Яшчэ 9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што законапаслухмяным «дармаедам» вернуць сплачаныя грошы. Аднак юрыдычна дэкрэт № 3 працягвае працаваць, а як вяртаць грошы за «падатак на дармаедства» у падатковых інспекцыях не ведаюць.

«Можа, у 2018 годзе вернем грошы»

9 сакавіка 2017 года, калі па Беларусі пракацілася хваля пратэстаў супраць дэкрэта прэзідэнта № 3, Аляксандр Лукашэнка прыпыніў спрэчны закон. Дакладней, даручыў не збіраць падатак цягам года. Таксама ён паабяцаў вярнуць грошы тым «дармаедам», што пайшлі працаваць.

Марш «недармаедаў» у Воршы

Марш «недармаедаў» у Оршы

​«Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на працу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы», — казаў Лукашэнка.

Насамрэч, вярнуць сплачаныя за «падатак на дармаедства» грошы сёння немагчыма. Ні пастаноў, ні законаў, аніякіх дакументаў на гэты конт не існуе. Нешматлікія выпадкі, калі людзі спрабавалі атрымаць назад сплачаны падатак, скончыліся нічым.

Пра адзін такі выпадак Свабодзе распавёў Леанід Судаленка, праваабаронца і прававы інспектар РЭП з Гомля. Да Судаленкі звярнулася кабета, якая заплаціла падатак, а пасля заявы Лукашэнкі паспрабавала вярнуць яго.

«Я дапамагаў ёй рыхтаваць зварот у падатковую інспекцыю, — кажа Судаленка. — Ёй штосьці няўцямнае там сказалі. Што зараз схемы вяртання няма. Калі яна будзе распрацаваная, то ў 2018 годзе яны вернуць грошы».

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Пры тым, што падатак на дармаедства аплацілі больш за 40 тысяч чалавек, вельмі нямногія спрабавалі вярнуць сплачаныя грошы. А ў суд увогуле ніхто не звяртаўся.

«Людзі, што заплацілі падатак — гэта не байцы, — кажа Судаленка. Яны не пойдуць судзіцца. Каб знайсці чалавека байцоўскага характару, які б пагадзіўся пайсці ў суд і запатрабаваў ад падатковай тыя грошы, я бы з задавальненьнем узяўся за такі кейс. Але няма такіх людзей».

Уладам лепш забыцца на гэты дэкрэт

Леанід Судаленка дапамагаў абскарджваць дэкрэт № 3 многім жыхарам Гомельскай вобласці. Ён кажа, што зменаў у заканадаўстве не было: быў толькі вусны загад Аляксандра Лукашэнкі.

«Дэкрэт дзейнічае ў тым выглядзе, што і ў студзені, калі падатковыя накіроўвалі „лісты шчасця“, — кажа праваабаронца. — Не норму закону выконваюць, а тое, што сказаў аўтар дэкрэта».

Пратэст супраць Дэкрэту № 3 у Бабруйску

Пратэст супраць дэкрэта № 3 у Бабруйску

​Гэтую інфармацыю пацвярджаюць у Міністэрстве па падатках і зборах. На пытанне, як вярнуць сплачаныя па дэкрэце грошы, на гарачай лініі міністэрства адказваюць, што гэта немагчыма.

«Нічога не было прыпынена, дэкрэт дзейнічае на цяперашні час, — тлумачыць кансультант. — Пакуль няма магчымасці вярнуць, бо ў нас няма дакументаў, на падставе якіх вяртаць грошы. Створана працоўная група, якая разглядае варыянты, як вяртаць грашовыя сродкі, якія раней сплацілі. Яны рыхтуюць праект».

Насамрэч не толькі праект, але і папраўкі ў дэкрэт мусілі быць гатовыя да канца сакавіка. Менавіта ў такі тэрмін Лукашэнка даручаў дэпутатам Нацыянальнага сходу перапрацаваць закон. І толькі 16 траўня ўрад стварыў міжведамасную рабочую групу, каб распрацаваць новую канцэпцыю дэкрэта № 3.

«Перспектывы дэкрэта? Казаў тады і зараз кажу: улада зліла гэты дэкрэт ва ўнітаз, і больш яна да яго не вернецца ў тым выглядзе, у якім ён існаваў, — кажа Судаленка. — Па-мойму, лепш забыцца на яго і стварыць новы дакумент».

Як варыянт ён прыводзіць ідэю страхавой медыцыны. Сэнс яе ў тым, што бясплатна трапіць у паліклініку ці шпіталь можа толькі той чалавек, які мае картку страхавых унёскаў.

«Такая цывілізаваная форма існуе ў Еўропе», — кажа Судаленка.

Да канца год ёсць час

Да 20 лютага «падатак на дармаедства» мусілі заплаціць тыя, хто працаваў менш за 183 дні ў 2015 годзе. Раз дэкрэт працягвае дзейнічаць без зменаў, значыць, павінны рыхтавацца спісы «дармаедаў» 2016 года. Але ці падлічваюць іх, так і не зразумела.

16 траўня Ўрад стварыў камісію, каб перарабіць дэкрэт

16 траўня ўрад стварыў камісію, каб перарабіць дэкрэт

​У раённых падатковых інспекцыях адмаўляюцца адказваць, ці рыхтуюць спіс леташніх «дармаедаў». Таксама, такой інфармацыі не ўдалося атрымаць і ў самім Міністэрстве па падатках і зборах.

«Па гэтым пытанні я вам нічога сказаць не магу, — адказалі Свабодзе ў прэс-службе міністэрства. — Дэкрэт, ён дзейнічае. Яго ніхто не адмяняў. Што тычыцца зменаў — гэта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Усё, што дэкрэтам прадпісана, мы выконваем, як адміністратары. Але мы не метадолягі дэкрэта».

У сваю чаргу, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, наадварот, раіць звяртацца да падаткавікоў.

«Інфармацыю збіраем не мы, а падаткавікі, — сказала Свабодзе Вольга Шцін, прэс-сакратарка міністэрства працы і сацыяальнай абароны. — Зараз праводзіцца праца над канцэпцыяй. Прыходзяць прапановы ад грамадзянаў: нам і тэлефануюць, і пішуць. Да канца года яшчэ ёсць час, і мы працуем».

Антон Трафімовіч, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.