Знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага?

Беларуская Праўда шукае партнёраў.

Сёлета ад 2 да 25 студзеня ў Вільні на пляцоўцы Гедымінавай гары падчас добраўпарадкавання тэрыторыі група археолагаў Літоўскага нацыянальнага музея (ЛНМ) знайшла парэшткі чатырох чалавек.

Фотаздымкі з сайта Літоўскага нацыянальнага музея

Фотаздымкі з сайта Літоўскага нацыянальнага музея

Археолагі вылучылі  гіпотэзу, што гэта могуць быць пахаванні паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Пра гэта паведамляецца на сайце музея.

Памерлыя былі пахаваныя не паводле традыцыі

«Падчас даследавання мы выявілі пяць пахаванняў, але поўнасцю раскрылі і даследавалі два. У першай магіле мы знайшлі парэшткі аднаго чалавека, другая магіла была групавая, у ёй былі знойдзеныя парэшткі трох чалавек», — сказаў старэйшы навуковы супрацоўнік аддзелу сярэднявечча і новага часу ЛНМ, археолаг Арунас Калеюс.

Як цвердзіць археолаг, памерлы быў пахаваны без труны і абсыпаны вапнай.

«Мужчына, знойдзены ў першай магіле, быў пахаваны ў вопратцы і ў скураным абутку з даўгімі халявамі да кален. Вопратка і абутак струхлелі. Лепш захаваліся толькі дэталі адзення — гузікі, спражка рэменя — вырабленыя з неарганічных матэрыялаў. Памерлы пахаваны на спіне, з выцягнутымі нагамі, мяркуючы па стане касцей — са звязанымі за спінай рукамі», — расказвае Калеюс.

У другой магіле знойдзеныя парэшткі трох мужчын, памерлыя таксама пахаваныя бяз трунаў, абсыпаныя вапнай.

«Двое памерлых пахаваныя на спіне, адзін побач з другім. Адзін з іх, паводле стану касцей, пахаваны са звязанымі за спінай рукамі. Трэці памерлы ляжыць на жываце, упоперак паверх двух першых. Гэта кажа пра тое, што памерлыя не былі пахаваныя належным чынам», — расказаў археолаг.

Чытайце па тэме:  Ни что не забыто: Литовский суд вызывает Горбачева на допрос

Прычына смерці памерлых пакуль што застаецца неўстаноўленая. У даследаваных магілах кулі не знойдзеныя.

Знойдзены медальён дазваляе вылучыць гіпотэзу

«У архівах Літоўскага нацыянальнага музея мы маем малюнак Уладзіслава Загорскага, на якім намаляваныя кветкі браткі, пасаджаныя паміж двума дрэвамі ў форме крыжа. Вакол кустоўе, а за ім вежа Гедымінавага замку. Археалагічных знаходак, якія б пацвярджалі, што на гары былі пахаваныя людзі, мы дагэтуль не мелі. Існавала легенда пра патаемна пахаваных паўстанцаў і пастаўлены ім крыж», — сказала дырэктарка ЛМН Біруце Кульніце.

Малюнак Уладзіслава Загорскага, які захоўваецца ў архівах Літоўскага нацыянальнага музэю

Малюнак Уладзіслава Загорскага, які захоўваецца ў архівах Літоўскага нацыянальнага музея

Побач з парэшткамі аднаго з памерлых знойдзены срэбны мэдальён, выраблены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Гэтая знаходка дазваляе археолагам вылучыць гіпотэзу, што памерлыя былі пахаваныя не раней за другую палову ХІХ стагоддзя. Паводле архіўных звестак, гэтыя парэшткі ўжо былі знойдзеныя ў 1915-1916 гг.

Таму выказваецца меркаванне, што знойдзеныя парэшткі могуць належаць удзельнікам паўстання 1863-1864 гг., пакараным смерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні.

Цяпер археалагічныя дадзеныя аналізуюцца. Нешматлікія знаходкі, выяўленыя падчас даследавання, кансервуюцца. Парэшткі перададзеныя спецыялістам-антраполагам Медычнага факультэту Віленскага ўнівэрсітэту. Толькі пасля даследаванняў з удзелам навукоўцаў розных галінаў можна будзе адказаць на пытанне, ці знойдзеныя парэшткі маюць дачыненне да ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг.

Гістарычныя звесткі

У 1863-1864 гг. На Лукіскім пляцы былі павешаныя або расстраляныя 21 удзельнік паўстання, у тым ліку яго правадыры — Зыгмунт Серакоўскі іКастусь Каліноўскі. Рашэнне закапаць целы паўстанцаў пасля экзекуцыі на Гедымінавай гары было б невыпадковае — так маглі спрабаваць схаваць месца іх пахавання ад іх блізкіх і ад грамадскасці. Пасля паўстання 1831 года на загад імператара Мікалая І на тэрыторыі Віленскага замку была абсталяваная крэпасць. Яна была закрытая і недаступная для грамадства аж да самага канца ХІХ стагоддзя.

Чытайце па тэме:  Из Минска до Вильнюса стоя: БЖД извинилась перед пассажирами

Версію, што на Гедымінавай гары пахаваныя паўстанцы 1863 года, вылучыў яшчэ ў 1904 годзе віленскі краязнавец Уладзіслаў Загорскі. Пазней у выданні «Przewodnik po Wilnie» ён сцвярджаў, што на Гедымінавай гары пахаваны правадыр паўстання 1863 году Зыгмунт Серакоўскі, а таксама ксёндз Станіслаў Ішора і Баляслаў Калышка.

17 жніўня 1917 года быў усталяваны крыж для ўвекавечання памяці С. Ішоры і З. Серакоўскага, аднак нямецкія ўлады ў той самы дзень крыж прыбралі.

Адноўлены ён быў толькі ў 1921 годзе. А ў 1925 годзе побач з крыжам былі ўсталяваныя дзве табліцы: адна з надпісам па-польску «Невядомаму жаўнеру», а другая з прозвішчамі паўстанцаў 1863 года, пакараных смерцю на Лукіскім пляцы.

У чэрвені 1940 году крыж памяці паўстанцаў 1863 года, які стаяў на Гедымінавай гары, быў прыбраны.

Радыё Свабода