У Асіповічах мужчына выкінуўся з пятага паверха: “Я ніколі не быў дармаедам”

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

3 кастрычніка 60-гадовы Айвар Яскевіч заплаціў 360 рублёў падатку за «дармаедcтва». 6 снежня ён выкінуўся з 5 паверху, са сваёй кватэры ў Асіповічах. На стале пакінуў запіску і квітанцыю пра сплату «дармаедскага падатку».

dumy

«Там было напісана: «Я ніколі не быў дармаедам, гвалтаўніком, рабаўніком, я ўсё жыцьцё сумленна працаваў», — жонка Галіна кажа, што гэтыя словы запомнілася ёй найбольш.

З Галінай мы размаўляем у яе дома. У Яскевічаў сціплая кватэра на апошнім паверсе панэльнага дому. Галіна трымае ў руках тэчку з дакументамі — тут працоўная кніжка Айвара, пенсійнае пасведчанне, пасведчанне ветэрана працы, падзячныя лісты, паведамляе Радыё Свабода.

«Столькі дакументаў, а цяпер вось гэта — галоўны дакумент», — кажа яна, паказваючы пасведчанне пра смерць. Тут жа ў тэчцы і паведамленне аб прызнанні Айвара «дармаедам», і квітанцыя, якая пацвярджае, што падатак у 360 рублёў ён заплаціў.

Айвар Яскевіч — карэнны асіпаўчанін. Імя яму даў бацька ў гонар доктара, які выратаваў яго ў вайну. Пра выпадак з мужам, апавядае Галіна, гудуць усе Асіповічы. Кажа, што нават на памінках яго згадвалі як вельмі вясёлага і жыццярадаснага чалавека.

«Ён такі чалавек быў, ведаеце, нікога не пакідаў убаку, — распавядае яна. — Вельмі зычлівы з усімі. З усімі павітаецца, спытае, як маюцца, як жыццё».

У Айвара 34 гады працоўнага стажу. Незадоўга да пенсіі ён звольніўся з КРЗ (так у Асіповічах па звычцы называюць кардонна-руберойдавы завод. Цяпер гэта прадпрыемства «Тэхнаніколь»). Там ён адпрацаваў 30 гадоў.

«Стасункі з начальствам былі не вельмі добрыя. Ён напісаў заяву пра звальненне — ганарлівы быў. І з траўня 2014-га не працаваў, — апавядае Галіна. — Мы спрабавалі ўладкавацца, але год да пенсіі заставаўся — нідзе не хацелі яго браць… І вартаўніком хацелі, але нідзе не бралі. Месяц, відаць, адпрацаваў аператарам кацельні», — тлумачыць Галіна.

Чытайце па тэме:  Як "на бульбу" трапіла загінулая 13-гадовая школьніца, калі працаваць можна з 14

У красавіку Айвару споўнілася 60 і ён стаў пенсіянерам. А ўвосень атрымаў паведамленне, што дзяржава прызнала яго дармаедам.

«Ён сабраў дакументы — пенсійнае пасведчанне, працоўную кніжку, кажа: „Пайду ў падатковую, усё гэта пакажу“, — Галіна згадвае апошнія месяцы жыцця мужа. — Прыходжу з працы, пытаюся: „Айвар, ты быў?“. Ён адказвае: „Быў, нічога не заплаціў, маўляў, сказалі — які вы дармаед“. Гэта ён сябе так супакойваў».

Жанчына кажа, што пра такую трагедыю яна не магла нават падумаць. «Гаварыў, што „вось высакосны год, як бы мне яго дажыць“, — кажа Галіна. — У яго была вельмі моцная дэпрэсія, асабліва апошні месяц. Ён калі сышоў з КРЗ, дзе адпрацаваў 30 год, вельмі моцна здаў — і спіна, і ціск, раздражнёны стаў. Мы ўжо і на прагулкі з ім хадзілі, я яго супакойвала. Але нічога не прарочыла, каб вось так скончыць жыццё».

Нават у той дзень, 6 снежня, муж паводзіўся як звычайна, і яна нічога не адчула. Галіна працуе настаўніцай пачатковых класаў у мясцовай школе. У яе 29 гадоў стажу, і яна ўжо таксама збіралася на пенсію па выслузе гадоў. Але праз падвышэнне пенсійнага ўзросту яшчэ будзе працаваць.

«Праводзіў мяне, дзверы зачыніў, спытаў: „Калі будзеш?“. Я і падумаць не магла, — згадвае яна. — Вось гэтая квітанцыя, гэты падатак яго падштурхнулі да гэтага кроку. Калі б я яшчэ была дома… Але спыніць не было каму», — апавядае жанчына.

Чытайце па тэме:  Смерть школьницы на колхозном поле: реконструкция трагедии

«З працай лягчэй. Дахаты не хачу прыходзіць, — тлумачыць яна. — Цяжка».

Галіну Пятроўну прыйшла падтрымаць яе калега і сяброўка Аксана. Яна кажа, што «трагедыя ўскалыхнула ўвесь горад».

«Мы ведаем, што мужчына пакінуў запіску, у якой напісаў, што ў жыцці ён не дармаед, і пакінуў квітанцыю пра сплату падатку за дармаедства. Чалавек усё жыццё адпрацаваў, да пенсійнага ўзросту, выйшаў на пенсію, атрымаў званне ветэрана працы, усё жыццё добрасумленна працаваў, — кажа Аксана. — І замест таго, каб жыць далей, карыстацца тым, што ён зарабіў, ён сышоў з гэтага жыцця».

Аксана апавядае, што і ў яе сям’ю прыйшло паведамленне пра «дармаедства». Яго атрымала 22-гадовая дачка. «Ёй 22 гады. Яна цяпер працуе. І ўвогуле працуе з 15 гадоў, — кажа Аксана. — Падатак яна мусіць плаціць у сувязі з тым, што ў 2015 годзе працавала менш за 183 дні». Дзяўчыну тады звольнілі з працы, і пэўны час яна шукала працу, якая ёй падабаецца. — «І мы мусілі заплаціць 150 рублёў. Я перажывала, вось Галіна Пятроўна ведае. Для мяне гэта было балюча».

Жанчына доўга разважае, якія добрасумленныя і працавітыя беларусы. «Мы маладая еўрапейская дзяржава. У якой дзяржаве Еўропы яшчэ такое ёсць? — пытаецца Аксана. — Закон абсалютна не прадуманы… У такіх умовах, калі дзяржава не можа забяспечыць людзей годнай працай, уводзіць падатак на дармаедства — гэта неабдуманы крок».

Чытайце па тэме:  В Берлине грузовик врезался в рождественскую толпу

Аксана ўспамінае Айвара як усмешлівага і прыязнага чалавека. «Высокі, прыгожы… Гэта быў шок, — кажа Аксана. — Гэта крок у нікуды. І гэты крок яму дапамагла зрабіць дзяржава».

Галіна Пятроўна кажа, што на працы ёй лягчэй перажываць гора. Быць дома ўсё яшчэ цяжка. Апавядае, што хоча атрымаць ад следчага хаця б копію запіскі, якую пакінуў яе муж.

«Я двойчы ўжо ў падатковую хадзіла, — са слязьмі кажа яна. — Думала, можа грошы гэтыя вернуць, 360 рублёў. Яны скапіявалі гэтыя дакументы, але — нічога. Нідзе праўды не дабіцца. Кажуць, такі закон».

Тэлефоны экстранай псіхалагічнай дапамогі

Менск:

Для дарослых — 290-44-44 (кругласутачна)

Для дзяцей і падлеткаў — 246-03-03 (кругласутачна)

Барысаў — (8-01777) 3-44-63 (з 15:00 да17:00)

Берасьце — (8-0162) 40-62-26, 20-15-55 (кругласутачна)

Вілейка — (8-01771) 5-14-98 (з 8:00 да 16:00)

Віцебск — (8-0212) 24-63-10 (кругласутачна)

Ворша — (8-0216) 21-00-19 (з 8:00 да 20:00)

Гомель — (8-0232) 37-91-91 (кругласутачна)

Горадня — (8-152) 75-75-15 (кругласутачна)

Жодзіна — (8-01775) 3-48-46 (панядзелак, серада, пятніца — з 16:00 да 20:00; аўторак, чацьвер — з 8:00 да 12:00)

Магілёў — (8-0222) 47-31 −61 (кругласутачна)

Маладзечна — (8-01773) 5-46-44 (з 8:00 да 20:00)

Полацак — (8-021144) 3-22-20 (з 8:00 да 20:00)

Салігорск — (8-01710) 3-02-98 (з 13:30 да 15:30)

Слуцак — (8-01795) 5-31-10 (з 8:00 да 17:00)