Адзінаццатыя суткі шукаюць 10-гадовага Максіма Мархалюка, які знік у Новым Двары Свіслацкага раёну. Па-ранейшаму ніякіх слядоў Максіма ня выяўлена. Следчы камітэт завёў сёння крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК.

Максим Мархалюк. Фото «Свiслацкая газета»

 

1. Абставіны знікнення

Першыя паведамленні пра знікненне Максіма Мархалюка з’явіліся 18 верасня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю звярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і знік. Ужо а 22 гадзіне ў гэты ж дзень Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС. У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх слядоў.

2. Дзе гэта адбываецца

Усе падзеі адбываюцца ў вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёну на ўскрайку Белавескай пушчы. У сельсавеце Свабодзе сказалі, што хата Мархалюкоў стаіць на ўскрайку вёскі, побач з лесам. Мэтраў за 500 ад хаты ў лесе збудаваны шалаш, дзе Мархалюкі сушаць грыбы.

Ужо ў панядзелак 18 верасня на пошукі Максіма выйшлі ня толькі міліцыянты і супрацоўнікі МНС, а і настаўнікі ягонай школы, старшакляснікі, жыхары Новага Двара і навакольных вёсак, прыехалі валянтэры з розных гарадоў Беларусі.

3. Пра Мархалюкоў

Максіму Мархалюку 10 гадоў. Паводле міліцэйскай зводкі, ён выглядае на 8–9 гадоў, быў у сініх спартовых штанах, карычневым швэдры з капюшонам, вішнёвай безрукаўцы.

Маці Валянціна Мікалаеўна робіць тэхнічкай у школе, бацька Валеры Мікалаевіч — рабочы мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Спадарыня Валянціна сказала Свабодзе, што яны абхадзілі ў пошуку Максіма ўсё наваколле і днём і ноччу, агледзелі балота і закінутыя дамы, прачэсвалі лес, але безвынікова. Старэйшы брат Максіма Саша (скончыў ужо вайсковую вучэльню) сказаў, што брат папярэдзіў яго: маўляў, паходзіць толькі па ўскрайку лесу і вернецца дадому. Ён таксама кажа, што Максім адзін далёка нікуды не хадзіў, што ў той дзень ні з кім не сварыўся. Паводле Сашы, ягоны брат мог напалохацца чарады зуброў — там, дзе Максім пакінуў свой ровар і кошык, было багата зубрыных слядоў.

Чытайце па тэме:  Срок расследования по факту исчезновения Максима Мархалюка продлен до 4 месяцев

У першыя дні, як хлопчык знік, бацькі звярнуліся да варажбітак і экстрасэнсаў — тыя нібыта казалі, што хлопчык жывы.

4. Вэрсіі пошукавага штабу

Праз 10 дзён па знікненні Максіма Мархалюка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК.

Артыкул пастанаўляе пачынаць справу, калі цягам 10 дзён ад падачы заявы аб знікненьні чалавека выявіць яго месцазнаходжанне не ўдалося. Раней следчыя казалі пра адсутнасць прычын меркаваць, што хлопчык стаў ахвярай злачынства.

Асноўная вэрсія, якой на працягу дзесяці дзён прытрымліваліся ў пошукавым штабе, — хлопчык заблукаў у лесе.

Тэрыторыя лесу разбітая на квадраты, кожны з іх правяраецца. У штабе кажуць, што шукальнікі прайшлі да той максымальнай адлегласці, якую мог пераадолець хлопчык за гэты час. Па-ранейшаму ў пошуку задзейнічаныя верталёты і беспілётнікі з цеплавізарамі. Пошукі працягваюцца.

5. Галоўная небяспека ў пушчы

Паводле каардынатара шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Крысціны Басавай, якая двойчы выяжджала ў Новы Двор шукаць Максіма, самае небяспечнае для хлопчыка — дзікія жывёлы, непраходныя балоты і само надвор’е.

«За гэтыя дні мы сустрэлі і зуброў, і ваўка, і дзікоў, і казулю, — кажа спадарыня Крысціна. — На тыдні былі дажджы, мокра і студзёна. Гэта ўсё вельмі складана нават для падрыхтаванага дарослага чалавека».

6. Што кажуць людзі

Мясцовыя цвердзяць, што хлопчык падрыхтаваны і знікнуць у лесе так проста ня мог. Многія з месцічаў лічаць, што яго маглі напалохаць зубры, і дапускаюць, што ён там проста хаваецца.

Чытайце па тэме:  Пропавшего в пуще Максима Мархалюка объявили в международный розыск

Праўда, тыя ж мясцовыя дадаюць, што падобных выпадкаў у іх вёсцы ніколі раней не здаралася. Маўляў, і дзеці вясковыя добра ведаюць, куды можна пайсці, а куды ня варта. Пра Максіма кажуць, што з незнаёмымі людзьмі ён нікуды б не пайшоў і тым болей нікуды б не паехаў.

7. Маштабная пошукавая апэрацыя

Апэрацыю па пошуку Максіма назвалі самай маштабнай у Беларусі.

Праз тыдзень пасля знікнення Максіма ў Беларусі быў абвешчаны збор усіх шукальніцка-ратавальных атрадаў. У мінулыя выходныя ў пошуках хлопчыка бралі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Акрамя супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў, памежнікаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў МНС, у Новы Двор прыехалі шукальнікі з усяе Беларусі, валянтэры са Смаленскай вобласці і Літвы.

8. Неймаверная колькасць валянтэраў

Самая вялікая колькасць шукальнікаў назіралася ў выходныя дні. Па афіцыйных звестках, у суботу ў Новы Двор з’ехаліся звыш дзвюх тысяч шукальнікаў. Адмыслоўцы адзначалі, што многія людзі наагул ня мелі ніякага вопыту ў падобных апэрацыях, часам папросту ня ведалі, як сябе паводзіць і што рабіць.

Тым ня менш усіх разбілі на групы, кожная з якіх атрымала свой квадрат пошуку.

Валянтэры кажуць, што хадзілі лесам і балотамі па 10 гадзін, часам пад дажджом. Але ніякіх слядоў Максіма выявіць нікому не ўдалося. Каардынатар шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Крысціна Басава, нягледзячы на рознага кшталту недахопы ў арганізацыі, лічыць, што пошукі вядуцца на самым высокім узроўні.

Чытайце па тэме:  Дело об исчезновении ребенка. "С прогулки не вернулась" (видео)

«Так, напачатку былі праблемы і нават не было адзінага каардынацыйнага пункту, куды б сцякалася інфармацыя ад усіх пошукавых групаў. Але за вельмі кароткі час адмыслоўцы здолелі ўпарадкаваць каардынацыю і накіраваць людзей на пошукавыя мерапрыемствы. Здолелі накарміць людзей, абагрэць і даць месца для адпачынку. У гэтым удзельнічалі ўсе. Проста людзі насамрэч былі матываваныя на тое, каб знайсці Максіма», — сказала Басава.

Паводле Крысціны, тыя, хто ня змог прыехаць і дапамагчы ў пошуку, пераводзілі грошы на разліковы рахунак шукальніцка-ратавальнага атраду. І гэта, кажа яна, таксама вялікая дапамога.

9. Ці можа дзіця выжыць у лесе так доўга

Каардынатар шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Кірыл Голубеў, які сёння каардынуе працу шукальнікаў у Белавескай пушчы, кажа, што верагоднасць таго, што хлопчык жывы, рэальная. Паводле яго, былі выпадкі, калі чатырохгадовае дзіця, якое знікала ў тайзе, выжывала на працягу 10 сутак.

«Мы мяркуем, што хлопчык яшчэ жывы. Пошукі працягваюцца, ніякіх новых слядоў Максіма ня выяўлена, але мы верым і шукаем», — кажа Кірыл Голубеў.

Камандзір шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Сяргей Коўган сказаў Свабодзе, што апэрацыя мае статус пошукава-ратавальнай.

«Справа ў тым, што цяпер у лесе асабліва няма чым харчавацца. Я разумею, што паляўнічы яшчэ мог бы сабе здабыць ежу, але ж ён не паляўнічы, гэта ж толькі падлетак, і цяжка ўявіць, чым бы ён тут мог харчавацца», — кажа Коўган.

10. Апэрацыя працягваецца

Паводле афіцыйнай інфармацыі, 25 верасня ў шуканні Максіма было задзейнічана звыш 500 чалавек. Пошукі працягваюцца, ніякіх новых слядоў Максіма пакуль ня выявілі.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: