прападае!», ужо ніхто не сумняецца. Актор выбітны. З часам, праўда, фарбы цьмянеюць, грым становіцца горшым, харызма сыходзіць – але дасканаламу майстэрству можна толькі пазайздросціць.

fe

І, вядома, гэтым разам можна пазайздросціць рэжысуры. Калі рэжысёрам з’яўляецца той, хто сціпла сядзеў на эпізадычнай ролі цягам усяго сямігадзіннага спектакля Макей, то – брава! Выходзьце на сцэну разам з галоўным героем!

Праўда, тэатральнаму крытыку цяжка дагадзіць: мне давялося пісаць рэцэнзіі на пастаноўкі Раеўскага і Пінігіна, Варпахоўскага і Разніковіча. Тыя былі нашмат менш зацягнутыя, а прыёмы не так відавочна заштампаваныя.

У нас, на жаль, штамп быў відавочным. Загуляўся галоўны выканаўца. Далёка не прэм’ерны паказ. І сам не хвалюецца, і спектакль максімальна адаптаваны да ягоных новых магчымасцяў і патрэбаў.

Усе адзначылі: з недзяржаўнай прэсы далі магчымасць сфармуляваць выразнае пытанне толькі «любімаму выданню» прэзідэнта – газеце «Народная Воля», пра якую Лукашэнка заўсёды з гонарам казаў, што галоўнае апазіцыйнае выданне можна набыць у газетным шапіку Адміністрацыі прэзідэнта. Астатнія пытанні апазіцыянераў «расхапалі» цалкам лаяльныя персоны, накшталт Вадзіма Гігіна. Яно і зразумела: пытанне – узгодненае – задасць, а вось удакладняць не будзе. Бо акурат ва ўдакладненні і можа хавацца падвох.

Адсутнасць прынамсі ўдакладненняў – гэта значыць, выхаду па-за межы рэальнага фармату прэс-канферэнцыі ды пераходу ў рэжым раўнапраўнага дыялогу – і дазволіла параўнаць усё, што адбылося, з тэатральнай пастаноўкай. З нядрэннай тэатральнай пастаноўкай, хоць і відавочна горшай за пінігінскую (выканаўцы эпізадычных роляў не вызначаліся, скажам шчыра). Але ролі распісаныя, а права на імправізацыю пакінулі толькі аднаму ўдзельніку.

Дыялог адрозніваецца ад маналогу, разбітага на рэплікі, акурат тым, што ў дыялогу ўсе ўдзельнікі раўнапраўныя. І прэс-служба не цікавіцца, якія пытанні і хто збіраецца задаць.

І міністраў у другім шэрагу няма, каб адказы падказвалі. Гэта ж трэба было б ведаць, які міністр яшчэ табе спатрэбіцца! Хоць – чаго там ведаць ?! Ты сам пра сябе ведаеш усё.

Што ж да тых прысутных, па словах назіральнікаў, якія ззялі ад шчасця пры згадванні іх першай асобаю… Ёсць у «Кюхле» выдатная сцэна, якую Юры Тынянаў пазычыў з нечых мемуараў: прыязджае ў Ліцэй на экзамен стары Дзяржавін у мундзіры дзейснага тайнага саветніка (былы міністр , сенатар!) і, уздрыгваючы адвіслаю губой, пытаецца лёкая:

– Скажы, братка, дзе тут прыбіральня?

Лёкай, якога заўважыў яго высакароддзе, верагодна, таксама быў шчаслівы.

Аляксандр Фядута, Белсат

Система Orphus