Як «справа патрыётаў» паўплывае на стасункі з Захадам

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

У СІЗА КДБ сядзяць два дзясяткi чалавек, якіх грамадства называе патрыётамі, а беларускія дыпламаты працягваюць сваё еўрапейскае турнэ. Захад, нягледзячы на рэпрэсіі, не спяшаецца ставіць крыж на працэсе пацяплення стасункаў з афіцыйным Менскам.

Варшаву на днях наведаў Уладзімір Макей, а ў беларускую сталіцу завітала дэлегацыя польскага парламенту. Ці геапалітыка сёння становіцца важнейшая за каштоўнасці? – задаецца пытаннем Белсат.

Муж Насты Дашкевич Зміцер за еўрапейскія каштоўнасці ў Беларусі змагаецца амаль усе сваё свядомае жыццё і не раз прымяраў на сабе скуру палітвязня. Яго выпусцілі з СІЗА КДБ, Змітра абвінавачваюць па крымінальнай справе, а Наста чакала ягонага вызвалення разам з двума маленькімі дзеткамі з 22 сакавіка.

«Мара не вельмі разумее, што адбываецца, яна старэйшая і гэта мяне ратуе.

Яна проста лічыць, што тата недзе на працы.

Мы часта размаўляем пра тату. Калі тата намаляваў ёй малюнак, яна была вельмі радая. Яна кажа, што калі тата прыйдзе, і я яму пакажу, што тут напісана. Я не тлумачу ёй дзе тата, проста няма і няма».

Справа патрыётаў: за кратамі ўсцяж 19 чалавек

Тату Мары абвінавачваюць па гэтак званай справе «Белага легіёну» разам з трыццаццю іншымі беларускімі патрыётамі. Праваабаронцы кажуць, што ніякіх доказаў, апроч прапаганды БТ і «Савецкай Беларусі», няма, а таксама пра тое, што ў краіне неўзабаве могуць з’явіцца тры дзясяткі новых палітвязняў. Пра ўмовы, у якіх сёння яны перабываюць, распавядала расейскае тэлебачанне, калі ў СІЗА КДБ у 2013 годзе трапіў расейскі бізнесовец УладзіслаўБаўмгертнэр:

«Камера нагадвае труну памерам 3×3, і ў ёй няма ніводнага прамога вугла. Вузкае таніраванае акно, увесь час гарыць слабая лямпачка.

Праз дрэннае асвятленне пачынаюць балець вочы, псуецца зрок. Пасля першых содняў такога ўтрымання ў чалавека губляецца арыентацыя ў часе і прасторы.

Пасля такой апрацоўкі восем з дзесяці арыштаваных пагаджаюцца супрацоўнічаць са следствам».

Макей правёў некалькі сустрэчаў з калегамі

Пра гэта міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей не распавядаў сваім еўрапейскім калегам, калі ў сераду наведваў Варшаву. Галоўнага беларускага дыпламата запрасілі на сустрэчу кіраўнікоў вонкавапалітычных ведамстваў краінаў-удзельніц «Вышэградскай групы» ды ініцыятывы Еўразвязу «Усходняе партнёрства».

Чытайце па тэме:  Задержаны слонимские предприниматели

Ад размоваў з журналістамі Макей адмовіўся, але паспеў сустрэцца з міністрамі замежных справаў Харватыі, Польшчы, Румыніі, Украіны і нават зеўракамісарам Ёганэсам Ганам, які ў Бруселі адказвае за палітыку суседства.

Каментуе палітолаг Алесь Лагвінец:

«Няма палітычнай волі ў краінах Еўразвязу больш цвёрда ўдарыць кулаком па стале або прыпыніць вельмі кволую дынаміку, як яны кажуць, нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам, або ў гэтым выпадку паміж Беларуссю і Польшчаю».

Нягледзячы на рэпрэсіі, ў аўторак Менск наведала дэлегацыя польскіхпарламентароў, якую ўзначаліў адзін з лідараў польскага нацыяналістычнага руху дэпутат Сейму Адам Андрушкевіч. На сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў прысутнічаў і полькі амбасадар. Галоўная тэма размоваў была эканамічная супраца, але размаўляюць пра яе ўжо некалькі гадоў запар, а лічбы паказваюць адваротнае.

Цягам апошніх двух гадоў тавараабарот паміж Еўразвязам і Беларуссю зменшыўся амаль напалову.

Пацяпленне польска-беларускіх стасункаў пакуль таксама не перакладаецца на лічбы. У параўнанні з 2013 годам у мінулым тавараабарот зменшыўся больш чым на траціну.

«Эканоміка залежыць не толькі ад палітычных жэстаў», – кажа Казімеж Здуноўскі, старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты, – «Яна мусіць мець сваю ўнутраную дынаміку.

Калі ёсць перспектывы ў бізнесу, то эканамічныя стасункі развіваюцца. Калі няма, то можна прасіць дажджу, а дождж не ідзе».

Чаму Польшча заплюшчвае вочы на «справу аб масавых закалотах?»

Навошта Варшаве цягнуць Беларусь з рэжымам Лукашэнкі ў Еўропу, калі на эканоміку пацяпленне стасункаў не ўплывае? Слова бярэ журналіст польскай газеты Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі:

Чытайце па тэме:  Алексей Король: Мы очень надеемся, что Литва все-таки откажется от политического давления

«Кажучы адкрыта, мы хочам, каб расейскія танкі стаялі на 300–400 км далей ад Берасця, чым маглі б стаяць, калі б Лукашэнка пагадзіўся размясціць расейскі кантынгент і расейскую вайсковую базу на тэрыторыі Беларусі. І гэта самае галоўнае. Вядома, Польшча мае свае палітычныя і эканамічныя інтарэсы ў стасунках з Беларуссю, але бяспека – гэта самае галоўнае.

Запрашэння для Макея вырашылі ўсе ж не адмяняць, бо з пункту гледжання афіцыйнай Варшавы пытанні геапалітыкі ды ўнутранай бяспекі важнейшыя за ўнутраную палітыку Беларусі, нават калі гэта парушае дэмакратычныя каштоўнасці».

Наста Дашкевіч, падобна як і дзясяткі іншых жонак, братоў і сёстраў, не губляе надзеі на салідарнасць Захаду:

«Пазіцыя заходніх краінаў сёння вельмі важна. Чым публічнейшая і актыўнейшая яна будзе, тым будзе больш верагодна, што крымінальная справа пачне сыпацца, або скончыцца з мінімальнымі наступствамі».

«Вось такая чырвоная лінія – палітвязні. Калі гэтыя палітвязні будуць у Беларусі, тады вельмі цяжка будзе гаварыць пра нейкую супрацу з Еўразвязам.

Прынамсі на такім узроўні, які мы назіралі апошнімі месяцамі», – дадае польскі журналіст Міхал Патоцкі.

На справу патрыётаў пакуль афіцыйнай рэакцыі з боку Еўразвязу і ЗША няма. Відавочна, Захад чакае. Маўчаць і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Але ці пераканае Аляксандра Лукашэнку заходняя стрыманасць?