Як можна перакласці яго назву, колькі галасоў не хапіла для перайменавання сталіцы ў 1991-м, у чым Менск апярэджвае Лёндан і іншыя цікавосткі беларускай сталіцы.

Верхні горад. Ілюстрацыя Віктара Сташчанюка

 

1. «Менск» — ад Менкі, малой рачулкі?

Агульнапрынятая вэрсія паходжання назвы гораду — ад назвы ракі Менкі (па іншых крыніцах — Мені), прытоку Пцічы. Пры гэтым мала хто ведае, адкуль пайшла назва ракі. Гідронім для Беларусі рэдкі і мае індаэўрапейскі корань «мен» — ‘малы, слабы’. У сучаснай літоўскай мове ёсць прыметнік menka, які можна перакласці як «малая», «дробная», а старажытныя балты маглі назваць рэчку ‘слабая, неглыбокая’ (плынь).

2. Са старажытнага Менску паходзіла каралева Даніі

Гаворка пра Сафію Менскую (Валадараўну). 23 кастрычніка 1157 году менская князёўна ўзяла шлюб з дацкім каралём Вальдэмарам І. Усходнеславянскія крыніцы пра шлюб ня згадваюць, але паведамленні пра гэта ёсць адразу ў некалькіх заходнеэўрапейскіх летапісах.

Прыкладна ў той самы час у Менску пачалі будаваць хрысціянскі храм, рэшткі якога знайшлі савецкія археолягі ў 1949 годзе (цяпер ягоныя падмуркі закансэрваваныя каля Дому фізкультуры таварыства «Працоўныя рэзэрвы»). Ён моцна адрозніваецца ад тых, якія будавалі ў Полацку і Горадні, і больш нагадвае заходнеэўрапейскія храмы таго пэрыяду.

Менск 1820-ых гадоў

 

3. Назва «Юбілейная плошча» ўзнікла яшчэ ў 19 стагоддзі дзякуючы менскім каталікам

Здарылася гэта ў 1826 годзе, калі мясцовыя каталікі на тагачасным ускрайку Менску паставілі знак у гонар 1500-годдзя Нікейскага сабору (325 г.). А ваколіцы гэтага юбілейнага помніка пачалі называць Юбілейнай плошчай. Цяпер замест памятнага для хрысціян знака стаіць сучасны кінатэатар «Беларусь», навокал няма ніводнага старога будынка, але месца назву захавала, нягледзячы на дзесяцігоддзі атэістычнай савецкай улады.

Чытайце па тэме:  Фотофакт. В Минске ради удачного фото парень повис на балконе 26-го этажа

4. Менск ледзьве не перайменавалі ў 1991 годзе (а таксама падчас нямецкай акупацыі)

У 1991 годзе на хвалі дэмакратызацыі і вяртання да каранёў Менскі гарадзкі савет дэпутатаў накіраваў у Вярхоўны савет просьбу перайменаваць Мінск у Менск. Прапанову разгледзелі на паседжанні парлямэнту, і да перайменавання не хапіла ўсяго 31 голасу — «за» прагаласавалі 142 дэпутаты, а трэба было 173.

Так Менск афіцыйна застаўся «Мінскам». Назва гэтая, дарэчы, упершыню сустракаецца ў лацінскамоўных крыніцах 16 стагоддзя. З іх яна трапіла спачатку ў польскую мову, а адтуль — у расейскую. «Менск» ненадоўга вярнуўся на пачатку 20-х, а апошні раз у афіцыйных дакумэнтах беларускую сталіцу так называлі 29 ліпеня 1939 году.

Яшчэ быў цікавы эпізод з перайменаваннем Менску падчас нямецкай акупацыі. Новая адміністрацыя мела пляны адбудаваць разбураную сталіцу за 15 кілямэтраў ад тагачаснага Менску і назваць яе на скандынаўскі манер — Асгард. Вільгельм Кубэ ўхваліў намер, але на тым усё і спынілася.

5. Менск стаіць значна вышэй за ўсе суседнія сталіцы

Яго самы высокі пункт знаходзіцца на вышыні 283 мэтраў (дом № 8 па вуліцы Ляшчынскага). Самы нізкі пункт беларускай сталіцы — у Чыжоўцы на вадасховішчы: 181,4 мэтра над узроўнем мора.

Пры гэтым Менск размешчаны вышэй за Маскву (на 80 мэтраў), Кіеў (на 90 мэтраў), Вільню (на 110 мэтраў) і Варшаву (на 117 мэтраў).

6. Менск — сярод эўрапейскіх лідэраў па росце колькасці жыхароў

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Менск быў разбураны і моцна абязлюдзеў. У будучай сталіцы Беларусі засталося толькі 300 цэлых будынкаў і прыкладна 2000 жыхароў — столькі ж, колькі было на час першай згадкі ў летапісе ў 1067 годзе.

Чытайце па тэме:  Улады Менску хочуць знішчыць Ракаўскае прадмесце

Да пачатку 19 стагоддзя ў горадзе жылі ўсяго 7000 чалавек. У Вільні, напрыклад, у той жа пэрыяд было каля 50 тысяч жыхароў. Пасля Другой сусветнай вайны ў горадзе засталося толькі 44 тысячы. У 2017 годзе — прыкладна 2 мільёны, і колькасць працягвае павялічвацца. Цяпер сталіца Беларусі ўваходзіць у дзясятку самых буйных сталіц кантынэнту. А па прыросце насельніцтва яна на шостым месцы.

7. Цэнтральныя ўлады СССР доўга не хацелі даваць Менску званне гораду-героя

Горадам-героем Менск стаў толькі праз 29 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Такім чынам у Крамлі адзначылі заслугі менскіх падпольшчыкаў. Агулам званнем гораду-героя былі «ўзнагароджаныя» 12 гарадоў СССР. Першымі гарадамі-героямі сталі Ленінград, Сталінград, Севастопаль і Адэса (усе 8 траўня 1965 году), апошнім — Смаленск (6 траўня 1985 году). Згодна з палажэннем аб званні «Горад-герой» у Менску павінны былі пабудаваць абэліск у гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але такі абэліск у тагачаснай сталіцы БССР ужо існаваў — на колішняй Круглай плошчы, якая цяпер мае назву плошча Перамогі.

8. Туманоў у Менску больш, чым у Лёндане

У Менску туманы здараюцца часцей, чым у Лёндане. У сярэднім за год у сталіцы Беларусі бывае 67 дзён з туманамі. У Лёндане, «туманны антураж» якога вядомы на ўвесь свет, іх у сярэднім усяго 45. Часцей за ўсё туманы ў Менску здараюцца восенню і зімой, самы туманны месяц году — лістапад.

Чытайце па тэме:  КДБ затрымаў у Менску яшчэ аднаго грамадзяніна Украіны

 

9. Найбліжэйшы да Менску буйны горад — Вільня

Гаворка ідзе пра гарады з насельніцтвам больш за 200 тысяч чалавек, альбо абласныя цэнтры. Па блізкасці да Менску з Вільняй (183 км) можа паспрачацца толькі Магілёў (200 км). Іншыя абласныя цэнтры Беларусі яшчэ далей ад сталіцы. Пры гэтым мяжа паміж Менскам і Вільняй узнікла толькі ў ХХ стагоддзі, раней яе ніколі не існавала.

Акрамя Менску і Вільні такой (і нават большай) блізкасцю могуць пахваліцца толькі дзве эўрапейскія сталіцы — Вена і Браціслава. Паміж імі ўсяго 80 кілямэтраў.

10. Дзень гораду ў Менску пачалі святкаваць у 1772 годзе, тады яго адзначалі 6 лютага

Нагоду для гэтай традыцыі падаў менскі ваявода Крыштаф Завіша, які ў 1700 годзе быў у Рыме і прывёз адтуль частку мошчаў святога Фэліцыяна. Іх адразу змясцілі ў тагачасным езуіцкім касцёле (сучасны Катэдральны, што на плошчы Свабоды), і сам касцёл так і стаў называцца касцёлам Святога Фэліцыяна. Фэліцыянскай сталі называць і вуліцу, якая вяла ад касцёла на поўдзень (сучасная Камсамольская). Святы Фэліцыян фактычна стаў апекуном Менску, як святы Крыштап — Вільні. А 6 лютага гараджане пачалі святкаваць як Дзень гораду — у гэты дзень у будучай сталіцы Беларусі ладзіліся кірмашы, гулянні і забавы. Пры гэтым постаць Фэліцыяна была прымальная як для каталікоў, так і для праваслаўных — яго кананізавалі яшчэ да расколу хрысціянства.

Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.