Наколькі рэалістычнае стварэнне адзінай эканамічнай зоны краінаў «Усходняга партнёрства», якую прапануе Кіеў? Абмяркоўваюць Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст і Уладзімір Глод.

euroua.com

euroua.com

Цыганкоў: Міністр замежных спраў Украіны Павал Клімкін заявіў, што ягоная краіна ініцыюе абмеркаванне пытання стварэння адзінай эканамічнай прасторы краінамі Усходняга партнёрства — Украінай, Грузіяй, Малдовай, Арменіяй, Азербайджанам і Беларуссю. Пра гэта міністр паведаміў у панядзелак на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.

«Краіны „Усходняга партнёрства“ маюць намер правесці кансультацыі па гэтым пытанні і сустрэцца восенню для абмеркавання», цытуе Клімкіна Belsat. Міністр дадаў, што неабходна прааналізаваць, у якіх сферах магчыма ўвядзенне адзінай эканамічнай прасторы на прыкладзе падобных пагадненняў у Еўрасаюзе.

Заява ўкраінскага міністра выглядае на дадзены момант як добрае пажаданне, дастаткова далёкае ад рэальнасці. Я адмыслова параіўся з эканамістамі, і яны адназначна кажуць, што пакуль Беларусь уваходзіць у розныя эканамічныя аб’яднанні з Расіяй, то бок у мытны звяз і Еўразійскі эканамічны саюз, яна не можа адначасова ўваходзіць туды і туды. Больш за тое, Беларусь нават у Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) не ўваходзіць, а многія законы вольнага гандлю працуюць менавіта на прынцыпах гэтай сусветнай арганізацыі.

Таму заява ўкраінскага міністра пакуль успрымаецца больш як нейкі намёк на будучыню. На тое, што Беларусь, калі б вырашыла памяняць сваю геапалітычную арыентацыю, мела б на каго абаперціся — на найбліжэйшых суседзяў.

То бок украінскі міністр кажа, што калі раптам Беларусь пажадае ўваходзіць у зону вольнага гандлю з краінамі «Усходняга партнёрства», а яны складаюць своеасаблівую інтэрпрэтацыю Балта-чарнаморскай садружнасці, то гэта будзе магчымасць, што іншыя краіны рэгіёну падставяць Беларусі плячо, прапануюць Беларусі палітычна-эканамічную альтэрнатыву.

Чытайце па тэме:  Президент Словакии: не нужно играть в русскую рулетку

Гэтая заява мае значэнне для Украіны і тых дзяржаў «Усходняга партнёрства», якія не ўваходзяць у ЕўрАзЭс, і для Беларусі. Калі нас не чакаюць у Еўрасаюзе, то суседнія краіны нас чакаюць.

Дракахруст: Мне гэтая прапанова падаецца не надта прапрацаванай і з нявызначанай формай. Яна мае больш палітычнае значэнне, гэта заклік а-ля Акуджава «возьмемся за руки, друзья» — давайце прадэманструем нашае адзінства і ўзаемадзеянне. Якраз менавіта гэтым аспектам гэтая прапанова хутчэй спалохае афіцыйны Мінск, бо Масква глядзіць скрозь пальцы на стасункі Беларусі з Украінай, з Еўрасаюзам, пакуль яны не маюць інстытуцыйнага характару.

Беларусь сабе гандлюе з Еўрасаюзам, з Украінай, ну ладна, Бог з вамі. Але як толькі гэта набывае формы нейкага саюзу, зоны, асацыяцыі, аб’яднання — адразу ў Крамлі загараецца «чырвоная лямпачка». Мінску калі ісці на гэта, то трэба сто разоў падумаць і ўзважыць, наколькі перавагі большыя за рызыкі.

Пра якую форму эканамічнага ўзаемадзеяння ідзе гаворка? Вызначаецца нейкая няпэўная эканоміка-юрыдычная формула — адзіная эканамічная прастора ці зона. Ёсць такая форма, як мытны саюз. Напрыклад, Еўрасаюз ці ЕАЭС. Быць у двух саюзах адначасна немагчыма. Гэта пярэчыць правілам любога мытнага саюзу. Калі ў прапанове Клімкіна размова ідзе пра мытны саюз, Беларусь, каб уступіць у яго, павінная будзе выйсці з мытнага саюзу з Расіяй. Я мяркую, што яна пакуль да гэтага не гатовая.

Чытайце па тэме:  Лев Марголин: Правительство пытается протолкнуть идею реформ, но упирается в Лукашенко

Калі мелася на ўвазе зона вольнага гандлю, дык яна ўжо ёсць, і Беларусь з Украінай у яе ўваходзяць. У 2011 годзе была падпісаная, а ў 2012 годзе ратыфікаваная дамова пра зону вольнага гандлю краінаў СНД. Яе падпісалі і Расія, і Беларусь, і Украіна.

Расія адпаведны пункт гэтай дамовы з Украінай з пачатку гэтага году скасавала, іншымі словамі, рэжым вольнага гандлю паміж Украінай і РФ не дзейнічае. А Беларусь гэтую дамову з Украінай не скасоўвала, так што Беларусь і Украіна з 2012 году па сённяшні дзень гандлююць паміж сабой паводле правілаў зоны вольнага гандлю.

Паколькі адна форма — мытны саюз — немагчымая без кардынальнай змены Мінскам яго геапалітычнай арыентацыі, а іншая — зона вольнага гандлю — існуе і цяпер, то незразумела, што ж прапануе Кіеў.

Глод: Мне падаецца, што ідэю міністра замежных спраў Украіны рэалізаваць на практыцы будзе надзвычай цяжка, а можа нават і немагчыма наагул.

Усё ж вельмі розныя дзяржавы ўваходзяць ва «Усходняе партнёрства». Грузія, Малдова, Украіна адназначна скіраваныя на Захад. Арменія і Беларусь ужо ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз. Азербайджан наагул стаіць неяк у баку і больш скіраваны на Турэччыну ды іншыя блізкія да яго краіны.

Я думаю, менавіта з-за гэтага, з-за рознавектарнасці яе ўдзельнікаў, праграма «Усходняе партнёрства» і пацярпела фіяска. Я памятаю прэсавую канферэнцыю ў Мінскім прадстаўніцтве Еўрасаюза, калі «Усходняе партнёрства» толькі фармавалася. Тады я казаў прадстаўніку ЕС спадару Гольцапфэлю, што «вагоны ў гэтым цягніку (мелася на ўвазе „Усходняе партнёрства“) вельмі розныя». Але дыпламат на гэта адказаў так: «Вагоны сапраўды розныя. Але лакаматыў адзін. Ён усіх вывезе».

Чытайце па тэме:  Страны ЕС и “Восточного партнерства” обсудят создание единого экономического пространства

Як высветлілася пазней, не вывез.

Магчыма, хтосьці запярэчыць: параза на палітычным полі не падстава, каб не паспрабаваць інтэграцыю на эканамічным полі. Але, я думаю, гэта немагчыма.

А чаму тады спадар Клімкін ініцыюе гэты працэс? Гэта пытанне да яго. Магчыма, Украіна як найбольшая сярод шасці краінаў партнёрства прэтэндуе на ролю інтэгратара гэтай прасторы. І тады атрымаецца нейкае, няхай і ўскоснае, падабенства ролі Украіны ва «Усходнім партнёрстве», параўнальнае з роляй Нямеччыны ў Еўрасаюзе.

Пакуль тая самая Арменія не толькі не атрымала дывідэндаў ад уваходжання ў Еўразійскі эканамічны саюз, а нясе адны страты. Нядаўна ў Мінску праходзіла міжнародная канферэнцыя, і эксперт з Ерэвану казаў, што амаль 70% прадукцыі ягонай краіны падпадае пад выключэнні, якія дзейнічаюць ў ЕАЭС. А ў Ерэване ўсё мацней гучаць галасы аб выхадзе з ЕАЭС. Асабліва пасля таго, як гэтая структура не падтрымала Арменію ў яе канфлікце з Азербайджанам.

Тут слушна казалася, што адной краіне немагчыма знаходзіцца адразу ў дзвюх міжнародных арганізацыях, якія маюць супярэчлівыя мэты. А ёсць жа яшчэ і Сусветная гандлёвая арганізацыя. І тут у краін «Усходняга партнёрства» не ўсё проста. Дзве з шасці, а менавіта Азербайджан і Беларусь, дагэтуль не ўступілі ў СГА.

Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.