«Падышлі двое. Пырснулі ў вочы з газавага балончыка, пальчаткі белыя насунулі, запіхнулі ў «варанок» і выкінулі ў лесе, каб тут не смярдзеў». Гарадзенскія бяздомнікі скардзяцца на бязмежжа міліцыянтаў, якія вывозяць іх за горад.

Белсат

Івана Пятровіча, які вось ужо 10 гадоў жыве на вуліцы, першы раз вывезлі і выкінулі ў лесе ўзімку. Выкінулі недалёка ад вёскі Парэчча за 30 км ад Горадні. Бяздомны пенсіянер мае праблемы са здароўем і цудам дабраўся да гораду ды застаўся жывы, паведамляе Белсат.

Другі раз «зачыстка» паўтарылася тыдзень таму, калі яго вывезлі разам з іншай бяздомніцай, Тамарай Вячаславаўнай. Чарговы вываз – 11 ліпеня, калі ў горадзе бушавала навальніца.

«Нас удваіх вывезлі, нават не глядзелі на нашу інваліднасць. Загрузілі ў варанок. Закінулі маю палку ўнутр. Кажуць, едзем у пастарунак на Тэльмана. А пасля глядзім – лес, я ж таксама не дурная. Побач кукуруза нейкая. Вёска. Што робяць, ваўкі?! Яшчэ і пасмяяліся. Выкінулі, як сабак. Іван падняцца не мог. Дык адзін міліцыянт кажа: «Х*й з ім! Нічога з ім не зробіцца!». Пнуў нагой і з’ехалі. А нам вяртацца. Навальніца. Лужыны паўсюль. А каму казаць? Каму скардзіцца? Усім да сіняй трубы гэта», – распавядае Тамара Вячаславаўна.

Тамара Вячаславаўна, бяздомніца. Горадня 12 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Афіцыйна нашыя суразмоўцы пражываюць на вуліцы Карскага ў Доме начнога пражывання. Звычайна, там начуе каля 50 асобаў. Цяпер будынак зачынены на акадэмічны адпачынак і бяздомныя спяць на прыпынку каля праваслаўнага сабору. «Аднак, відаць, давядзецца ісці ў іншае месца, каб не чапалі», – кажа спадар Іван.

Чытайце па тэме:  Да сямʼі Ігнатовічаў незаконна прыйшлі апісваць надзел зямлі і прымянілі сілу

«Мы як непатрэбныя элементы гораду. Вывозяць, каб ачысціць ад такіх людзей, як мы. Але мы – таксама людзі. Мы ўжо пенсіянеры. У нас унукі ёсць. А тое, што мы сядзім… Мы ж не лезем да нікога ў кішэнь. Харчуемся за сваю пенсію. Нікога не чапаем. Няўжо яны не могуць гэтага зразумець? Бязмежжа! Слёз бракуе», – кажа Тамара Вячаславаўна.

Іван Пятровіч, каля 10 гадоў бяздомнік. Горадня 12 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Мінулы раз выканаўцы «зачысткі» прадставіліся супрацоўнікамі Ленінскага РАУС. Як вынікае са слоў бяздомнікаў, іх выпадак не адзіны ў горадзе і дзеянні міліцыі таксама паўтараюцца з іх знаёмымі. Пры тым, што «вывазкі ў лес» пачалі практыкавацца цягам апошняга года.

– Даўно на вуліцы жывяце?

– Ай, існуем, а не жывем. А зараз сядзім і баімся, каб увогуле не закапалі.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.