Валянцін Стэфановіч: Рэпрэсіўнасць дзяржавы нікуды не дзелася

Прымяненне мяккіх рэпрэсіяў не азначае іхнюю незваротнасць.

valentin-stefanovich-vyasna-novyy-ofis

Праваабарончы цэнтр «Вясна» прааналізаваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў 2016 годзе.

Якія тэндэнцыі ў галіне правоў чалавека пераважалі летась? Ці прывядзе змякчэнне рэпрэсій да іх паступовай адмены? З якімі выклікамі Беларусі давядзецца сутыкнуцца сёлета?

На пытанні Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» адказаў юрыст ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

— Са жніўня 2015 года, з моманту вызвалення палітвязняў, беларускія ўлады перайшлі на «мяккія практыкі», якія актыўна прымянялся і ў 2016 годзе. Найперш гэта звязана з адмовай уладаў прымяняць гвалт і арышты да ўдзельнікаў мірных пратэстаў. У той жа час колькасць штрафаў павялічылася ў 7 разоў у параўнанні з 2015 годам. Самае галоўнае — мы не бачым сістэмных і якасных зменаў на заканадаўчым узроўні. А мы якраз патрабуем сістэмных зменаў у заканадаўстве: сёння адна практыка, заўтра — іншая, а рэпрэсіўнасць дзяржавы нікуды не дзелася.

— То бок, змякчэнне рэпрэсіўных практык не азначае паступовую адмову ад іх.

— Немагчыма казаць, што змены, якія адбыліся, незваротныя. Больш за тое, улады не адмовіліся ад палітычна матываванага крымінальнага пераследу: 7 чалавек аказаліся пад крымінальным пераследам па палітычных матывах. Так, не выносіліся прысуды, звязаныя з пазбаўленнем волі, аднак людзі працяглы час знаходзіліся ў следчых ізалятарах.

Улады працягвалі выкарыстоўваць практыку смяротнага пакарання: чатыры чалавекі асуджаныя да вышэйшай меры, два прысуды яшчэ не выкананыя. У Беларусi спалучаецца правядзенне міжнародных канферэнцый на тэму смяротнага пакарання і адначасова прымяняецца смяротнае пакаранне на практыцы. Мне здаецца, улада робіць імітацыйныя захады, а не скіраваныя на ўвядзенне мараторыя.

Чытайце па тэме:  Сяргея Рыжова асудзілі на 6,5 года зняволення

— Чым выклікана памякчэнне рэпрэсій?

— Мы мяркуем, што гэта звязана з геапалітычнай сітуацыяй вакол Беларусі, якая аказвае моцны ўплыў і на ўнутрыпалітычную сітуацыю, і, адпаведна, адбіваецца на сітуацыі з правамі чалавека.

— Пакуль не бачна ніякіх прыкметаў, што ўлады хочуць адмяніць смяротнае пакаранне?

— Пакуль такіх сігналаў мы не бачым. Хаця некаторыя аналітыкі і міжнародныя праваабаронцы сцвярджаюць, што мараторый на смяротнае пакаранне можа быць уведзены. У некаторых постсавецкіх краінах рабілі менавіта так: перад увядзеннем мараторыя ўлады паскоранымі тэмпамі «вычышчалі» камеры смяротнікаў: ва Украіне перад увядзеннем мараторыя расстралялі ўсіх асуджаных да смяротнага пакарання, так рабілі ў некаторых сярэднеазіяцкіх краінах. Але прамых сігналаў мы не чулі, а па практыцы прымянення прысудаў відаць, што ўстановак на ўвядзенне мараторыю дэ-факта не было. Пасля першай канферэнцыі былі вынесеныя смяротныя прысуды, а перад другой канферэнцыяй трох чалавек расстралялі ў адзін дзень.

Асобна мы адзначаем прымусовую працу, якую беларускія ўлады актыўна выкарыстоўвалі ў 2016 годзе. Мы выстаўлялі на сваім сайце ўсе распараджэнні выканкамаў аб накіраванні людзей на сельгаспрацы, прыкладалі спісы канкрэтных прадпрыемстваў. А гісторыя з гібеллю 13-гадовай школьніцы ў Маладзечанскім раёне — яскравы прыклад прымусовай працы. Старшыня Маладзечанскага райвыканкама выдаў распараджэнне пра накіраванне супрацоўнікаў прадпрыемстваў на ўборку бульбы, РАНА прадублявала адпаведнае распараджэнне аб накіраванні навучэнцаў шэрагу маладзечанскіх школ і дзвюх маладзечанскіх гімназій на ўборку бульбы. А пасля ўжо дырэктар школы выдаў загад пра накіраванне школьнікаў на бульбу. Класічная схема — піраміда арганізацыі прымусовай працы.

Чытайце па тэме:  І тыдня не прайшло: Павел Вінаградаў зноў затрыманы і яго зноў будуць судзіць

Да такой працы традыцыйна прыцягваюцца асацыяльныя элементы ў лячэбна-працоўныя прафілакторыях, дзе фактычна яны знаходзяцца ў статусе зняволеных, хаця ніякага крымінальнага злачынства не ўчынялі, так званыя «абавязаныя асобы». Камітэт па сацыяльна-эканамічных правах ААН неаднаразова адзначаў гэтыя парушэнні і рэкамендаваў  ураду спыніць гэту практыку.

І, безумоўна, нельга пакінуць па-за ўвагай «дэкрэт пра тунеядства».

— З якімі выклікамі Беларусь можа сутыкнуцца сёлета?

— На развіццё сітуацыі будзе ўплываць вельмі шмат чыннікаў, якія не залежаць ні ад Беларусі, ні ад Лукашэнкі. Многае залежыць ад таго, як адаб’ецца на нашым рэгіёне прыход да ўлады Трампа, як будуць развівацца падзеі ў Расіі, ва Украіне — гэтыя фактары вельмі моцна ўплываюць на Беларусь.

Больш за тое, ходзяць чуткі пра магчымы канстытуцыйны рэферэндум у 2018 годзе. Калі папраўдзе канстытуцыйны рэферэндум улады вырашылі сумясціць з мясцовымі выбарамі, то напрыканцы 2017 года ўжо пачнецца электаральная кампанія.  А электральная кампанія можа прывесці да росту рэпрэсій у краіне — такое часта здаралася. Дарэчы, леташнія выбары не прывялі да хвалі рэпрэсій і праходзілі на больш лагодным унутрыпалітычным фоне, чым папярэднія кампаніі. Я не кажу пра адпаведнасць працэдур прынцыпам дэмакратыі і свабоды.

У якіх умовах можа можа праходзіць новы рэферэндум — невядома, але ён можа паўплываць і на ўзровень рэпрэсій, і на сітуацыю з правамі чалавека ў цэлым.

Чытайце па тэме:  Незаконная ликвидация
Система Orphus