У Гомелі 11 красавіка будзе вынесены прысуд жыхару Мазыра Андрэю Рабешку. Летась ён параніў нажом трох супрацоўнікаў АМАП і ГУБАЗіК. Мужчыну судзяць за спробу забойства міліцыянтаў пры выкананні імі службовых абавязкаў, а таксама за крадзеж зварачнага апарата і мыйкі высокага ціску. Што ня так у гэтай справе? На якія пытанні ня даў адказу суд?

Андрэй Рабешка

 

Мазырчук сцьвярджае, што абараняў сябе і жонку ад невядомых у чорным і масках, якія пад раніцу 30 красавіка 2017 году хітрасцю выбавілі яго з дому на двор, напалі і пачалі збіваць. Міліцыя стаяла на тым, што Рабешка — «закаранелы крымінальнік», «бандыт», «вельмі небяспечны тып», які спрабаваў вярнуць у Мазыры «ліхія 90-я», узначаліць мясцовых судзімых, наркаманаў, «займаўся махлярствам, крадзяжамі і вымаганнем». «У цяперашняй ягонай групоўцы былі неаднаразова судзімыя крымінальнікі», — пісала газэта «СБ. Беларусь сегодня».

Прычынай візыту сярод ночы да Рабешкі міліцыя пазней назвала падазрэнне ў крадзяжы зварачнага апарату і мыйкі высокага ціску агульным коштам больш за 1300 рублёў.

Сваёй віны Рабешка не прызнаваў і ў часе судовага следзтва, пра гэта ён сказаў і ў апошнім слове. Дзяржаўны абвінаваўца запатрабавала для падсуднага 21 год пазбаўлення волі.

1. Ці насамрэч быў крадзеж зваркі і мыйкі?

Андрэй Рабешка і другі фігурант справы, Аляксандр Падабедаў, сцьвярджаюць, што ня кралі тэхнікі, а вынеслі яе з кватэры з дазволу ўласніцы жытла. Здарылася гэта 28 красавіка, за два дні да затрымання. Сведка, уласніца кватэры, давала паказаньні на судзе, што ня ведае, каму належала тэхніка. А пацярпелы, на думку адваката, не даказаў, што тэхніка належала яму. Інфармацыя ў міліцыю пра магчымы крадзеж трапіла ў выніку апэратыўна-пошукавага мерапрыемства «Кантроль у сетках электрасувязі». Адвакат Рабешкі звяртала ўвагу, што ў гэтай справе адсутнічае санкцыя пракурора на правядзенне АПМ.

Чытайце па тэме:  Мазыранін у лісце з СІЗА: Пагражаюць расстраляць мяне пры спробе ўцячы

2. Рабешка — рэцыдывіст, рабаваў банкі ў Нямеччыне?

Праваахоўнікі сцьвярджалі, што Рабешка рабаваў банкі ў Нямеччыне.

Але апошняя судзімасць мазыраніна была пагашаная. У нямецкай турме, са слоў грамадзянскай жонкі Алены, Рабешка сядзеў за парушэнне заканадаўства аб дэпартацыі, і пасля вызвалення жыў у Нямеччыне восем месяцаў. За рабаўніцтва банкаў у заходнеэўрапейскай краіне наўрад ці даюць год турмы.

3. Ці абвінавачаны ўзначальваў у Мазыры злачынную групоўку?

Чаму тады яму не інкрымінуюць адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу і за кратамі цяпер знаходзіцца ён адзін?

4. Ці Рабешка рыхтаваў уцёкі, мог мець і ўжыць зброю?

Ён жыў у Мазыры навідавоку, не хаваўся, ездзіў забіраць дачку ў школу, грамадзянскую жонку з працы, ня быў у вышуку. Дзяржаўныя выданні пісалі, што міліцыя пайшла на начное затрыманне з прымяненнем фізычнай сілы, бо Рабешка мог мець і ўжыць зброю. Але АМАП быў на затрыманні без бронекамізэлек. Калі Рабешка рыхтаваў уцёкі, то як ён адначасова збіраўся ўзначаліць мясцовых крымінальнікаў?

5. Ці АМАП папярэджваў мазыраніна крыкамі «Стаяць, міліцыя»?

Ці сапраўды Рабешка наўмысна ўзяў нож і намагаўся пазбавіць жыцця супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ведаючы, што за гэта можа атрымаць смяротны прысуд? У адрозненне ад некалькіх гадоў пазбаўлення волі за крадзеж.

На першым пляне — пацярпелыя міліцыянты ў цывільным

 

Невядомыя ў чорным і масках зайшлі ў двор пад раніцу, пастукалі ў вакно і папрасілі выйсці гаспадара, бо «зачапілі тваё аўта, трэба разабрацца безь мянтоў». Калі Андрэй выйшаў, на яго напалі і пачалі біць. Абвінавачаны даваў паказанні: ніхто з нападнікаў ня быў у форме, не прадэманстраваў дакумэнтаў, не папярэджваў «Стаяць, міліцыя!». Крыкі самога Рабешкі «Памажыце, забіваюць!» чулі суседзі, адзін з іх, Віктар Крывіцкі, кінуўся на дапамогу з качаргой, і толькі тады пачуў ад невядомых «Стаяць, міліцыя!»

Чытайце па тэме:  Мазыранін у лісце з СІЗА: Пагражаюць расстраляць мяне пры спробе ўцячы

Пацярпелы міліцыянт Юрчанка на судзе заўважыў, што абвінавачаны не павінен быў здагадацца, што людзі ў чорным — міліцыя.

6. Ці Рабешка хацеў менавіта забіць міліцыянтаў?

Адвакат звяртае ўвагу на раненні міліцыянтаў: большая частка з іх ёсць лёгкімі, яны маюць розную лякалізацыю, што тлумачыцца менавіта хаатычнасцю нанясення пашкоджанняў. Паводле адваката, гэта сведчыць, што Рабешка не збіраўся менавіта забіваць супрацоўнікаў АМАПу.

7. «Крымінальны аўтарытэт» жыў у доме сваякоў грамадзянскай жонкі і ня меў свайго аўтамабіля

Андрэй Рабешка жыў з грамадзянскай жонкай Аленай у доме яе сваякоў, ён ня меў уласнага аўтамабіля — пазычаў паездзіць на час у свайго прыяцеля. Жонка працавала час ад часу на мясцовым рынку.

8. Чаму Рабешку нельга было выклікаць позвай, затрымаць удзень?

Для затрымання ў начны час міліцыя павінна мець абгрунтаванне, якога яны не прад’явілі. Згодна з рапартам начальніка 8-га ўпраўлення па Гомельскай вобласці ГУБАЗіК Аляксандра Зайца, датаваным 29 красавіка, быў пададзены запыт выдзеліць чатырох супрацоўнікаў АМАПу у цывільнай вопратцы, экіпіраваных штатным узбраеннем, на аўтамабілі з 9.00 29 красавіка да 18.00 30 красавіка. А супрацоўнікі Мазырскага РАУС пра крадзеж зварачнага апарата і мыйкі даведаліся толькі пасля абеду 29 красавіка — гэта не стасуецца з рапартам. Ён быў накіраваны начальніку УУС Гомельскага аблвыканкаму 30 красавіка, у 09.37, што значыць — узгадненне аб выпраўленні АМАПу адбывалася ўжо пасля начных падзеяў.

Чытайце па тэме:  Мазыранін у лісце з СІЗА: Пагражаюць расстраляць мяне пры спробе ўцячы

9. Супрацоўнікі мясцовага РАУС прыехалі на месца здарэння ўжо пасля затрымання Рабешкі

У адпаведнасці з мэтадычнымі рэкамэндацыямі аб плянаваным затрыманні злачынцаў, група АМАПу ў цывільным мусіла паведаміць у мясцовы РАУС і выклікаць на дапамогу нарад у форме, што пад раніцу 30 красавіка 2017 году не было зроблена, як і не было падмацавання ў выглядзе аўтапатрулю.

10. Падазраваных у крадзяжы затрымліваюць АМАП і ГУБАЗіК?

Згодна з загадам МУС ад 17.01.2017, асноўныя задачы АМАП — затрыманне асобаў, якія аказваюць узброены супраціў ці ўчынілі цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы, з’яўляюцца чальцамі арганізаваных злачынных груповак. Крадзеж, які інкрымінуецца Рабешку, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: