Суддзя суду Цэнтральнага раёну Аляксандр Піскуноў пакараў журналіста–фрылансера Кастуся Жукоўскага штрафам 30 б.а. за два сюжэты, якія выйшлі на тэлеканале “Белсат”: пра галодных свіней у адной з гаспадарак Рагачоўскага раёну і пра магчымасць кампенсаваць запазычанасць па аплаце жыльлёва – камунальных плацяжоў праз здачу другаснай сыравіны (паперу і пластык).

Фота: Ларыса Шчыракова

 

Журналіста судзілі па арт. 22.9 (“незаконны выраб прадукцыі СМІ”) КоАп РБ.

Падчас суду, у жартаўліва – саркастычнай манеры фрылансер паведаміў суддзі, што заўжды глядзіць БТ і слухае беларускага прэзідэнта, які галоўным сваім клопатам лічыць “хакей і гадаванне свіней”.

 “Я люблю Лукашэнку, асабліва яго вусы. Аднойчы, я даведаўся, што ў адной з гаспадарак у Рагачоўскім раёне галадаюць свінні, – распавядае ў судзеКастусь Жукоўскі. – Іх кормяць толькі 3 разы на тыдзень. Я гэтаму шчыра не даў веры, такога ж быць не можа, прэзідэнт не даруе, бо свінні  наша ўсё, не можа быць каб яны галадалі. Я праверыў, інфармацыя пацвердзілася. Я не мог не зняць сюжэт пра гэта, пакінуць без увагі гэту праблему”.

Не гледзячы на актуальнасць паднятых журналістам – фрылансерам праблемаў, суддзя Піскуноў прызнаў Кастуся Жукоўскага вінаватым у працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі і, нібыта, незаконным вырабе прадукцыі СМІ.

Фота: Ларыса Шчыракова

 

“Гэта чарговая спроба прымусіць мяне замаўчаць, не даць мне займацца журналістыкай, – пракаментаваў судовае рашэнне Кастусь Жукоўскі, – але, не гледзячы на ціск, я буду працягваць праўдзіва асвятляць жыццё ў Беларусі і праблемы звычайных людзей”.

Чытайце па тэме:  Судаленка: Ніхто ж не кажа, што сюжэты фрылансераў - гэта фальшыўкі

Журналіст мае намер абскардзіць рашэнне суддзі ў абласным судзе і падаць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Падтрымаць Кастуся Жукоўскага ды выказаць з ім салідарнасць прыйшлі грамадскія актывісты  і сябры гомельскай філіі БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў).

Ларыса Шчыракова, Гомельская Вясна

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: