Закаранелае сяброўства

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Бельгіі Дыдʼе Рэйндэрсам проста разліваўся ў сімпатыях да Еўрасаюза. Разам з тым, апошнім часам «бацькавы» заявы наконт Расеі бывалі незадаволенымі і нават гнеўнымі. Ці сведчыць гэта пра змену геапалітычнай арыентацыі, пра разварот на Захад?

Вадзім Казначэеў, DW.COM

Лукашэнка назваў сябе прыхільнікам ЕС і заявіў: «Еўрасаюз – гэта наймацнейшы полюс поруч з Кітаем, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Еўрапейскі саюз – гэта моцная апора для планеты; калі яна знікне – будзе бяда».

Расею, заўважым, ён такім полюсам не назваў, як і знікненне РФ бядою для планеты.

Тымчасам начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС Эдуард Нікіцін заявіў, што праверка ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта зараз у самым разгары. Праверка, нагадаем, была распачатая па асабістым загадзе Лукашэнкі.

Крыху раней, на нарадзе, што транслявалася па БТ, палымяны спіч Аляксандра Лукашэнкі з нагоды газамалочных непаразуменняў з Расеяй, па сутнасці, з’яўляўся варыяцыямі той жа знакамітай формулы «Газ у абмен на пацалункі». Аднак дадаліся некаторыя цікавосткі.

Раней было – «Мы разам гнілі ў акопах». Сёння – «Нашы адносіны з Расеяй – гэта не бугалтэрыя. У іх аснове ляжыць нешта большае. І каб ацэньваць гэтыя адносіны, трэба сыходзіць у сярэдзіну мінулага стагоддзя, калі мы траціну насельніцтва паклалі, ведаеце за што».

Вось. А вы тут пра нейкія грошы.

А за што паклалі ж? Калі, па Лукашэнку, Дзень вызвалення Мінска – гэта «Дзень незалежнасці» – дык за сваю ж незалежнасць і паклалі.

Але дадаюцца яшчэ і пагрозкі з шантажыкам. Не зусім зразумела, праўда, чым.

А.Лукашэнка, на гэнай жа «нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны»: «Мяне больш за ўсё здзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзведзева. Нас, дарэчы, ужо палохаць пачынаюць, што газ мы будзем прыродны купляць па еўрапейскіх коштах. Тыпу таго, што будзеце плаціць не 150, а 200 даляраў … Мядзведзеў павінен разумець, што калі мы будзем плаціць, як у Еўропе, дык за сёе-тое яму таксама давядзецца заплаціць. І кошт будзе неймаверна вышэйшым за цану на прыродны газ».

І далей: «Калі мы будуем наш саюз – адзіную дзяржаву мы замахнуліся пабудаваць, – дык у нашых людзей і прадпрыемстваў, у бізнэса павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку».

А калі не будзе, дык што? Чым ён палохае (не Мядзведзева, вядома, але ж Пуціна без патрэбы ўзгадваць не з рукі)? Зменаю арыентацыі (геапалітычнай)? Тым, што адарвецца ад Расеі і сыйдзе на Захад?

Га, зараз!..

Не, што маецца на ўвазе менавіта гэта – намёк якраз досыць празрысты. Як інакш расцаніць згадванне «саюза – адзінай дзяржавы» ў звязку з пытаннямі цаны на газ і крыўдамі на нейкае несяброўскае стаўленне да беларускай прадукцыі. І што яшчэ разумець пад «неймаверна вышэйшым» коштам? «Яму давядзецца заплаціць» – гэта ж ясна, што не асабіста Мядзведзеву, якога Лукашэнка назваў сваім «закаранелым сябром». Ці то абмовіўся, маючы на ўвазе вядомы выраз «закляты сябар»; ці то гэты выраз усё ж занадта ў лоб, і ён абраў іншы… але ўсё адно, каго добрага «закаранелым» не назавуць. (Наагул, словазлучэнне атрымалася трапнае, і ніжэй мы да яго яшчэ вернемся.) Як бы там ні было, «бацька» і гэтым нюансам прадэманстраваў, што расейскага кіраўніцтва не баіцца і асаблівага піетэту да яго не мае.

То бок, не забывайцеся на тое, што ў выпадку чаго можам гэты «адзіны саюз» і кінуць (у абодвух сэнсах слова – і пакінуць, і пракінуць). І тады гэны газ адальецца вам горкімі слязьмі, – бо як жа ж вы будзеце без Беларусі, без апошняга хаўрусніка?!

Усё гэта, не забудземся, – на тле захадаў па замірэнні з Захадам. У рэчышчы якога і апошнія выказванні прыхільнасці да Еўрасаюза.

Скепсіс выклікае сама сутнасць сказанага, г.зн. рэальнасць гэтай прыхаванай пагрозы.

На маю думку, гэта можна азначыць адным словам.

Блеф.

Па-першае, Аляксандр Лукашэнка проста па сваёй ментальнасці – наскрозь homo soveticus. Савецкі чалавек па азначэнні арыентаваны на Маскву. А Захад для яго мо і прывабны, але малазразумелы і чужы.

Прыгадаем нядаўнюю «вялікую размову», падчас якой Лукашэнка наракаў: «У нас няма Крамля, Краснай плошчы – у нас яе забралі, нажаль. Красная плошча – мая таксама!» – такія фразы кажуць значна больш, чым незадаволенасць палітыкай Расеі па тых ці іншых аспектах ды крыўды на расейскае кіраўніцтва. З таго ж шэрагу – «нашы браты-расіяне», «наш рускі чалавек, з Уладзівастока» (падобнае гаварылася далёка не ўпершыню, ну дык тым больш). Наш рускі чалавек можа быць з Віцебску ці Гомелю, – г.зн. этнічна рускі, але наш, грамадзянін Беларусі. А вось з Уладзівастока – не, не наш, грамадзянін суседняй дзяржавы. Але для Лукашэнкі ўсё адзіна.

Можна, канешне, тлумачыць гэткія рэчы жаданнем спадабацца, падкрэсліць, што ён, нягледзячы на ўсе свары ды звады, «свой у дошку», – то бок, трактаваць як тыя ж «пацалункі», за якія ёсць імкненне атрымаць таннейшы газ ды іншыя пернікі і пэўная рацыя тут, безумоўна, будзе. Але ж не магу я ўявіць сітуацыю, каб Лукашэнка сказаў «наш польскі чалавек» ці «наш паляк» пра жыхара  Варшавы. Пра грамадзянаў Беларусі «гэта нашы палякі» ён казаў, што натуральна, а вось пра палякаў з Польшчы – немагчыма. Альбо нават пра літоўцаў, з якімі беларусы былі ў тым жа Савецкім Саюзе, што і з расейцамі, не кажучы пра шматвяковую агульную гісторыю. «Нашы людзі»? Якія яны нашы людзі.

Цяпер «бацька» за чарговым разам нагадаў, што Беларусь з Расеяй будуюць «адзіную дзяржаву». Як гэта стасуецца з тым, што ён «гарант незалежнасці» (пра што таксама шматкроць нагадваў)? а чорт яго ведае; у Лукашэнкавых прамовах гэтыя неспалучальныя рэчы – незалежнасць і «саюзная дзяржава» – спалучаюцца не першы дзясятак гадоў; ну, вось гэткі ён загадкавы. Прычым насамрэч, ясна, зусім ужо намінальны суверэнітэт БССР «бацьку» ніяк не задаволіць. Але за ўзор бярэцца менавіта «адзіны саюз». Ён зыходзіць са свайго інтарэсу? вядома ж! але тут няма супярэчнасці: савецкія людзі былі бескарыслівымі толькі ў савецкай літаратуры.

Канешне, калі б «саюзная дзяржава» зусім перастала б быць карыснай, а ў Еўропе былі б вялікія выгоды – Лукашэнка б пераадолеў сваю ментальнасць, каб не адна акалічнасць. Не толькі ж у тым справа, што заходняя цывілізацыя Лукашэнку чужая ўнутрана, арганічна. А і ён ёй: няма там месца дыктатарам. Так ці інакш, мусяць адбывацца і рынкавыя рэформы, і дэмакратычныя пераўтварэнні, якія вядуць да абмежавання ўлады першай асобы, стрымак ды супрацьвагаў, і ўрэшце да змены ўлады. Але ж нязменная, бескантрольная і неабмежаваная ўлада – галоўны прыярытэт, якога «бацька» заўжды прытрымліваўся паслядоўна ды няўхільна.

Брутальныя затрыманні са збіццём людзей пасля мірнай акцыі – прычым дазволенай уладамі! да таго ж у Дзень Канстытуцыі! – практычна адначасова з рэверансамі ў бок Еўрасаюза ёсць проста нонсэнсам.

Але спроба падавіць пратэсты для Лукашэнкі важнейшая за магчымасць атрымаць нейкія бонусы ад Захаду. Калі выйдзе іх атрымаць нягледзячы на гэта – добра. Калі не – што паробіш.

Таму нейкія па-дзіцячаму наіўныя надзеі – «Лукашэнка сыходзіць ад Расеі!», гэтаксама як і прагнозы тыпу «Беларусь выйдзе з ЕўрАзЭС, АДКБ і “саюзнай дзяржавы”» – проста смеху вартыя. Так, Беларусь выйдзе адтуль абавязкова. Аднак не за Лукашэнкам. Ну ці калі РФ стане распадацца ўжо пры ім (што, дарэчы, больш верагодна). Але ніяк інакш. Манеўраваць, дзейнічаць па прынцыпе «Ласкавае цяця дзвюх матак смокча» Лукашэнка, канешне, будзе спрабаваць – пры гэтым праяўляючы не столькі ласкавасць, колькі наравістасць. Глабальна нікуды ён з-пад Расеі не падзенецца. Застаючыся хай фанабэрыстым, шалапутным ды капрызлівым, але сатэлітам. Закаранелым, карыстаючыся Лукашэнкавым эпітэтам, сатэлітам.

Вадзім КАЗНАЧЭЕЎ, для Беларускай праўды