Улады Беларусі чакаюць статусу назіральнікаў у Парламенцкай канферэнцыі краінаў Балтыйскага мора

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Атрыманне Беларуссю статусу назіральніцы ў Парламенцкай канферэнцыі краінаў Балтыйскага мора можа адбыцца летам гэтага году на сесіі ў нямецкім Гамбургу.

Валерый Варанецкі

Валерый Варанецкі

Такую магчымасць у размове са Свабодай не выключыў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валеры Варанецкі.

Ён вярнуўся ў Менск з пасяджэння сталага камітэту Парламенцкай канферэнцыі краінаў Балтыйскага мора, якое прайшло ў Брусэлі.

«У сталіцы Бельгіі шмат хто казаў пра тое, што, бадай, упершыню дэпутат беларускага парламенту ўдзельнічаў у афіцыйным мерапрыемстве ў будынку Еўрапарламенту. Менавіта ў ім засядалі прадстаўнікі Парламенцкай канферэнцыі краінаў Балтыйскага мора. І я таксама бачу тут пэўную палітычную сімволіку пры ўсёй складанасці адносінаў паміж намі і Еўрапарламентам. Тое, што мяне запрасілі сюды, пра нешта ўсё ж гаворыць.

Тэматыка выйшла далёка за межы нашага звароту аб наданні статусу назіральніка. Бо на сустрэчу прыйшло шмат дэпутатаў Еўрапарламенту, у тым ліку і старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі. Па сутнасці, ішла дыскусія вакол таго, што адбываецца апошнім часам у Беларусі, пра нашы дачыненні з Еўропай. Казалі пра смяротнае пакаранне, пра выбары. Гучалі розныя меркаванні: і крытычныя, і станоўчыя. Але агульны сэнс быў такі — трэба развіваць дыялог, супрацу і праз гэта знаходзіць паразуменне».

Рашэнне надаць статус чальца альбо назіральніка ў Парламенцкай канферэнцыі краін Балтыйскага мора прымае Генеральная асамблея гэтай арганізацыі. Звычайна яна збіраецца раз на год. Бліжэйшае пасяджэнне пройдзе летам 2017 году ў Гамбургу.

Чытайце па тэме:  На «место» Гайдукевича-младшего в парламент изберут посла Воронецкого?

Беларусь ініцыявала далучэнне да Парламенцкай канферэнцыі краінаў Балтыйскага мора яшчэ ў 2009 годзе. Аднак тая спроба поспеху не прынесла, бо Нацыянальны сход Беларусі там не прызналі легітымным парламентам.

Вясной 2015 году з Менску прыйшла новая заяўка. Сталы камітэт канфэрэнцыі атрымаў ліст ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановай аб атрыманні статусу назіральніка, «каб беларускі бок меў магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях». Аднак ні ў 2015, ні ў 2016 гадах беларускае пытанне на сесіі не разглядалася.

Парламенцкая канферэнцыя краінаў Балтыйскага мора заснаваная ў 1991 годзе ў Хельсінкі. Статус сталага ўдзельніка ў ёй маюць Данія, Ісляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нямеччына, Польшча, Расея, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія, а таксама 5 міжпарламенцкіх арганізацыяў (Балтыйская асамблея, Еўрапейскі парламент, Парламенцкія асамблеі Рады Еўропы і АБСЕ, Паўночная Рада).