Я не аматар шукаць заўсёды падвойнае дно альбо падводных камянёў. Але штосьці, мне здаецца, ёсць у тым дэкрэце аб дармаедах ці не агучанае, ці не ўсвядомленае.

svaboda.org

Словам, не асэнсаванае. Магчыма, ні самімі незадаволенымі, ні начальствам. Якое, як вядома, пораху хутчэй не вымысліць, у трох соснах заблукала. А прыцягнуць навукоўцаў да свайго дэкрэту толькі цяпер дадумалася.

Штосьці яўна закуліснае прысутнічае ў праблеме «дэкрэт і туняядцы».

Чаму заплацілі падатак на дармаедства толькі крыху больш за дзесяць адсоткаў? Усяго. Астатнія вырашылі ўпарта не плаціць, свой пратэст начальству выказаць рашучы? Гэта ў РБ, дзе, як вядома, жарты з начальствам дрэнныя і лепей заплаціць, чым абвастраць. Альбо, нагадаю іншы прыклад: лепей здаць адбіткі пальцаў, чым супраціўляцца. Хоць нязгодных, абураных было мабыць нямала.

«Дармаедскія» лісты, як вядома, разносілі паштары па кватэрах пад подпіс. Калі не ўдалося ўручыць, пакідалі квіток: з’явіцца на пошту, на ваша імя атрыманы заказны ліст. Я пацікавіўся на пошце: мноства людзей адмаўляліся атрымліваць ліст, калі даведваліся ў чым справа. Ад іх тады патрабавалі подпіс — што адмаўляюцца. Для справаздачы. Часцей, магчыма, у гэтым разе прыходзілі сваякі адрасата.

І вось тут мы намацалі корань пытання. Чаму людзі не прыходзілі па лісты з падатковай? А калі прысылалі сваякоў, то тыя нярэдка падпісвалі адмову? Фармальна начальству здаецца — гэта таму, што яны нехарошыя і нн хочуць плаціць. Ясна, што нн хочуць. А чаму лісты не забіралі? Начальства не здагадваецца? А вы думаеце, гэта харашо — прымушаць чалавека з Лондана забіраць ліст з падатковай у Горадні? Пад страхам кары. Толькі таму, што яму, начальству, раптам уздумалася?

Яно, як можна меркаваць, верагодна адстала ад жыцця, існуе ў сваім свеце. Прыкладам, яно нам кажа, што прагне прымусіць працаваць 350-400 тысяч чалавек, якія «не хочуць нічым займацца». А адкуль такая інфармацыя? Дайце спасылку на крыніцу. Няма крыніцы? Дык навошта тады гаварыць?

Тысячы з гэтых людзей, якія згодна начальству «не хочуць нічым займацца», вучацца і працуюць у суседняй Польшчы ды ў іншых месцах. Нярэдка ў прэстыжных унівэрсітэтах, у прэстыжных установах, у някепскіх фірмах. Гэта называецца «не хочуць нічым займацца»?

Канечне, мне невядомыя гэтыя тысячы, я проста раблю «выбарку». Я ведаю некалькі чалавек, хто даўно жыве і працуе ў Варшаве і не збіраецца назад. Усе яны для начальства «туняядцы», усе атрымалі лісты з падатковай. Хто проста праігнараваў, хто дазвоньваўся да інспектара, які выпісаў ліст, дамаўляўся, што той возьме звесткі з мяжы, якія змогуць пацвердзіць «алібі» чалавека. Што ён не жыве ў Беларусі!

Разумееце, не падатковая ад пачатку брала звесткі сама, а чалавек быў пастаўлены ў прыніжанае становішча, вымушаны быў шукаць інспектара, тлумачыць, прасіць. Хаця ён не жыве больш у «савецкай Беларусі», ён жыхар Еўразвяза, знаходзіцца зусім у іншым свеце.

А чаму гэтыя тысячы, хто стаў замежнікам, аднак атрымалі лісты і «сапсавалі» статыстыку начальству? Сакрэт просты: яны маюць беларускі пашпарт, не адмовіліся ад яго, хаця нямала такіх, хто мае ўжо замежнае грамадзянства. Дык можа трэба цаніць, што яны патрыёты, што яны ездзяць дахаты, да бацькоў, не разрываюць сувязі з радзімай? Ясна, што прысутнічае і іншы чыннік: чалавек тады прыяжджае без фармальнасцяў, не звяртаецца па візу. Беларусу ў Беларусь па візе? Гэта было б ужо занадта.

Але што з гэтага можа вынікаць? Што калі так будзе працягвацца, гэта можа раздражняць, злаваць і людзі пачнуць адмаўляцца ад беларускага пашпарта. Чым гэта абернецца? Лічба насельніцтва можа змяніцца. Стане больш адпаведнай. Нас стане менш, таму што беларусы, якія з’ехалі жыць за мяжу, больш не будуць у спісах. Ну й каму ад гэтага лепей стане? Ці задумвалася начальства над такімі рэчамі? Сумняваюся. Яму ўсё здаецца, што хтосьці дзесьці ў нас «чэсна жыць не можа» і «нічым не займаецца».

У начальства ўсё як у «ГПУ» было: улік і кантроль. Але грошы, яны зарабляюцца інакш. Зрабілі «бязвіз» і Горадню наведалі чатырнаццаць тысяч замежнікаў. Былі выходныя нядаўна, што амаль тры тысячы адразу. Вось дзе грошыкі закапаныя. І не трэба марна турбаваць кабету, з якой нядаўна ехаў у цягніку «Горадня-Кракаў». Яна жыве ў Польшчы каля дваццаці год, мае польскае грамадзянства, добрую працу. А начальства ёй шле ліст як «туняядцу». І яна вымушаная была апраўдвацца. Ну дык ці не абсурд гэта, дарагія таварышы?

Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: